З Днем Волі, Сябры!

Mar 25, 2010 12:00


Значэньне БНР: усяму пачатак


Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) - адна з найгалоўнейшых падзей у гісторыі Беларусі. Значэньне БНР для развіцьця беларускай дзяржаўнасьці пасьля 1918-га году складана перацаніць. Менавіта БНР першая ўвасобіла ў сабе ідэю незалежнай беларускай дзяржавы.

Аўтар: Ільля Куніцкі, выпускнік факультэта паліталёгіі New York University, апублікавана на сайтах Беларускага Моладзевага Руху Амэрыкі, часопіса "Arche".
Чытайце таксама: Праўда і няпраўда пра БНР (фота, малюнкі)
Грамадзянская кампанія «Кажы праўду!» прэзэнтавала незвычайнае выданьне, якое папулярна распавядае пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі.
БНР і беларуская дыяспара
Павел Марозаў і грамадзкая супольнасьць "Трэці Шлях" зірнулі на ролю беларускай дыяспары ў гістарычна-аналітычным кантэксьце разьвіцьця сучаснай Беларусі, як нашчадка Беларускай Народнай Рэспублікі.

БНР (1918) - БССР (1919) - Рэспубліка Беларусь (1991): такая пасьлядоўнасць узнікненьня дзяржструктур на сучаснай беларускай тэрыторыі.

Падзеі напярэдадні і падчас стварэньня БНР развіваліся імкліва і, што вельмі сумна ды крыўда, мала вядомы пераважнай большасьці беларусаў і зараз. Паспрабуем разам крыху ўспоўніць гэты прабел.

Пачатак Першай сусветнай вайны 1-га жніўня 1914 году зрабіў Беларусь арэнай вайсковых апэрацый. Наступныя восем гадоў (уключаючы Савецка-Польскую вайну) беларускія землі сталіся тэатрам мілітарыскіх дзеяньняў на пастаянна акупаванай кімсьці тэрыторыі з розным узроўнем замежнай прысутнасьці.

Нямецкія войскі паступова захапілі беларускую тэрыторыю на працягу 1915-1918-га гадоў. Так да восені 1915-га траціна краіны аказалася пад нямецкай акупацыяй, а да кастрычніка 1917-га - ужо дзьве траціны. Пасьля бальшавіцкага перавароту ў кастрычніку 1917-га і кароткага перыяду пакуль вяліся мірныя перамовы ў Брэст-Літоўску ваенныя дзеяньні аднавіліся, і да сакавіка 1918-га году чатыры пятых тэрыторыі Беларусі былі пад нямецкай акупацыяй, якая не скончылася да канца 1918-га году.

Надзея на незалежную краіну

Між тым, Лютаўская дэмакратычная Рэвалюцыя 1917-га дала нерасейскім народам Расейскай Імпэрыі надзею на рэалізацыю сваіх памкненьняў да нацыянальнай незалежнасьці. Да гэтага часу Беларускія мары аб сваёй краіне таксама матэрыялізаваліся ў асяродзьдзі беларускай нацыянальнай эліты.

Упершыню беларускае пытаньне было ўзьнята на міжнароднай арэне ў 1916-м годзе. Іван Луцкевіч ды Вацлаў Ластоўскі тады прымалі ўдзел у канфэрэнцыях народаў Расеі ў швэдскім Стакгольме ды швэйцарскай Лазаньне. Яны даводзілі да міжнароднай супольнасьці, што беларусы маюць права на сваю незалежную дзяржаву і жадаюць яе стварэньня.

Нягледзячы на іх намаганьні, на жаль, тэма беларускага пытаньня так і не атрымала вялікага розгаласу на канфэрэнцыях, якія улагоджвалі тэрытарыяльныя спрэчкі пасьля Прешай Сусветнай вайны. У выніку Беларуская Народная Рэспубліка не была прызнана некаторымі краінамі.

І ў самой Беларусі прыхільнікі незалежнай беларускай дзяржавы павінны былі змагацца з канкрэтнымі праблемамі. У той час на беларускай тэрыторыі размяшчаліся больш за 1,5 мільёны расейскіх жаўнэраў, якія ці індыфірэнтна, ці нэгатыўна ставіліся да стварэньня незалежнай беларускай краіны. Да таго ж, на той час 97 адсоткаў гарадзкога насельніцтва Беларусі складалі расейцы, палякі ды габрэі, якія мелі свае палітычныя партыі і змагаліся за свае асабістыя мэты. А гэтыя мэты амаль ніякім чынам не супадалі з мэтамі беларускіх змагароў за незалежнасьць.

