Тым, хто раптам адолеў першую і другую часткі.
Сталі думаць, што рабіць. Ні цягнікоў, ні дызеляў у бок Днепрапятроўска болей на сёння не значылася. Заставаўся толькі варыянт з Аўтавакзалам. Аднак адсюль да яго, як сказала N., далекавата, таму, не ведаючы дакладна, ці будзе аўтобус ці маршрутка, ехаць сэнсу не было. Зайшлі ў вакзал, дзе я спадзяваўся адшукаць якія-небудзь кантакты. Знайшоў толькі магніцік - і тое добра J. Усе надзеі заставаліся на N. Яна спачатку патэліла ці сястры, ці сяброўцы, якая доўга шукала для нас нумары аўтавакзала. Аднак колькі мы не тэлілі па тых нумарах, ніхто так і не адказаў. Гэта Україна! Мяне ж думка пра тое, што прыйдзецца вяртацца 3 гадзіны на СеўГОК зусім не радавала. А потым яшчэ ранкам уставаць і ехаць сюды. N. магла толькі пагуляць да вечара, бо ў яе ўжо былі нейкія кватаранты (хто ведае, што такое couchsurfing, зразумее). І тут яна зрабіла яшчэ адзін званок, вырашальны для мяне. Нейкі ёйны сябра вельмі часта ездзіць у Днепр (так тут называюць абласны цэнтр). Ён вельмі здзівіўся, што я вырашыў ехаць на дызелі, бо гэта “надта не прышпільна і доўга”, а потым сказаў, што побач з намі стаяць маршруткі на Днепр, якія ездзяць літаральна кожныя паўгадзіны. Асноўная праблема, што мне будзе складана туды ўціснуцца. Мы прайшлі 50 метраў і сапраўды знайшлі маршрутку. Было б смешна, калі б я вырашыў адсюль ехаць на аўтавакзал. Маршрутка была пустая, і кіроўца сказаў, што прыйдзецца гадзіну чакаць, пакуль набяруцца людзі. Праезд, дарэчы, не такі дарагі. За амаль 150 кіламетраў - 37 грывен. Для прыкладу, на дызелі - 22 грыўны за 4 гадзіны падарожжа. За гэтую гадзіну я якраз запоўніў інфармацыйны вакуум і пра Крывы Рог, і пра тое, чым тут займаюцца людзі, і пра Украіну. Не абыйшлося і без 0,5 літра піва.
А прыкладна ў 8 вечара мы ўжо ехалі ў Днепр. З жудасцю, праўда, я ўспамінаю гэтую дарогу. Ці можна яе ўвогуле назваць дарогай? Я спачатку баяўся, што буду хацець у туалет пасля піва, як гэта звыкла бывае, але пасля першых кіламетраў шляху я стаў баяцца, як бы чаго дрэннага не сталася з маімі рэчамі ў багажніку. Ехалі мы нібы і не ў маршрутцы. Такое адчуванне, што ў самалёце ляцелі праз турбулентнасць. “Кідала” добра. Асабліва недзе ў сярэдзіне дарогі. Толкам і паспаць не атрымалася. Вядома, што па такой разбітай шашы ехаць хутка было складана. Таму гэтыя 146 кіламетраў цягнуліся неймаверна марудна. За ўсю дарогу было толькі два ўчасткі добрага асфальту. Другі - перад самым Днепрапятроўскам. Да яго мы ўжо добра наскакаліся J. Але, на шчасце, з рэчамі нічога не здарылася.
Іншая справа, што прыехалі, калі сутонні запанавалі над горадам. Праўда, дызель прыехаў усяго на 15 хвілін раней. Высадзілі нас каля метро. Так, у Днепрапятроўску ёсць метро. Гэта было маё першае адкрыццё. Адразу ля метро знаходзіцца і чыгуначны вакзал. Я, праўда, спачатку спытаў у людзей, як дабрацца да вуліцы Герояў, на якой жывуць мае сваякі, але яны пачалі блытацца, казаць пра “героеў Сталінграда”, і я наўпрост набраў нумар цёткі Любы. Яна адразу пачала распытваць, дзе я. А я ўзяў і сказаў, што на чыгуначным вакзале, а яшчэ “тут стаіць Ленін”. Яна сказала, на якой маршрутцы ехаць, да якога прыпынку і што мяне сустрэнуць. А я тым часам, накіраваўся да таго самага “Леніна”. Аказалася, што гэта ніякі не Ленін, а нейкі Пятроўскі, у гонар якога названа плошча перад вакзалам. Гэта было маё другое адкрыццё.
