Пра вяселле вачыма мужа

Jun 02, 2013 20:10

А зараз я крыху распавяду, што ж адбывалася ўчора і як гэта ўбачыў я.
Напярэдадні нявеста выгнала мяне да бацькоў, каб раптам не ўбачыў сукенкі да раніцы і яе прыгатаванак. Спалося мне ў гэтую ноч добра, хаця раніцою ўстаць было не так і проста. Маці ўстала крыху раней, бо ў яе ж таксама былі свае прыгатаванкі. А палове на дзесятую прыкаціў сведка. Я апрануўся, мы схадзілі за букетам, які, дарэчы, быў зроблены цудоўным чынам і потым у ЗАГСе я з гонарам адзначаў, што ён ледзь не найлепшы. Потым была дзіўная для мяне працэдура праводзін ад маці з асабістай іконай, і за дваццаць хвілін да адзінаццаці мы выехалі за будучай другой паловай. Тая нешта марудзіла і спачатку нават зайсці не дазваляла. Бацькі бегалі туды і сюды, мітусіліся, нерваваліся. Нарэшце я яе ўбачыў. Так, ледзь пазнаў :) Шыкоўная, неверагодная, гожая да жудасці. На нагах утрымаўся, падараваў букет. Дачакаліся да таго, што у ЗАГС выехалі толькі за 10 хвілін да цырымоніі. Па дарозе з машын пазляталі ўсе шары.
А ля ЗАГСа адбываўся бабілонскі гармідар. Дзесяткі машын, сотні людзей, крыкі радасці і слёзы шчасця. Знайшлі нашага фатографа і заскочылі ў будынак. Хуценька адзначыліся і разыйшліся па сваіх пакоях. У маім пакойчыку быў толькі яшчэ адзін жаніх. Але прабыў я там літаральна 3 хвіліны. Тут жа паклікалі. І павёў я нявесту пад марш Мендэльсона dans la salle rose. Пасярэдзіне залі ляжаў рушнік. Вядучая прыемным голасам пачала цырымонію. З яе вуснаў гучала прыемная і боская беларуская мова, аднак маё цела дрыжэла ад хвалявання і напружання. І толькі рука нявесты ў левай руцэ крыху супакойвала. Вось сказаны ўступныя словы і гучыць самае адказнае пытанне "Ці згодныя Вы?" спачатку для яе, а потым для мяне. І пасля таго, як адказам на гэтыя пытанні гучаць нашыя "Так", я крыху супакойваюся, разумеючы, што вось яно, шчасце. Яно прыйшло. А потым мы ідзем і апранаем адно адное кольцы. Каця таксама хвалюецца, не адразу знаходзячы патрэбную руку і палец. А потым нас віншуюць. І гучыць Гару, пад якога мы танчым наш першы сямейны танец. Можна паслабіцца і аддацца на міласць фатографа. Пакуль бацькі чакаюць за дзвярыма ЗАГСа з пялёсткамі. Праз дзесятак хвілін мы гатовыя выходзіць. Дзверы адчыняюцца, пялёсткі ляцяць, я падымаю нявесту на рукі, ледзь спраўляюся з ёйнай сукенкай. Мора, акіян пачуццяў.
І потым мы яшчэ больш за дзве гадзіны хадзілі і фатаграфаваліся. Даведаліся, што ў некаторых кавярнях Магілева забаронена фатаграфавацца. Трапіліся на вочы двум дзесяткам маіх студэнтаў. Пакармілі камароў і мошак. Каця падрапала пантофлю. Праз месяцы павінны атрымаць 250 файных фотаздымкаў. Потым было хатняе святкаванне, дзе было сказана шмат прыемнага і добрага. Перад тым нас сустракалі з караваем, рысам і водкай. Каця вельмі старалася, аднак я адкусіў болей. І бакалаў было шкада. Праўда, 4 яшчэ засталося. А яшчэ быў цудоўны торт і два лебядзі для кожнага з нас. А вечарам вырашылі не ехаць не ў якую вёску, а пайсці танчыць у клуб са сведкамі. Адкупорылі бутэльку рома "Бакардзі". Дзяўчынкам шмат не трэба было. Ром - файная рэч. Ім хапіла на ўсю ноч. Дадому вярнуліся а трэццяй.
Усё ж, гэтая нязвыклая цяжкасць на пальцы вельмі прыемная. Пачалося новае жыццё.

падзеі, мужчыны, жыццё сямейнае, вяселле

Previous post Next post
Up