Да пытання мовы

Nov 23, 2012 19:06

Напісаў некалькі думак наконт папулярнага зараз моўнага дыскурсу.



Апошнім часам з новай моцу ўзнавіўся дыскурс, прысвечаны праблеме білінгвізму ў Беларусі. Напэўна, праблема гэтая вечная, таму час ад часу такія абвастрэнні будуць паўтарацца. І пакуль  яны будуць, можна не баяцца за нас, носьбітаў беларускай мовы.

За непрацяглы час на прасторах віртуальнага сеціва з’явілася адразу некалькі новых артыкулаў, прысвечаных гэтай тэме. Фактычна, у аснове ўсіх гэтых новых артыкулаў толькі два старыя пытанні: “Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску?” і “Ці можа існаваць беларуская нацыя без беларускай мовы”. Пытанні, несумненна, спрэчныя, дыскусійныя, пры гэтым абодва пытанні можна лічыць і рытарычнымі.

Дык чаму ж беларусы не размаўляюць на беларускай мове? Чаму каштоўнасць мовы не з’яўляецца натуральнай для жыхароў тэрыторыі Беларусі? Ці можам мы называцца беларусамі, калі не карыстаемся беларускай мовай? Калі прыгадаць самыя папулярныя варыянты, дык атрымліваецца, што людзі не размаўляюць па-беларуску 1. з-за таго, што ніхто не размаўляе; 2. з-за таго, што мы (яны) яе (мовы) не ведаем (-юць). Назавем адзін чыннік аб’ектыўным, другі - суб’ектыўным. Аб’ектыўна мы мовы сапраўды не ведаем, пра што сведчаць хаця б вынікі штогадовага цэнтралізаванага цэставання. Праўда, мы не ведаем ні беларускай, ні рускай мовы, што не дзіўна. Суб’ектыўна чалавек не можа так проста ісці супраць натоўпа і быць “белай варонай” у ім, змагацца з непаразуменнем, насмешкамі. У той жа час новая генерацыя беларусаў, што выхоўваецца ў тыпічнай беларускай сям’і, не здольная ці амаль не здольная трывала ўсвядоміць, нашто ім вучыць мову, на якой ніхто не размаўляе. Ёсць і яшчэ адзін чыннік, пра які не варта забываць. Гэта грамадскія стэрэатыпы, супраць якіх, на жаль, таксама трэба мець смеласць і моц змагацца.

Можна колькі заўгодна спрачацца пра беларускі нацыянальны менталітэт, пра тыя каштоўнасныя арыенцыі, што характэрныя для сучасных жыхароў Беларусі, але можна смела сцвярджаць, што такая каштоўнасць як “мова”, на жаль, сапраўды не ўяўляецца для іх самым галоўным чыннікам, па якому адбываецца суаднясенне сябе з той ці іншай групай. Мова - гэта не тое, з-за чаго тыпічны беларус гатовы пайсці на ахвяры ці на барыкады. Мова - гэта не норма, не закон, гэта хутчэй нешта абстрактнае, нават метафізічнае. Такія рэчы складана разумець. Беларусы паважаюць законы і нормы, але баяцца метафізычных сэнсаў. У нас не такое лёгкае жыццё, каб канцэнтраваць на такіх рэчах сваю ўвагу пастаянна. Вядома, тут усё залежыць ад канкрэтнага чалавека. Пры гэтым нельга забываць, што не ставячы мову тытульнай нацыі вышэй за астатнія нацыянальныя ідэнтыты, большасць сучасных беларусаў усё ж лічыць яе важнай каштоўнасцю як такой. Не для сябе, а як такой. Праўда, пры гэтым у гэтай большасці абсалютна не ўзнікае жадання карыстацца ў жыцці гэтай каштоўнасцю. Тут можна адчуць сябе нібы на аукцыёне, калі наведвальнікі ўражваюцца прыгажосці экспанатаў як такіх, аднак далей за ўражванні справа не заходзіць. “Узяць” ці “выкупіць” для сябе беларускую мову не пад сілу шмат каму.