Маршрутак з нумарам 152 было шмат, але я спачатку вырашыў зайсці на вакзал паглядзець расклад і, магчыма, адшукаць прыбіральню. Дарогу вытрываў, але зараз ужо было складана. Расклад знайшоў і сфатаграфаваў, а вось з прыбіральняй не ўсё было так проста. На вакзальнай плошчы не праціснуцца. Паўсюль налеплены розныя крамы, гандлёвыя цэнтры, ёсць тут і “Пузата Хата”, трамавайныя колі, стаянка. А прыбіральняў няма. Я, было, падаўся ў закуток, а там ажно шыльда вісіць, каб не смелі (гэта мягка сказана) выкарыстоўваць дадзеную плошчу ў адпаведнай якасці. Такога я яшчэ не сустракаў нідзе. Прыйшлося трываць.
Сеў у маршрутку. Здаецца, паўсюль на Украіне акрамя Чарнігава маршруткі каштуюць 3 грыўны. Адразу патэліў мой дваюрадны брат Сяргей, які і павінен быў сустрэць мяне. Сказаў, што выходзіць мне трэба на “Фантазіі”. І мы паехалі. Шчыра кажучы, горад мне адразу спадабаўся. Шмат святла, шмат гандлёвых цэнтраў, вялікіх крам. Адзін за адным праехалі некалькі аўтасалонаў. Асабліва ўразіў салон “Mazeratti”. Сустрэліся па дарозе і хмарачосы. Зноў жа, нават Мінску складана супрацьстаяць такому. Пра астатнія нашыя цэнтры цывілізацыі я і не ўспамінаю. Часам нават сорамна было прызнавацца, што ў абласным цэнтры Магілеве няма ніводнага “Макдональдса” і толькі адзін гіпермаркет. Хаця чаму сорамна? Я і не ем у такіх месцах кшталту “макдака”, але яго адсутнасць ці наяўнасць - гэта ўсё ж паказчык. Часам глядзіш у вочы магілеўцаў і жахаешся адсмутку ў іх. Горад не стварае ўмоў для таго, каб яны адчувалі сябе шчаслівымі, каб іх жыццё было напоўнена сэнсам, каб іх жыццё было напоўнена… Зараз іншы час, для падлеткаў “макдак” больш важны, чым бібліятэка. У яшчэ адным горадзе на Дняпры з гэтым праблем няма.
“Фантазія” апынулася даволі папулярным прыпынкам. Гэта такая кавярня. Я, праўда, заўважыў яе толькі на трэці і апошні дзень свайго існавання ў Днепрапятроўску. Праз момант я ўпершыню сустрэўся са сваім дваюрадным братам Сяргеем. Яму 35 гадоў. А яшчэ праз момант, калі мы зайшлі ў дом і падняліся на 7 паверх, я ўпершыню ўбачыў і сваю цётку Любу. На свой узрост яна зусім не выглядае. Гэта было незвычайна. Столькі новай інфармацыі, прыемныя перажыванні. Сустрэлі мяне цудоўна. Брат, праўда, адразу пайшоў спаць. А цётка і накарміла, і распытала, і ложак пасцяліла, і інструкцыі раздала.
