Героі Элады

Jun 17, 2012 20:34

Наўрадці здагадваюцца грэкі, што яны ўчора вечарам нарабілі, перамогшы расіян на Нацыяльным стадыёне ў Варшаве. Для іх гэта як нацыяльнае свята :) Аднак гэтая іх перамога (у гэтым выпадку, праўда, мы павінны больш казаць пра паразку расіян) паўплывала на настрой яшчэ як мінімум чатырох нацый. Па-першае, вялікая руская нацыя, але тут усё зразумела. Па-другое, палякі, пэўна, задаволена паціраюць далоні. Няхай іх зборная праляцела міма плэй-оф, аднак самае галоўнае, што такі ж маршрут выпісала і каманда Расіі. У трэндзе апошніх падзей гэтыя дзве падзеі амаль ураўнаважваюць адна адную. Па-трэцяе, палова украінскай нацыі, пэўна, адчуваюць таксама шчасце і радасць ад паразкі расіян. Астатняя палова таксама радасна пацірае далоні, трымаючы ў думках, што калі б не гэтая падзея, то тысячы рускіх заўзятараў пераехалі б з Польшчы на Украіну, і самому небу вядома, што б яны тут рабілі. Ну і нарэшце, беларуская нацыя таксама не засталася па-за бокам такой падзеі. Вядома, што краіна наша падзяляецца на русафілаў і русафобаў (тут магчымыя розныя назвы). Але ж як учора радавалася нацыянальна арыентаваная частка нашай краіны! Якая там "братняя Руся"! "Давай, дасвіданія". І застаецца толькі здагадвацца, колькі літраў гарэлкі ці іншых алкагольных напояў выпіта ў гонар сціплых герояў Элады, колькі шчырых дзякавальных эпітэтаў выказана ў іх гонар, колькі яшчэ розных "колькі" зроблена, на першы погляд, звычайным суботнім вечарам. А нехта яшчэ кажа, што футбол - гэта калі 22 здаровых мужыка ганяюцца за адным мячом. 

гісторыя, падзеі, паразкі, футбол, Расія

Previous post Next post
Up