Асэнсоўваючы той чыннік, што шмат хто не жадае карыстацца беларускай мовай з-за таго, што ніхто(на іх думку) навокал ёй не карыстаецца, можна прыйсці да думкі, што сучасныя беларусы, на жаль, у сваёй масе “прыстасаванцы”. Над імі непад’емным прэсам узнімаюцца грамадскія чуткі ды стэрэатыпы кшталту такіх, што беларуская мова - гэта мова ізгояў-выгнаннікаў, што беларуская мова - “мова калгасная”, на ёй размаўляюць нейкія вар’яты, суцэльныя апазіцыянеры, нацыяналісты, неадукаваныя людзі, што, фактычна, ад рускай мовы яна нічым не адрозніваецца. Некаторыя агулам беларускую мову ўспрымаюць у якасці нецэнзурнай лаянкі. Усё гэта, безумоўна, цісне на тыпічных людзей, для якіх мова выступае толькі ў якасці інструмента паўсюдных зносін, дзе на першае месца паўстае жаданне быць пачутым, зразуметым, быць такім як і ўсе, “сваім”. Сустракаюцца і тыя, для каго беларуская мова ў Беларусі выступае ў якасці замежнай мовы. Такіх людзей варта разглядаць як прадстаўнікоў чужынскай культуры, якія не здатныя зразумець, што на прасторах чужой культуры варта хаця б паважаць мову гэтай культуры. Гэткія сітуацыі сустракаюцца часцей за ўсё там, дзе рускамоўныя плануюць культурна дамінаваць. Здань вялікашавінісцкага імперыялізму так і імкнецца пужаць сабой увесь час. Паказальна ў дадзеным моманце прывесці да прыклада тых замежных грамадзян, якія, на працяглы час прыязжаючы ў Беларусь, вывучаюць беларускую мову. У іх не ўзнікае нават думкі, каб прыехаць у чужую краіну, не ведаючы мовы тытульнай нацыі.

А што ж тытульная нацыя? Ёй, вядома, не хапае прыкладаў. Прыкладаў высокага ранжыру і іерархіі. Агучка ў метро ды іншым транспарце - гэта адно, афарбоўка назваў вуліц і шыльдачак - гэта другое, аднак калі ЖЫВЫЯ людзі навокал не карыстаюцца мовай - гэта самае галоўнае. Калі няма каму паказаць, што беларуская мова не ёсць калгаснай, жудаснай, а ёсць мілагучнай ды прыгожай, самому надта складана зрабіць першы крок. Як бацькі расказваюць сваім дзецям, што варта і што правільна, так і дзяржава можа расказаць свайму народу пра ягоную мову. На дадзеным моманце існавання гэта ўяўляецца утопіяй, аднак у гэтым жыцці ўсё магчыма. А пакуль што дзяржава і грамадства даюць шанец кожнаму прыйсці да мовы самастойна.

Для першага крока, вядома, патрэбная смеласць. Асабліва, калі навокал ніхто не размаўляе. Першы крок - самае галоўнае, далей усё адбываецца нашмат прасцей. Самае галоўнае - навучыцца думаць. І знікнуць думкі, што ты адзін такі, бо пачнеш заўважаць астатніх людзей. І апынецца, што людзі, якія свядома карыстаюцца беларускай мовай - гэта людзі адукаваныя, разумныя, цікаўныя. Тут можна карыстацца рознымі паняткамі. Можна казаць пра субкультуру, можна пра эліту. Апошняе, канешне, больш прыемнае для слыху, аднак, у той жа час, можа адбыцца супрацьпастаўленне. Эліта павінна прызнавацца грамадствам, а не адмаўляцца. Папулярнасць цэтлікаў у сучасным грамадстве надта вялікая, аднак гэта не значыць, што цэтлік ёсць рэальным адлюстраванне рэчаіснасці. І тут мы павінны звярнуць увагу на яшчэ адную значную праблему, якую нараджае білінгвізм.

