Nov 25, 2011 02:11
БАТЭ прайграў. Не тое, каб галоўны матч году, але амаль забяспечыў сабе спакойную вясну. І сапраўды, можа, трэба адпачыць. Учора на "Дынама" жоўта-сінія гульцы былі вельмі стомленыя, ледзьве соўваліся па полі і амаль не пакінулі шанцаў на тое, каб не быць аблітымі літрамі бруду з боку футбольных і не- заўзятараў.
У той час, калі стадыён зацягнула густым туманам, стала зразумела, што сёньня шчасьце ад нас адвярнулася. І павярнулася да той дваццаткі чэхаў на гасьцявым сектары, семнаццаці футбалістаў чэшскай каманды ды яшчэ дзесятка трэнераў і іншага персанала. Як яны радаваліся пасля фінальнага свістку, таньчылі ды коўзаліся. Як дзеці! Ці ўмеем радавацца так мы? Стадыён учора быў нязвыкла сонны і ціхі, хаця людзей было шмат. Некалькі хваляў, некалькі пераклічак, асобныя крыкі, адарваны ад народа фанацкі сектар - і ўсё. Мёрзлі ногі, туман рэзаў зрок. Затой я апрануў пакет-маечку, атрымаўшы хоць нейкую асалоду. Але гэтага было мала. Пасля матча была пустэча. Пэўна, і не было асаблівага расчараваньня, але не верылася. Дзеля чаго з усёй Беларусі ехалі ўчора людзі ў Мінск? Не настроіліся? Не хапіла сілы і майстэрства? Памылкі трэнераў? Няма годных замен? Лухта сабачая. Не веру. Хаця каго гэта зараз хвалюе. Учора мы сталі гасьцямі на чужым сьвяце.
БАТЭ,
думкі,
паразкі,
расчараваньне