Пра карысць

Sep 15, 2013 13:25

Не так даўно, у размове з адным сябрам мы дайшлі да таго моманту, што ён выказаў такую думку: "кожны з нас кожны дзень павінен думаць, што карыснага ён робіць для сваёй краіны". Але, думка цікавая, аднак ён казаў гэта з такім сэнсам, што, маўляў, абсалютная большасць людзей нічога для сваёй краіны не робяць і нават не задумваюцца пра гэта. Я з ім спрачацца не стаў. Бо ў нас крыху розныя погляды на гэтую краіну. Ён глядзіць на яе з чыста нацыяналістычным настроем. І для яго свае рупліўцы і свае героі.
Я адразу задумаўся, а ці можна сказаць, што я нешта раблю для гэтай краіны, калі ацэньваць гэтую сітуацыю з ягонай званіцы? Я не ішоў на барыкады на пачатку 90-х, не клаўся грудзьмі за сімвалы, не зашываў сабе рот, не стаяў у намётах. Так, быў пару разоў на мітынгах, быў на Плошчы 4 гады таму. Атрымліваецца, карысці ніякай. Зрэшты, уся мая карысць - гэта беларуская мова з вуснаў, вось гэты дзённічак і некалькі вершаў. А кожную раніцу я еду міма МКАДа і бачу, як людзі збіраюць смецце. З пункту гледжання майго сябра, яны ніякай карысці не прыносяць? Наўрадці. Цяжка сказаць, хто больш патрэбны гэтай краіне: я са сваім дзённічкам ці гэты чалавек, які кожную раніцу збірае смецце і робіць зямлю чысцейшай? І на маю думку, цяжка сказаць, хто будзе больш патрэбны краіне: малады чалавек, які 5-10 гадоў прамаяўся на хіміі за "палітыку" і малады чалавек, які за гэтыя 5-10 гадоў стварыў сям'ю з дзеткамі, якія ведаюць, што яны беларусы.
Што Вы думаеце, сябры? Якую карысць Вы прыносіце краіне, на Вашу думку?

думкі, карысць, краіна, лёс

Previous post Next post
Up