Jul 02, 2011 00:07
Адсьвяткавалі сёньня два сьвяты - і матулін Дзень Нараджэньня, і мой дыплом. Вось яна і ўспомніла выдатныя часы 20-30 гадоў таму, калі яны жылі і ні ў чым сабе не адмаўлялі. Не тое, што зараз. Праца дзядулі ў савецкай авіяцыі дазваляла так жыць, што бабуля нават і ў краму не хадзіла, а ўся кватэра была завалена футрамі ды дыванамі. Праўда, дома ён бываў рэдка, пастаянна быў у камандыроўкаў, то ў Запаляр'і, то на на Дальнім Усходзе, аднак кожны тыдзень салдацікі прыносілі пасылкі - то яблыкі, то рыбу чырвоную, то ікру. Калі дзеда праважалі на пенсію, людзей сабралося столькі, што маці думала, нібыта яны з усяго сьвета прыехалі. Сьвяткавалі тры дні, а потым яшчэ некалькі гадоў разбіралі падарункі, сярод якіх былі і рэдкія тэлевізары, і магнітолы і іншыя рэчы. Дзед заўсёды ўмеў дамаўляцца: і кватэру шыкоўную атрымаў у Крывым Розе, і гараж сам праектаваў. А былі яшчэ гектары агародаў, якія ён таксама сам засеўваў і араў. У выніку ў 1991 годзе ў бабулі накапіліся 75 тысяч рублёў, якія шчасьліва канулі ў лету. Дзед жа свае грошы амаль пасьпеў укласьці - у гаражы, ды ў машыны, ды ў тыя ж дываны. Кватэры матулі таксама абстаўляў сам. А яшчэ амаль заўсёды сам сабе ежу гатаваў, ды і ўсёй сям'і таксама - смачныя украінскія баршчы ды варэнікі. І нават у гаражы ў ягоным былі запасы цукру ды іншых прысмакаў. Пра гэта ведалі ўсе і часта заходзілі ў госьці:) А здаралася, што дзед з самога Маздока на верталёце прылятаў пад Крывы Рог у Аляксандраўку толькі для таго, каб узараць гарод сваёй маці. А потым ляцеў назад. Тады ўсё трымалася на ім.
Вось такі быў час. Не тое, што зараз:)
час,
успамін,
маці,
жыцьцё,
дзядуля