Пасьля захопу ўлады ў Расеі бальшавікі прапанавалі “несвабодным народам” Імпэрыі статус сувэрэнных рэспублік у складзе Савецкай дзяржавы, калі яны прымуць вярхоўнае кіраўніцтва партыі бальшавікоў. Цікава, што як раз у гэты час ідэя абсалютна незалежнай дзяржавы станавілася ўсё больш папулярнай сярод беларускай нацыянальнай эліты.

Ідэялогіі камунізму і нацыяналізму сутыкнуліся на беларускіх землях. Антысавецкія арганізацыі склікалі Першы Усебеларускі Кангрэс у Менску ў сьнежні 1917-га з тым, каб арганізаваць нацыянальны супраціў і абазначыць контуры будучай дзяржавы. У выніку Кангрэс падтрымаў ідэю незалежнай Беларусі і адмовіўся прызнаваць ніякую ўладу (напрыклад, бальшавіцкую) на беларускіх тэрыторыях апроч нацыянальнай.

Камуністы хутка зрэагавалі на гэтыя заявы ды, выкарыстоўваючы свой вайсковы патэнцыял, разагналі з дапамогай войска Кангрэс на трэці дзень яго працы. Дэлегатам прыйшлося перадаць свае мандаты спэцыяльна абранаму выканкаму Кангрэса, які ўзначаліў нацыянальны рух у падпольлі.

21 лютага 1918-га году нямецкія войскі аднавілі вайсковыя дзейньні і акупавалі Менск. Перамовы кайзерцаў з бальшавікамі прывялі да мірнай дамовы, падпісанай 3-га сакавіка 1918-га году. Дакумант выключаў магчымасьць стварэньня беларускай дзяржавы, загадваў бальшавікам пакінуць беларускую тэрыторыю ды дазваляў немцам акупаваць яе замест іх.

Абвяшчэньне Беларускай Незалежнай Рэспублікі

Апэратыўна зрэагаваўшы на такую ганебную для беларусаў дамову, выканкам Усебеларускага Кангрэса апублікаваў 9 сакавіка 1918-га году Другую Устаўную грамату, у якой тэрыторыя “у межах якой пераважае беларускае насельніцтва”, была аб’яўлена Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР).


Рада БНР. Зьлева направа, сядзяць: Алесь Бурбіс, Ян Серада, Язэп Варонка (старшыня), Васіль Захарка; Стаяць: Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

Рэакцыя нямецкіх афіцыйных прадстаўнікоў на гэтую падзею была нэгатыўнай, бо па дамове з бальшавікамі яны адмаўляліся падтрымліваць зьяўленьне новых дзяржаў на тэрыторыі былой Расейскаі Імперыі. Тады новаўтвораны Савет БНР вырашыў дзейнічаць без нямецкай падтрымкі і  ў Трэцяй Устаўной Грамаце  25 сакавіка 1918-га году абвесціў: “З гэтага часу, Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Беларускі народ самастойна пад эгідай Канстытуцыйнага Савету азначыць будучыя нацыянальныя прыярытэты Беларусі”.

 
Першая беларуская незалежная дзяржава была ўтворана. Цікава, што яна ўзнікла на тэрыторыі, большасьць з якой была акупавана немцамі і ніколі не была афіцыйна прызнана імі.

БНР праіснавала толькі дзесяць месяцаў да вяртаньня бальшавікоў, не праводзіла агульных выбараў і была прызнана дзюжынай краін, сярод якіх Летува, Латвія, Эстонія, Украіна, Фінляндыя ды Балгарыя. Тым ня меньш, абвяшчэньне незалежнасьці БНР аказала вялізарны ўплыў на беларускую нацыянальную самаідэнтыфікацыю ды далейшае развіцьцё падзей.

Уплыў БНР на беларускае жыцьце

Калі бальшавікі вярнуліся на беларускія землі напрыканцы 1918-га, яны ўжо не маглі ігнараваць беларускае пытаньне. Як пісаў адзін з камуністычных лідэраў тых часоў, Вільгельм Кнорын, “перыяд нямецкай акупацыі на Беларусі быў таксама часам, калі беларускае насельніцтва ўвабрала ў сябе нацыянальную ідэю, якой Партыя павінна надаць асаблівую ўвагу. Пад уздзеяньнем новых абставінаў прадстаўнікі бальшавіцкай партыі Масквы і Смаленску перакананы, што стварэньне Беларускай Рэспублікі абсалютна неабходна”.