Кватэра ў іх добрая. Мяне адразу ўразіў персідскі кот Адам. Ён варты ўвагі. Важны, пухнаты і ганарлівы. Потым я звярнуў увагу на вялікую колькасць кніжак. Пасяліўся я ў залі. Тут мне і кандыцыянер, і тэлевізар з мноствам каналам, сярод якіх я адразу выбраў футбольны. Выслухаў інструкцыі, якія тычыліся маіх планаў на наступны дзень, і лёг адпачываць. Адразу заснуць, праўда, не здолеў. Пакуль перагледзеў кнігі ў шафе, пакуль наглядзеўся футболу - і толькі тады заснуў. А на наступны дзень прачнуўся рана, толькі за восем гадзін раніцы мінуў час. Толькі ў кватэры ўсё роўна нікога ўжо не было. Толькі на стале ляжала запіска ды грошы…
Агулам я прабыў у Днепрапятроўску крыху болей за 3 дні. Можна сказаць, што амаль усё там і агледзеў. Першапачатковыя ўражанні даволі хутка адышлі на другі план. Фактычна і ў Днепрапятроўску асаблівых, класічных славутасцяў няма. Ніякіх старажытных цэркваў, касцёлаў тым больш, манументальных будынкаў, калі не лічыць некалькіх тэатраў, музеяў і жылых пабудоў, шукаць тут не варта. А вось на Днепр зірнуць абавязкова. Тут ён шырэйшы за Кіеўскі. Пра Магілеў зноў не ўспамінаю. Не дзіўна, што ў Днепрапятроўску адна з самых працяглых наберажных у Еўропе, калі не самая працяглая. Яе даўжыня каля 10 кіламетраў. У самым цэнтры ўсё цікавае і знаходзіцца. Напрыклад, востраў, на якім ёсць заапарк і акварыум. І пляж, але у Дняпры тут зноў жа купацца забаронена. Мост на гэты востраў увесь завешаны замкамі ад вяселляў. Выглядае вельмі цікава. Непадалёк знаходзіцца нешта кшталту сімвала горада: штосьці падобнае на пірамідку з мноствам прыступак, а ўверсе ў самым цэнтры - блакітна-зеленаваты шар. З ім ужо здараліся непрыемныя выпадкі. То разаб’юць, а потым 2 гады ўзнаўляюць, то п’яныя “фраера” паспрачаюцца, ці зможа адзін з іх забрацца на сваім джыпе да гэтага шара… Насупраць, праз дарогу знаходзіцца новы элітны раён з тымі самымі хмарачосамі, які ўразілі мяне ў першы вечар. Эліта можа сабе такое дазволіць. Выглядае даволі маляўніча. У тым жа раёне наберажнай знаходзіцца і амаль 100-мятровая лаўка, што ў якасці падарунка тутэйшым прэзентаваў “Кіеўстар”. На ёй ёсць розныя жалезныя фігуркі, а таксама “wi-fi”. Тут таксама можна адшукаць мноства кавярняў, рэстарацый, некалькі клубаў. Ноччу наберажная зіхціць міліёнамі рознакаляровых агнёў і яшчэ больш уражвае. Тут дарэчы ёсць адзін з трох (здаецца) у Еўропе рачных фантанаў. Ён знаходзіцца непасрэдна ў Дняпры.
А сам горад…ну як сказаць? Тыпічны савецкі рабочы горад. Здаецца, да 60-70-хх гадоў ён быў закрыты для замежнікаў, бо тут знаходзіцца “Южмаш”, на якім рабілі і робяць ракеты. Маецца некалькі вельмі буйных прадпрыемстваў, на якіх і трымаўся горад. Метро - амаль толькі назва. Тут усяго тры станцыі, і кожны новы мэр абяцае дабудаваць яго. А будаваць пачынаў яшчэ Брэжнеў, які непадалёк і нарадзіўся. Больш за ўсё непрыемна ўражваюць усе гэтыя савецкія назвы. Вуліцы, раёны, месцы. Гэта Вам не Заходняя Україна. Ленін таксама ёсць у горадзе, але ў цэнтры. А той Пятроўскі на вакзале, дарэчы, да горада таксама дачынення не мае. Ён проста быў сакратаром ЦК КПУ. І, як расказваў мне потым дзядзька, памяць пасля сябе пакінуў крывавую.
