Jan 18, 2011 19:01
Рэальнасьці і рэчы маюць дрэнную асаблівасьць забруджвацца і пераўтварацца ў сьметніцу. Яскравыя прыклады - далькажык, кампутар і кватэра.
З якім часовым прамежкам Вы праглядаеце свае далькажыкі з мэтай знайсьці там непатрэбныя кантакты, выдаліць старое, дадаць новае? Не так даўно, заглянуў у свой "сотавы", дык нават ня здолеў успомніць некаторыя "кантакты" (цікавая дэфініцыя для жывых людзей). Павыдаляў амаль трацьціну ўсяго сьпісу - выпадковыя знаёмыя, страчаныя людзі, расчараваньні. Зрэшты, нумароў засталося не так і шмат, аднак і гэта не канчатковы варыянт. Некаторыя нумары я проста не магу выдаліць, бо гэта - успаміны. Успаміны лініямі лёсу.
Лэптоп, кампутар - яшчэ больш складаная рэч. Бо зразумела, што кожны імкнецца зрабіць так, каб гэты "кусок жалеза" найбольш адпавядаў свайму гаспадару, а значыць, чым больш замусолены і брудны "кусок жалеза", тым больш замусоленая душа яго гаспадара. Кілабайты, а выдаліць складана. Бо калі выдаліш, дык, пэўна, ужо не ўзнавіш.
Праўда, у адрозьненьні ад некаторых у мяне хоць працоўны стол амаль чысты.
Ну а кватэра...Толькі што маці даказвала мне, што не варта выкідваць скрыні з-пад абутку, бо яны ёй спатрэбяцца. І гэта толькі скрыні з-пад абутку. Яшчэ яна калекцыянуе каробкі з-пад цукерак, пакеты, адзеньне. Хаця я сам з болем выкідваю сваё адзеньне. Затой Сафія праблем з гэтым не мае ніякіх. Дагэтуль памятаю, як яна ў Чачэвічах вынесла на свалку кілаграмы "сьмецьця", а маці потым хадзіла і насіла ўсё назад:-).
А што выдаляць/выкідваць, мабыць, яшчэ спатрэбіцца. У Чорны дзень...
бруд,
кампутар,
дом,
жыцьцё,
далькажык,
хваробы