Адзнакі алімпіяды

Mar 02, 2010 00:19

 
Учора скончылася зімовая алімпіяда ў канадзкім Ванкуверы.За адсутнасьцю магчымасьцяў я назіраў яе ў асноўным онлайн-нэтава. Акрамя нашых спарцменаў (і тых, каго можна палічыць апошнімі), досыць заўзяў за нямецкіх алімпіёнікаў.
Беларусь на гэтай алімпіядзе, на першы погляд, скокнула вышэй галавы - ажно тры медалі ўсіх якасьцяў. Іх нам прынеслі Аляксей Грышын у "ісцінна беларускім" фрыстайле, і Сярожа Новікаў з Дашай Домрачавай у біятлоне. Шчыры дзякуй нашым медалістам. Яны проста і непроста малайцы.Ёсьць у нас і адное чацьвёртае месца - у Асоль Слівец, якая толькі паўгады таму выйшла з "дэкрэту".
Зборная Германіі заваявала 30 медалёў, аднак саступіла першае месца гаспадарам, якія проста-такі ўразілі. 14 залатых - ніхто столькі дагэтуль не браў. У цэлым алімпіяада зафіксавала шмат нечаканых і неверагодных вынікаў. Але былі і сумныя моманты...
Аднак ёсьць і іншы бок нашага выступу ў Ванкуверы. Відавочна, што зімовыя віды спорту ў Беларусі ў заняпадзе.Што мы маем акрамя фрыстайлу, Дашы Домрачавай і нечаканага медалю Сярожы Новікава?? Ды нічога, паважанае спадарства. Пачнем з тых відаў, дзе ў нас былі алімпіёнікі. Першае расчараваньне - гэта лыжы. Вышэйшы вынік - 25 месца Далідовіча на 50-ы.Было яшчэ добрае выступленьне ў спрынце, аднак Карнеенка не туды паехаў...Яшчэ большая сумота - хакейная зборная. Апошняе месца па кідках, "чарапашая" хуткасьць, бязвольнасьць трэнера, мандраж і сум...Шчыра мне такі хакей непатрэбны. Момант трэці - гарналыжны спорт. Нашыя дзве спарцменкі Е. Кузьменка і М. Шканава занялі перадапошнія месцы ў хуткасным спуску. Праўда, яны ні ў чым не вінаватыя. Момант чацьвёрты - выступы нашыя біятланістаў (Новікаў па-за дужкамі). Не парадаваў і Антон Кушнір, але ў яго ўсё наперадзе. Вось і ўсё нашае прадстаўніцтва, хаця я кагосьці і мог забыць.
Без нас засталіся канькабежны спорт, фігурнае катаньне, бабслей, шорт-трэк, скелетон, санны спорт, кёрлінг, скачкі з трампліну, сноўборд. Нават у суседніх краінах ёсьць прадстаўнікі і нават медалісты ў некаторых з гэтых відаў спорту. Латвійцы моцна выступаюць у бабслеі і скелетоне, грузіны займаюцца бабслеем, санямі і фігурным катаньнем, украінцам на гэтай алімпіядзе не пашанцавала, але ж...Вышэй за нас апынуліся чэхі і палякі, з якімі ў нас падобныя ўмовы.Я, прынамсі, не ведаю ніводнага прадстаўніка айчыннага бабслею, саннага спорту, скелетону і г.д. Дзе нашыя фігурысты? Ці маем мы хоць адную каманду па кёрлінгу?Што будзе з нашымі лыжамі? Няўжо немагчыма пазітыўна адказаць на гэтыя пытаньні? Напэўна, не, бо наверсе гэта нікога не хвалюе. Галоўнае, што ёсьць тры медалі, план перавыкананы, можна сядзець на месцы.
А можа, гэта ў мяне начное трызненьне... 

вынікі, алімпіяда, Беларусь, спорт

Previous post Next post
Up