Неяк В. Акудовіч заўважыў, што ў вайне культур не можа быць перапынкаў. Беларускі народ шмат стагоддзяў знаходзіцца ў авангардзе гэтай вайны, так і не ўсвядоміўшы да канца, што адной з мэт гэтай вайны можа быць культурнае вынішчэнне яго, беларускага народа. Сёння на пытанне, чым адрозніваецца беларуская культура ад культуры рускай, ужо не кожны малады беларус зможа ўпэўнена адказаць. Глабалізацыя глабалізацыяй, славянства славянствам, аднак не ўпэўнены, што такую складанасць выклікае тое самае пытанне з заменай другога складніка на культуру украінскую. А калі ён, малады ці немалады беларус, не здолее адказаць на такога кшталту пытанні, то і не надта расчаруецца. Гэта можа азначаць толькі адное: справы ў вайне культур ідуць не лепшым чынам для культуры беларускай. Вынішчэнне беларускай мовы прывядзе да знішчэння асновы беларускай культуры, таго стрыжня, на якім яна спрадвеку будавалася. На жаль, большасць беларусаў ужо не здольныя зразумець гэтага.

Адной з прычын гэтага з’яўляецца тое, што беларускамоўная эліта не ставіць сваёй мэтай спробу навучыць разумець беларусаў вышэйадзначанае. Яна альбо проста адмяжоўваецца ад тых, хто не бачыць будучыні за беларускай мовай, тых, хто карыстаецца рускай мовай, хай нават і паважае беларускую мову, альбо адкрыта выступае супраць такіх людзей, альбо разлічвае толькі на прымусовую беларусізацыю. Аднак мала хто гатовы прымусова перайсці на іншы бок у гэтай вайне. Прымус - гэта заўсёды імпульс да супраціўлення амаль у любой сітуацыі. Прымус - гэта чарговая спроба вырыць да канца нашу культурную магілу.

З развіццём цывілізацыі зніжаецца культурны ўзровень звычайных грамадзян. Іх перастаюць хваляваць такія абстракцыі, як мова і этнічная належнасць. Таму самы час перастаць задаваць пытанні з гэтым самым розным “чаму”. Амаль любы адказ будзе проста выражэннем сваіх суб’ектыўных ідэй. Гэтая парадаксальная сітуацыя склалася аб’ектыўна. Надалей яна будзе альбо паляпшацца, альбо пагаршацца. Тут усё залежыць і ад усяго грамадства, і ад кожнага чалавека канкрэтна. Мы баімся, што нас не будуць разумець, што нас не будуць паважаць, на нас будуць глядзець інакш? Гэта ім трэба баяцца, што яны нас не зразумеюць. Беларуская мова не знікне. Яна проста не можа знікнуць.

Напрыканцы хацелася б узгадаць яшчэ некалькі слушных словаў. Беларуская мова - гэта шлях да разумення душы нашага народу. Кожная мова - гэта не толькі сродак выразу думак ў фізічным сэнсе. Кожная мова - гэта цэлы сусвет, што нясе ў сабе ўласную сістэму каштоўнасцяў, нясе ўнікальную ментальнасць, псіхалогію і ўнікальны код кожнага народу. Размаўляючы па-беларуску, мы пераўтвараемся ў сапраўдных Беларусаў з вялікае літары. Мы пачынаем адчуваць сябе самадастатковымі і ўнікальнымі, нічым не горшымі за іншых. У нас з'яўляецца разуменне яе вартасці, прыгажосці і той вялікае моцы, што хаваецца ў ёй. І тут усё залежыць ад кожнага.

думкі, пытаньні, Беларусь, мова

Previous post Next post
Up