Нашая міні-вандроўка ў Чарнігаў крыху зацягнулася, і я толькі гадзіну таму зайшоў у кватэру на Індустрыяльнай. Праўда, мы яе самі зацягнулі, але ўсё роўна не паспелі зрабіць (набыць) усяго, што планавалі. Але і без гэтага падарожжа атрымалася вартым і даволі цікавым.
Выехалі ў 7.30 у чацвер з Чачэвіч. Даволі хутка дабраліся да Бабруйска, потым да Жлобіна і Гомеля, але непадалёк ад мяжы пачаліся першыя прыгоды. Мы ехалі на машыне з украінскімі нумарамі, менавіта на той, на якой я пазамінулым летам паказваў маціным аднагрупнікам тамнічую Беларусь (
http://dzenik-kravina.livejournal.com/139219.html). Раптам Аляксандр заўважыў дзве "аудзі", якія на даволі высокай хуткасці абагналі нас. Вырашыўшы паказаць ім, што ён таксама "не лыкам шыты", ён дагнаў іх і, абагнаўшы адну, прыладзіўся за першай. Так ехалі хвілін пяць, але потым "аудзі" зноў пагналі, Аляксандзер рынуўся ўслед за імі, хуткасць дасягнула 150 кіламетраў - і тут дарога зрабіла віток, стала аднабаковай і з-за паварота мы ўбачылі, як другое "аудзі" спыняе ДАІ. Аляксандр у момант скінуў хуткасць, і мы праскачылі надалей, пакінуўшы парачку "аудзі" разбірацца з праваахоўнікамі. Болей мы іх не бачылі. Далей нас чакала яшчэ адное складанае выпрабаванне - мытня. Беларускую прайшлі хвілін за дваццаць. На "чырвоным канале" мышын было зусім мала плюс да здзіўлення нашых украінцаў ніхто ў іх нічога не правяраў. А вось потым мы пад'ехалі да мяжы украінскай. А там - чарга машын трыццаць. Амаль усе з беларускімі нумарамі. У выніку прастаялі цэлую гадзіну. Хаця Аляксандр выказваўся ў тым ключы, што можна было б і нашмат хутчэй праскачыць, вядома, заплаціўшы. Заплаціць яму ўсё ж прыйшлося за хуткае афармленне дакументаў. 100 грывен. Дакументы, праўда, аформілі не ўсе, таму прыйшлося яшчэ раз вяртацца. Задаволены тым, што нарэшце пераадолеў мяжу, ён адразу "ўключыў" ход і панёсся наперад. Несліся мы зусім мала: насустрач ехала машына мясцовага ДАІ і на хаду нас спыніла. Пашанцавала раней, а тут, на сваёй тэрыторыі, прыйшлося адказваць. Дакладней, плаціць. Мы былі першымі. Яшчэ 100 грывен. Паехалі далей. Зноў 120 у гадзіну. І зноў насустрач машына ДАІ. І зноў нас спыняюць на хаду. І зноў - штраф. І зноў 100 грывен. Жонка Аляксандра ў экстазе. Мы ўсе нярвова смяемся. Такіх сітуацый ніколі яшчэ не было. Далей, праўда, ехалі па правілах. І сустрэлі яшчэ 3 пасты. Напэўна, быў нейкі рэйд. І нам "пашанцавала".
Каля гадзіны прыехалі ў Чарнігаў. Вельмі хутка даехалі да дома яшчэ адных маціных аднагрупнікаў, да якіх на яшчэ адзін юбілей ехалі Аляксандр з жонкай. А мы яшчэ з вечара змянілі планы: вырашылі застацца ў Чарнігаве ночыць, каб не бегаць як звар'яцелыя па горадзе, а ў пятніцу спакойна паехаць на аўтобусе. Чаму на аўтобусе? Бо гэта значна танней. Напрыклад, аўтобус да Гомеля каштуе 35-37 грывен, а самы танны цягнік 77. Ёсць і за 130 грывен. Розніца відавочная. Але тут усё таксама залежыць ад шанцавання. Сёння на мяжы мы прастаялі таксама каля двух гадзін. І гэта на рэйсавым аўтобусе. Прычым мы так і не зразумелі, з-за якой прычыны мы стаялі. Ніхто фактычна нічога не правяраў, аўтобусаў было мала. А паспрабуйце прасядзець амаль дзве гадзіны ў аўтобусе ў такую спёку! Добра, што яшчэ аўтобус трапіўся нармальны. Кіеў-Магілеў, наш "Маз". Украінцы пускаюць у Гомель пажылых "Ікарусаў". Вось там, пэўна, пякельная спёка.
