3/4 N.R.M., ці "Я не Лявон"

Oct 15, 2011 01:16

"Яшчэ раз паўтараю, я не Лявон" - не першы раз за вечар Піт Паўлаў казаў у мікрафон. Сапраўды, як гэта не складана ўсьведамляць, былога і ўсім нам вядомага N.R.M. больш не існуе. Хтосьці кажа проста:N.R.M. без Вольскага - гэта не N.R.M. Я магу толькі сказаць, што зараз гэта проста ўспрымаецца неяк інакш, неяк незразумела, дзіўна, ненатуральна. Не хочацца варушыць тую гісторыю, аднак без сьляда яна ніяк не можа прайсьці. Дзякуй вялікі музыкам, што справа N.R.M. працягвае жыць, што мы можам чуць незабыўныя мелодыі і словы яшчэ мінулага стагодьдзя, актуальныя і любімыя сёньня. Аднак на працягу канцэрта, асабліва ў той час, калі Піт і Ка сьпявалі старыя песьні (я налічыў 11), мне ўсё ў думках успаміналіся запісы ў класічным фармаце гурта, і, між іншым, глыбока ў сьвядомасьці гучаў голас Вольскага, я несьвядома параўноўваў тыя запісы і сёньняшняе выкананьне. А часам проста здавалася, што вось зараз на сцэну выйдзе Вольскі, і мы гучна паляскаем у далоні гэтаму факту, музыкі абдымуцца і пачнуць феерыць. Ці ёсьць у іх крыўда на Вольскага? А ў Вольскага на іх? У новых песьняў, а іх было сёньня прасьпявана каля дзесяці, няма былое весялосьці, пазітыву, летуценнай рэальнасьці, а часам чуецца прыхаваны сум. Чагосьці не стае. Шмат чаго. Спадзяюся, гэта часова. Час лечыць. А 16 гадоў проста так забыць нельга. А феерыі хапала і так. Сапраўдныя прафесіяналы, людзі, для якіх важная кожная дэталь, пачынаючы ад сьвятла і да кантакта з аудыторыяй. Гэтага N.R.M. не страціць ніколі. Пад любой назвай. Дарэчы, гэта быў мой першы канцэрт N.R.M. 
Akute - зусім іншая справа. "Надзеі" Магілева трэба яшчэ шмат працаваць у поце і солі, каб дасягнуць у некаторай ступені ўзроўню N.R.M. І па прафесіяналізму, і па грамадзкае любові. Калі такое, канешне, у сучаснае Беларусі магчыма ўвогуле. Але прыемна адчуваць, што беларуская мова ёсьць і ў магілеўскім андэграўндзе, чаго так не хапае гораду зьнешняму. Той жа Яравікоў, на якога бацькі лаяліся за літары N.R.M. на джынсах, мог бы прадстаўляць гурты і на беларускай мове. 
Пры гэтым, самае галоўнае, што трэба адзначыць - у "Кубе" такія канцэрты нельга праводзіць. Катэгарычна. Такога дрэннага па якасьці гука я яшчэ не чуў. Перманентныя цяжкія фонавыя шумы, трэск і яшчэ розныя непрыемныя гукавыя факты як сьлед імкнуліся сапсаваць намаганьні музыкаў. Часам прыходзілася проста закрываць пальцамі вушы, каб нічога дрэннага не адбылося. Калі мы дадаем да гэтага неверагодна маленькую залю, то становіцца зразумелым мой тэзіс. У "Лізе" мне канцэрты падабаліся болей. Гэта, калі казаць пра Магілеў. Пра Менск я нават не ўспамінаю. І гэта мы кажам пра каманды, якія граюць рок, панк. Але праз месяц сюды прыедзе расійскі металкоравы гурт "Rashamba".
І некалькі фотаздымкаў напрыканцы.














думкі, музыкі, Беларусь, Магілеў, культура, успамін, канцэрты

Previous post Next post
Up