Nov 08, 2012 15:01
Праходзім па паліталогіі тэму "Палітычныя партыі і грамадскія аб'яднанні". Як заўсёды, я прапанаваў студэнтам падрыхтаваць прэзентацыю якой-небудзь апазіцыйнай партыі, праўладнай і грамадскага аб'яднання. Звыкла выбралі Партыю БНФ, магчыма, пра яе болей за ўсё інфармацыі. Значыць, расказвае студэнтка, як у 1988 археолагі З. Пазняк і Я. Шмыгалёў раскапалі Курапаты. І тут я пытаю, а што такое Курапаты гэтыя? Яна маўчыць. Пытаю ў астатніх. Група (усе дзяўчыны, эканамічны факультэт) маўчыць, толькі адная ляпае: "А гэта птушка такая, хі-хі-хі". І ніхто не ведае. Ды й адкуль ім пра гэта ведаць? Затой яны ведаюць, што было ў ноч на 25 кастрычніка 1917 года, а зараз святкуецца афіцыйна 7 лістапада. А Курапаты? Курапаты для большасці сённяшняй моладзі анічога не значаць, як і для іх бацькоў. Нават калі я ім распавёў пра гісторыю гэтага помніка генацыду беларускай нацыі, іх гэта ані кранула.
людзі,
памяць,
гісторыя,
сорам,
норавы,
краіна,
моладзь