May 09, 2011 18:45
Ну вось. Учора з Арцёмам мы ўвесь дзень правялі ў горадзе Ельску, на мяжы Чарнобыльскай Зоны, ля мяжы з Украінай, на мяжы сэнсу і розуму :). Тытанічнай працай агулам зроблена 38 інтэрв'ю, напаўфармалізаваных, можна сказаць, па месцы жыхарства.
Цэлую ноч трасліся ў агульным вагоне Баранавічы-Жытомір з цікавымі суседзямі, у сем гадзін сорак хвілінаў раніцы ў поўным тумане высадзіліся ў гэтым маленечкім райцэнтры з колькасцю насельніцтва ў 9725 жыхароў. З-за тумана мы спачатку падумалі, што трапілі ў нейкую вёску, аднак пазьней усё крыху праясьнілася ў лепшы бок. Мы пасьнедалі сасіскамі ў цесце, якіх Арцём узяў ажно 18 штук і пайшлі шукаць камеры захоўваньня. Жудасна вялікая і страшная аўтастанцыя, на шчасьце, мела іх, аднак рэчы мы проста пакінулі ў пакоі касіршы, бо камеры тыя толькі для прыгажосьці стаяць. І пайшлі працаваць.
Ня ў той дзень мы прыехалі. Нядзеля тут - базарны дзень, і ўсё насельніцтва цягаецца туды-сюды, не звяртаючы больш ні на што ўвагу. Як апынулася, у Ельску хапае новых шматпавярховікаў (5-6 паверхаў), дзе суцэльна жывуць маладыя сем'і. Раніцай мы не рызыкнулі будзіць людзей, таму пайшлі шукаць "ахвяр" па вуліцах. Ля рынка вырашылі раздзяліцца...
Туман зьнік, яго замяніла пякучае сонца. Я нарэшце знайшоў хоць кагосьці. А потым адбылася сустрэча з мясцовым стражам парадку, які зацікавіўся, хто я такі і што тут раблю. Так цікавіўся, што я ледзьве стрымліваўся яго адыслаць далёёёка. Запісаўшы дадзеныя з майго студака, ён паехаў далей, а я працягнуў працу.
Так мы бадзяліся амаль ўвесь дзень, да 5 гадзін вечара, калі стома дала пра сябе ведаць. Пагулялі па цэнтру, і вярнуліся на вакзал-ы. Зайшлі ў мясцовую кавярню, выпілі мясцовага квасу. Падзяліліся уражаньнямі. Не такі і бедны тут народ жыве. Маладыя сем'і, амаль усе маюць нядрэнныя машыны і заробак. Але Арцёму горад не спадабаўся. Нейкія абыякавыя тут людзі, адсталыя ад рэальнасьці, на ўсё згодныя і задаволеныя усім.
Аднак я задаволены. Хоць і цяжка было, хоць і напружна, аднак з'ездзіў не дарма. Галоўнае, што хоць некаторыя гіпотэзы дыплома маюць права на існаваньне.
Дадому вярталіся доўга. Арцём папёрся ў Менск на тым жа цягніку, а я прыехаў у Магілеў. Заўтра класьціся ў шпіталь. Дадому прыйшоў у 3.05 ночы.
дыплом,
сацыялогія,
людзі,
ідэнтычнасьць