Усё ж такі залікі - гэта часам карыснае баўленне часу.
Па меншай меры, гэта цікаўнае баўленне часу, хаця трэба мець неслабую вытрымку і моцную галаву. У нас сёння быў працяг гэтага "дзейства". Дамовіліся, што ўсё распачнецца а дзесятай раніцы. Але я крыху спазніўся, і, калі зайшоў у аудыторыю,то там яблыку не было дзе прызямліцца. Сядзелі 50 чалавек. Убачыўшы мяне, яны, відавочна, засумавалі. Не ведаю, чаму яны так мяне баяцца? :) І пачалася весялуха. Чаго мы толькі не наслухаліся за гэтыя 5 гадзін! Так, сядзелі ад дзесятай да паловы на чацвёртую, пакуль не выйшаў апошні. Не схлушу, калі скажу, што толькі за сённяшні дзень можна было б напісаць цэлы альтэрнатыўны падручнік па паліталогіі. Назва магла б быць прыкладна такой: "Паліталогія вачыма студэнтаў". Альбо такой: "Нябачны бок паліталогіі". Альбо, нарэшце: "Невядомая паліталогія". Я, на жаль, не паспеў запісаць усе геніяльныя перлы. Ды й без кантэксту гэта гучыць, вядома, не так шыкоўна і геніяльна. Агучу толькі некалькі запамінальных.
Вось задаю, напрыклад, пытанне студэнту пра тое, чым адрозніваецца кансерватызм ад лібералізма і што гэта агулам такое. І ён такі: "Кансерванты, яны.." Я спыняю: "Кансерванты?". Ён: "Кансерванты...Ну, кансерватысты гэтыя, яны..." Мы ледзь утрымаліся, каб не зваліцца там.
Другі студэнт цэлую гадзіну чытаў пра знешнюю палітыку і геапалітыку, але пытанне, "што такое НАТА?" не выклікала ў яго аніякіх рэакцый.
Трэці студэнт у адказ на пытанне "Якія тэорыі паходжання дзяржавы Вы ведаеце?" прапанаваў такі варыянт: "Ну, государства прилетели из космоса".
Самае вясёлае пачалося, калі я паспрабаваў выявіць, хто кіруе горадам Магілевам, ці ёсць у нас у горадзе выканаўчая і заканадаўчая ўлады. Спачатку выявілася, што Магілевам кіруе Урад, што ў нас свае міністры і ёсць нават міністр Магілеўскай вобласці. Фактычна, так ніхто і не змог сказаць, што ёсць выканкамы. А што такое Саветы дэпутатаў - тым болей.
Потым мы даведаліся, што прэзідэнт - гэта частка Урада. Што эпоха застоя - гэта пауза ў жыцці СССР. Проста пауза. Лектар пачаў скардзіцца, што 18 год яго жыцця былі паузай. Што Урад - гэта палата Прадстаўнікоў. Што 6 судзяў Канстытуцыйнага Суда прыязжаць з абласцей на працу. Што Прэзідэнт і Парламент з'явіліся ў 1991 годзе. Што плюралізм - гэта форма дзяржаўнага ладу. Што ўсе міністры сядзяць у адным пакойчыку. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ. Хоць ты на дыктафон для гісторыі запісвай.
А некаторыя проста сядалі і казалі, што нічога не рыхтавалі і не ведаюць, нашто прыйшлі. Нават самыя лёгкія пытанні ўводзілі людзей у ступар. Банальныя, простыя пытанні. Як вынік: у адной маёй групе з 27 чалавек на пераздачу пайшлі 14. У другой - з 28 - 14. Трэцяя здала поўнасцю.
Можна казаць што заўгодна. Мы нікога не валілі. Палова з тых, каму паставілі залік, ледзь два словы магла сувязаць і лагічна іх асэнсаваць. Сённяшнія студэнты-тэхнары не ўмеюць думаць. Іх агульны ўзровень развіцця катастрафічны. Ты можаш не цікавіцца палітыкай, аднак не здолець патлумачыць, што такое "ўлада", "дзяржава", "эліта", "партыя", "палітыка", "лідэр", "глабалізацыя", прабачце, гэта не ўзровень нават 11 класа.