Мы пазнаёміліся з гаспадарамі, агледзелі іх дом,які ўразіў сваёй плошчаю, і пайшлі гуляць па Чарнігаву. Хадзілі мы з гадзін трох да дзесяці вечара. Паспелі наведаць і рынак, і абыйсці модныя буцікі, і паглядзець мясцовыя "сэканды", і зайці ў мясцовыя кавярні, і нарэшце зірнуць старажытную архітэктуру Чарнігава. На рынках адзенне і рэчы танныя, а вось буцікі нічым ад нашых не адрозніваюцца. Мастацкая архітэктура ў горадзе шыкоўная, можна сустрэць цэрквы і саборы ХІІ-ХІІІ стагоддзяў. Прыгожыя паркі. Праўда, што тычыцца звычайная архітэктуры, то тут варта сказаць, што ўсё налеплена, беднасць і сціпласць з'яўляюцца суседзямі яркасці і багацця, аднак ніхто гэтаму не надае асаблівай увагі. Шматпавярховікі суседнічаюць з прыватнымі дамамі, хапае драўляных неахайных дамоў, з усяго гэтага фарміруецца незвычайны кактэйль для нашага зроку. Я вось ніяк не магу прызвычаіцца да такіх украінскіх асаблівасцях. Яна, Украіна, заўсёды здзіўляе. Як прыемна, так і непрыемна.
Нахадзіліся мы добра. Але ж паспелі аглядзець увесь гістарычны цэнтр. Па-за ўвагай засталіся толькі некалькі цэркваў, што знаходзяцца ў іншых кропках горада. Да месца начлегу дабраліся таксама з прыгодамі. Ледзь не заблукалі. Але а палове на адзінаццатую прыйшлі. Ночылі на мансардзе. Спёка ў Чарнігаве стаіць страшная. Не першы дзень. Дажджоў няма зусім. Аднак людзі не скардзяцца. Перад сном яшчэ паспелі пагутарым з маладым пакаленне украінцаў пра жыццё. Усё звыкла. Раніцай нас разбудзілі пеўні, што спявалі амаль пад самым вакном. Хуценька паснедалі, падзякавалі гаспадарам за прыём і паехалі ў цэнтр. Там набылі яшчэ якое-ніякое адзенне, зайшлі ў прадуктовы супемаркет і прыляцелі на вакзал. Аўтобус быў не мясцовы, таму квіткі можна было набыць па прыбыцці альбо пасля адыходу яго з Кіева. Дзякуй небу, квіткі былі. Вольную гадзіну пабавілі на прывакзальным рынку. У выніку мы патрацілі каля 1700 грывен. Праўда, адзення набілі амаль чамадан, пачынаючы ад шкарпэтам і сканчваючы рубашкамі і джынсамі. Каця на шлюб набыла падарунак. Я прывёз яшчэ на спробу віскі (бурбон). Пра дарогу назад расказваць няма чаго. Спёка, мытня, Гомель, купэ да Магілева. Дарэчы, па дарозе дадому ў купэ пазнаёміўся з прафесійным трэнерам па жаночым футболе. Трэніруе каманду з Воранава. Дыялог атрымаўся канструктыўным, аднак не надта вясёлым. Яна, як і многія астатнія, не бачыць у гэтай краіне перспектыў.
А падарожжа нашае атрымалася.