У першы дзень я пазнаёміўся са сваёй пляменніцай. Ёй зараз 16 год, толькі-толькі паступіла ў тутэйшую Медычную Акадэмію. Сустрэліся мы з ёю каля двух гадзін дня, калі я ўжо больш за гадзіну шпацыраваў ад мікрараёна Перамога-6 у накірунку цэнтра. Калі Вы мелі шчасце бываць у буйных гарадах Украіны, то, пэўна, для Вас не будзе сюрпрызам ведаць, што час ад часу там пасярод вуліц сустракаюцца сапраўдныя звалкі смецця. Я вось аніяк не звыкнуся з гэтым. Да таго ж наблукаў у чароце на пустыя шпрыцы. А з Аняй, пляменніцай, мы гулялі ажно да самага вечара. Яна шмат чаго расказала пра свой горад, пра сістэму адукацыі на Украіне, пра свае падарожжы і планы. Цікава, але цэнтралізаванае тэсціраванне там таксама ёсць. Толькі ў адрозненні ад нас і Расіі, максімум можна набраць 200 балаў. І зараз галоўнае: 100 балаў атрымліваюць ужо тыя, хто з’явіўся на тэст. Логіка! J Адметнасць! Тэсты яна здала цудоўна і прайшла без праблем на бесплатнае. А зараз павінна адпрацаваць практыку на карысць новай навучальнай установы. З ёй мы абыйшлі і наберажную, і той самы востраў, і на вакзалы паспелі, і ў “Пузату Хату”, і ў цэнтр. Пэўна, я яе стаміў і напужаў, бо болей са мной яна не гуляла J У Кіеў я вырашыў ехаць на цягніку, бо аўтобус апынуўся у два разы даражэйшым. На галоўнай плошчы праходзіў конкурс брэйк-дансу. Там кожны вечар праходзяць розныя конкурсы. А побач знаходзіцца гандлёва-забаўляльны цэнтр Мост-Сіці, даволі адметны будынак. Там месцяцца розныя крамачкі, буцікі, кавярні і вялікая кніжная крама. У гэтай краме я нарэшце знайшоў Сэлінджэра “Над прорваю ў жыце” і Мікалая Гумілёва. Набыў, праўда, толькі ў апошні дзень. Цікава, але кошты на кнігі тут значна адрозніваюцца ад нашых. Не такой рэдкасцю з’яўляюцца кошты ў 150-200 грывен за кнігу ў цвёрдай вокладцы. У нас такія каштуюць як мінімум у два разы танней. Так што час мне перастаць скардзіцца.
Ад усёй гэтай бегатні па горадзе я таксама дастаткова стаміўся. Мы развіталіся на плошчы, і хутка я быў дома. Там мяне чакала новае знаёмства - з дзяцькам Васілём. Ён толькі-толькі прыехаў з Бердзянска. Прывёз шмат смачных кавуноў і дынь. А на наступны дзень мы з ім селі ў машыну і паехалі на вялікую экскурсію. Не толькі па горадзе. Спачатку праз мясцовы аэрапорт з’ездзілі на дачу. Нядрэнная дача з шыкоўным выглядам на Дняпро. Побач знаходзіцца помнік мясцовай Фартэцыі, з якой у сярэдзіне 17 ст. Багдан Хмяльніцкі выгнаў прэч палякаў. А пасля дачы дзядзька Васіль яшчэ некалькі гадзін катаў мяне па гораду, паказваў усе раёны і расказваў усё, што ведае пра ягоную гісторыю. Вось тады я і пераглядзеў свой погляд на Днепрапятроўск J. Між іншым, мы схадзілі на так званую “Дыараму бітвы за Дняпро”. З вонкавага боку Гістарычнага музею ёсць спецыяльны аддзел, дзе знаходзіцца гэтая Дыарама. Што гэта такое? Уявіце сабе палатно памерам 7 метраў у вышыню і метраў 60 у даўжыню, дзе намаляваны адзін з ранкаў бітвы за Дняпро ў 1943 годзе. Прамаляваныя ўсе дэталі, твары. Калісьці 2 мастака з Расіі малявалі 2 гады гэтае палатно, а зараз людзі могуць паглядзець на бітву ва ўсіх дэталях. Ёсць на карціне і беларусы. Напрыклад, наша суайчынніца Нелі Кожухава, якая за адзін ранак вынесла больш за 70 параненых з поля боя. Як сказала экскурсавод, яна зараз жыве ў Барысаве.
