Dec 20, 2012 20:06
Усё ж такі валодае сваім шармам і прыцягальнасцю гэты час... Калі ў студэнтаў раптам прачынаецца інстынкт студэнцтва і яны ўспамінаюць, дзе яны знаходзяцца. Калі ты прыходзіш ранкам на працу, а цябе чакае цэлы калідор расхваляваных асоб і індывідаў, а ты перад іх тварамі зачыняеш дзверы на катэдру. Калі гэтыя асобы потым карауляць цябе ўвесь працоўны дзень, ломяцца ў дзверы аўдыторый, калі ты вядзеш пару. Пры гэтым ім напляваць, што ідзе пара, іх пачуццё асабістай важнасці і значнасці дазваляе адказваць "І Что?" на маю рэпліку "У мяне пара!". Нічога, яны пачакаюць да званку і пачнуць закідваць мяне макулатурай, скачанымі з сеціва крыжаванкамі і тэстамі, завяраючы, што яны зрабілі іх самі і ім проста неабходна, проста варта паставіць аўтамат. Альбо, на благі канец, 36 балаў. А яшчэ прыходзіць адзін туркмен, які за семестр ні разу не з'явіўся на пары, але таксама жадае вучыцца далей. Ён зразумеў гэта, а значыць, у рэшце рэшт мне прыйдзецца пагадзіцца з ім. А яшчэ ёсць студэнткі, якія маюць амаль максімальныя балы, а потым нахабна спісваюць на рэйтынгу і самі страчваюць магчымасць маёй рэкамендацыі на "аўтамат".
Так праходзяць апошнія дні семестра. Я адчувае сябе папулярным, сапраўднай "зоркай, наш калідор катэдральны разбухае ад аншлагаў і піятэту, за мной ходзяць натоўпамі, мяне сустракаюць. Пакуль без кветак, аднак хто іх ведае? Вунь сёння нейкая цётка настойліва шукала нашу загадчыцу, а ў пакеціке ляжала каробка цукерак і яшчэ нешта. Мяне гэта не напружвае. Хай ломяцца, хай грукаюць, хай у канцы канцоў чакаюць. Я чакаў увесь семестр. Сённяшні студэнт, ён такі. За ім трэба даглядаць, яму трэба паказваць шлях у цмяным завулку вышэйшага кута адукацыі. Дзякуй небу, што азадак не трэба яшчэ падціраць, а вось усё астатняе трэба. І балы раздаць, і веды даць, і патанчыць, калі ўмееш, каб толькі ён не пазяхаў на семінарах. Яны яшчэ цябе жыць павучаць, метадалогіі і практыцы выкладання ў вышэйшай школе, скажуць, што твая мова не надтая, а замест адказаў у рэнтынгу напішуць радкі з розных песенак. Ці можна пасля гэтага скардзіцца на сумнае існаванне? Дзяўчынкі-эканамісткі зайдростна глядзяць на мяне, калі ў дзверы зазіраюць студэнты, якіх цікаўлю (о,неба!) я, а не яны. Лектар па паліталогіі прыходзіць пасля заліку ў маёй групе злы і паказвае ведамасць, дзе стаяць 5 "зачтено", а ў групе 27 чалавек. Прычым гэты чалавек у мінулым годзе ставіў амаль усім аўтаматы. Зараз ён крычыць, што яны зусім тупыя. А я кажу, што нездарма ў іх па 5-10 балаў за семестр.
Адно толькі не радуе. На "мыле" чакаюць болей за 50 лістоў, якія трэба хутка праверыць. І ляжаць рэйтынгі, якія трэба праверыць. І заўтра з раніцы мяне зноў сустрэнуць тэрарысты ў масках студэнтаў, якіх трэба выслухаць. Бо яны хочуць трапіць на канец света чысценькімі. А я хачу Новы Год.
існаваньне,
сьмешнае,
дні,
праца,
я