Sep 10, 2012 17:08
Вось ужо, на шчасце, завярнуў за паварот гісторыі першы працоўны тыдзень майго другога і апошняга працоўнага года па размеркаванню. Я вырашыў не пісаць ніякіх "дзённікаў", бо, пэўна, нікому гэта не цікава. Аднак ад гэтай працы не так лёгка кудысьці падзецца. Працую ў гэтым годзе на тую ж стаўку, праўда, усё роўна атрымалася болей груп. За два семестры ажно 36... Колькі новых сустрэч прыемных :) Пакуль што, між іншым, больш станоўчага. Хаця негатыву таксама хапае. Зусім слабых груп адна ці дзве, з цягам часу, можа, іх стане болей. Ніякага мандражу ў мяне і блізка няма, што сустракалася яшчэ ў пачатку мінулага году. Сёння, напрыклад, была група, дзе 29 хлапцоў і адная дзяўчына. Нічога, вытрымаў. Іншае пытанне, што я блукаюся ў думках, чым можна зацікавіць гэтых 29 хлапцоў, у якіх ні ў адным воку няма цікавасці і ўвагі да ўсіх маіх патуг. У яшчэ адной групе сёння было таксама 30 чалавек, аднак там сітуацыя нашмат лепей. Па-першае, большасць складаюць дзяўчыны, па-другое, усе слухаюць ці хаця б робяць выгляд гэтага. А на першай пары ледзьве не зубамі прыйшлося "выгрызаць" магчымасць весці пару па-беларуску. Як прычапіліся да мяне з рознымі пытаннамі, абвінавачваннямі ў "русізмах", ледзьве адчапіўся. Хаця, зноў жа, амаль ніякіх душэўных перажыванняў гэтая непрыемная дыскусія ў мяне не выклікала. Ці азначае гэта, што праца перастала ў мяне выклікаць нейкія эмоцыі? Магчыма, што і так. А, можа, я атрымаў досвед і стаў больш прафесіяналам.
БРУ,
універ,
студэнты,
праца