Дадому вярнуліся ўжо пад вечар. А тут - няшчасце. Цётка захварэла. Таму ўсе мае планы па маляванню генеалогіі прыйшлося перагледжваць і пакінуць на наступны дзень. Затой з’ездзіў на вакзал, дзе набыў квіток на цягнік да Кіева. Квіткі былі толькі на 04.00 раніцы пятніцы, 17 жніўня. Мяне гэта не вельмі задавальняла, але выбару не было. Квіток пацягнуў на 71 грыўну, але месца абяцала быць прыемным. Калі вярнуўся дадому, з’явілася нарэшце магчымасць пагутарыць з братам. Размаўлялі амаль 2 гадзіны. А на наступны дзень прыйшлося падарожнічаць ужо аднаму. Гэты дзень пайшоў на тое, каб закупіць сувеніры, падарункі і іншыя рэчы. А вечарам нарэшце я распытаў і пра генеалогію. Цётка ліла інфармацыю няспыннам патокам, я толькі паспяваў запісваць. Спаць выдалася толькі 3 гадзіны. І тое з прыгодамі. Цётка паставіла будзільнік на 03.30. І калі прачнулася, то мы ўжо былі на вакзале J. Я прачнуўся ў 02.50, разбудзіў дзядзьку Васіля, і мы ў 3.15 выехалі. Але прыйшлося яшчэ адзін раз вяртацца, бо ён забыўся на правы. Усё роўна, на вакзале былі ў 03.45. Гэта Вам не Крывы Рог. У той жа час тэлефанавала цётка Люба, вельмі выбачалася за тое, што нібыта праспала. Выбачацца ёй не варта было, бо сустрэлі яны мяне шыкоўна, і гэтыя тры дні былі цудоўнымі і вельмі прыемнымі. Столькі новых знаёмстваў з блізкімі людзьмі! Людзьмі, якім ты, здаецца, не абыякавы. У такія месцы заўсёды потым цягне ізноў.
Калі па дарозе ў Адэсу мне заўсёды шанцавала, то вяртанне было не такім радасным. Як толькі я зайшоў у вагон і дацягнуўся да майго месца, мяне агарнула надта непрыемным смуродам. На суседнім месцы ляжаў, на першы погляд, клашар, а ягоныя голыя ногі былі пакладзены наўпрост на газеткі. Тыя ўжо пажаўцелі… А зверху дзяўчына паспяшалася мне сказаць, што “мне пашанцавала”. Некалькі хвілін я яшчэ пастаяў на пероне з дзяцькам, а потым ужо “адпачываў” у вагоне. Мой “прыемны” сусед ехаў ажно да Кіева. Адкуль толькі грошы ўзяў? Тая дзяўчына кудысьці збегла, а на яе месца прыйшоў малады чалавек. А зверху улёгся яшчэ адзін “смуродлівы”. Прыйшлося нават вакно адчыніць, з-за чаго я потым ніяк не мог нармальна спаць, бо было халаднавата. А праз плацкарту былі яшчэ адныя цікавыя людзі з сабачкай. Цікава вось што: калі я набываў квіток, перада мной быў нейкі мужык, які жадаў паехаць у Крым з сабакай. Дык яму прыйшлося выкупаць цэлае купэ, каб мець такую магчымасць. Такія, па яго словах, зараз правілы на Укрзалізніцы. А гэтая сямейка спакойна вязла сваю псіну ў плацкарце. Вось Вам і адказнасць! І павага да правілаў. І там усё так. Таму мы і маем магчымасць чуць прыемныя словы кшталту, “якія ў вас добрыя дарогі, які ў вас парадак, якая чысціня”. Добра, што хоць сусед зверху выйшаў праз пару прыпынкаў. Але гэтая дарога да Кіева мне запомніцца надоўга.
А ў Кіеве было не лягчэй. Я так загрузіў свае сумкі, што ледзьве іх цягнуў. Спачатку яшчэ і не ў той бок пайшоў. Хацеў адразу лезці ў метро ды ехаць да “Лясной”, ды кінулася ў вочы шыльда з цягнікамі, дзе свяцілася “Сімферопаль-Гродна”. Вырашыў рызыкнуць і паспрабаваць набыць квіток на цягнік да Чарнігава. Пацягнуўся ў вакзал. Спачатку зноў памыліўся з напрамкам, зайшоў не да тых кас, потым адарвалася жалезная бляшка на ручцы сумкі, прыйшлося яе цягнуць у руцэ, а не на плячы (добра, што хоць нічога не пабілася). Потым адстаяў чаргу, а выявілася, што на сёння квіткоў на цягнікі да Чарніга няма агулам. І зноў пацягнуўся да метро. На “Лясной” ледзьве дацягнуўся да маршрутак. Іх там было мноства. Я сеў ў аўтобусік. І праз хвілін дзесяць мы паехалі. Людзей было няшмат, і ўжо тут дарога склалася не так і дрэнна. “Квіток” каштаваў 40 грывен. Некалькі разоў за вакном намагаўся пачынацца дождж, але ў Чарнігаве ім напачатку і не пахла. Кіроўца чамусьці не завёз нас на вакзал, а высадзіў ля цэнтральнай плошчы. Зноў прыйшлося цягнуцца да прыпынку да маршруткі, дзякуй небу, яны тут амаль усе едуць на вакзал. На Аўтавакзал вырашыў не сунуцца. Захацелася пачакаць крыху больш за гадзіну гэтага самага дызеля Чарнігаў-Гомель. Надакучылі ўжо гэтыя маршруткі ды аўтобусы. У цягніках мне падабаецца болей як-ніяк.
За гадзіну чакання паспеў адпачыць, патэлефанаваць і ў Днепрапятроўск, і ў Крывы Рог. У Крывы Рог я тры дні запар спрабаваў датэлефанавацца з Дняпра, аднак так і не здолеў. Ці то з хатнім тэлефонам у цёткі Любы нешта, ці то я нешта рабіў не так. Цётцы яшчэ раз падзякаваў за цёплы прыём і паабяцаў прыехаць на наступны год. Бабуля была вельмі рада, калі пачула мяне. Сказала, што чакала і думала, што я забыўся. Сказала, што ў той дзень, калі я паехаў, памерла суседка… Ёй я таксама падзякаваў за ўсё і таксама паабяцаў вярнуцца на наступны год. Ужо не адзін. У гэты час за вакном пачаўся сапраўды лівень. Праўда, да цягніка ён скончыўся.
Гэты дызель нагадвае чымсьці вагоны агульны і сядзячы. Да мяжы прыходзілася цеснавата. А потым тры суседа-украінца выйшлі. І я застаўся сам-насам з рускім, які жыве ў Беларусі, а ездзіў на радзіму на Украіну. Здараецца і такое. Разгаворлівы трапіўся мужык. На мяжы нічога цікавага не адбылося. Мне паверылі на слова, што я вязу 2 літра алкаголя, для выгляду паглядзелі сумкі. На абсэнт увагі не звярнулі. А Каця так баялася, што з ім не прапусцяць, што заматала ў рушнік і схавала ў сакрэтнае дно. У якасці падарункаў я вёз бутэльку абсэнта (для сябе, паспрабаваць), дзьве бутэлькі кан’яка “Шабо” (для бацькоў Каці і для нас, у чароўны бар) і бутэльку “Хорціцы” (для бацькоў); уручную зробленыя цукеркі для дзеда і бабулі ад цёткі Любы; цыгары для бацькі Каці; шмат добрай гарбаты, каву і яшчэ розныя рэчы. Каля дзевяці вечара прыбылі ў Гомель. У мяне асаблівых варыянтаў не было, таму я набыў квіток да Жлобіна на бліжэйшы цягнік Гомель-Калінкавічы-Мінск. Ехаў зноў у агульным вагоне. Розныя трапіліся суседзі. У Светлагорску, напрыклад, паўвагоны занялі фанаты мясцовага “Хіміка”, што ехалі ў Маладзечна. Каб не сумаваць, пілі водку. У Жлобіне я з’явіўся у 02.20. Адразу накіраваўся да кас, каб набыць квіток на першы дызель да Магілева, а апынулася, што яшчэ раней меўся цягнік Гомель-Полацк, на якім я і прыбыў у 05.46 у Магілеў. А блізу да сямі раніцы быў дома. Такой вось атрымалася гэтая вандроўка. Дзеля статыстыкі хочацца паведаміць, што цалкам на розныя квіткі, не лічачы маршрутак і трамваеў, я патраціў 76960 рублёў і 422,27 грывен, што складае прыкладна 65 у.а. Шмат гэта ці не, каштуе тых фізічных выдаткаў, што былі зробленыя, вырашаць кожнаму з Вас ці Нас. Я ў гэтай вандроўцы лічыў у першую чаргу не грошы. І ехаў зусім за іншым. І лічу, што дасягнуў добрых вынікаў. Вынікі гэтыя вымяраюцца зноў жа не ў умоўных адзінках, а найперш у думках, пачуццях, інфармацыі для мозга і душы. А апошнія не вымяраюцца нейкімі там умоўнасцямі. Падарожжа найперш атрымалася цікавым, пазнавальным і важным. Каштоўным. Спадзяюся, не толькі для мяне. На ўскраінах дзяцінства заўсёды ёсць чаму павучыцца. Таму і вяртацца туды трэба як мага часцей…
19-27 жніўня 2012