1 студзеня 1919-га году была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Яна праіснавала больш за 70 гадоў, перажыла Другую Сусветную вайну, “хрушчоўскую адлігу”, “брэнежнеўскі застой” ды дажыла да нацыянальнага ўздыму новай хвалі - напрыканцы 1980-х.

А напачатку 90-х Беларусь нарэшце была абвешчана незалежнай краінай. 27-га ліпеня 1990-га была прынята Дэклярацыя аб Сувэрэнітэце Беларусі, а 25-га жніўня 1991-га Дэклярацыі быў нададзены канстытуцыйны статус.

Нам усім сёньня ніяк ня трэба забывацца на тое, што найбольш істотныя крокі да стварэньня незалежнай Беларусі былі зроблены менавіта прыняцьцем акта аб незалежнасьці БНР 25-га сакавіка 1918-га.

Што, акрамя гістарычнага значэньня, ёсць БНР для беларусаў, што жывуць сёньня ў Амэрыцы?

Па-першае, 25 сакавіка ўсе беларусы павінны адзначаць як найвялікшае сьвята - дзень нараджэньня беларускай дзяржаўнасьці, без якога, магчыма, не было і цяперашняй незалежнай Беларусі. Без абвяшчэньня БНР - вялікая верагоднасць - беларусы ніколі б не займелі незалежнага дзяржфарміраваньня ды паступова былі б асыміляваны больш агрэсіўнымі краінамі-суседзямі.

Па-другое, урад БНР у выгнаньні базіруецца менавіта ў Паўночнай Амэрыцы. Тое, што БНР не перадала свой мандат ураду Рэспублікі Беларусь у пачатку 1990-х - вельмі важны момант. І сёньняшнее існаваньне ўраду БНР у выгнаньні паказвае сусьветнай супольнасьці, што ня ўсё добра ў беларускім доме, што сучасны кіроўчы ўрад не адпавядае інтарэсам беларусаў, якія хочуць жыць у сваім доме на сваёй зямлі ў дабрабыце і па-беларуску.


Тым, хто жыве ў Беларусі, бывае цяжка данесьці гэта да міжнароднай грамады з-за ўнутраных рэпрэсій. Таму беларуская дыяспара ўвогуле і урад БНР у прыватнасьці можа адыгрываць ролю свайго роду барометру - паказваць на рэальных прыкладах і фактах замежным краінам як ставіцца да цяперашняга нелігітымнага кіраўніцтва краіны і да тых зьмен, што перыядычна адбываюцца на Беларусі: перастаноўкі ва ўрадзе, гэтак званая “лібералізацыя”, чарговыя “выбары” і гэтак далей.

Ну і, вядома, што пакуль урад БНР трымае свой мандат і выводзіць сваю легетымнасьць ад 1918-га году - гэта паказчык таго, што ідэалы БНР - дэмакратычнае кіраваньне ды ўрад, які рэпрэзэнтуе беларускія інтарэсы - пакуль яшчэ не матэрыялізаваліся ў сучаснай Беларусі.

Працы ў гэтым накірунку шмат. Толькі аб’яднаўшы намаганьні беларусаў усяго сьвету мы здолеем ініцыяваць зьмены на нашай Радзіме. Мы ўсе разам патрэбны нашай Беларусі.

Падтрымка беларускай мовы, культуры, дэмакратычнае кіраваньне і ўрад, які служыць інтарэсам беларусаў ды спрыяе дабрабыту беларускіх сем’яў,  - павінны заўсёды быць нашымі прыярытэтамі.

Нават тут, за мяжой, нават адзін дзень на тыдзень размаўляючы па-беларуску, ці напісаўшы адзін невялічкі артыкул за месяц, ці дадаўшы інфармацыі пра Беларусь на англійскай ці якой-небудзь яшчэ мове ў Вікіпедыю ці распавёўшы сваім амэрыканскім сябрам пра сытуацыю ў Беларусі, дзе жывуць нашы з вамі бацькі, сябры, сыны, дачкі, сваякі, родныя, калегі і землякі, ці падтрымліваючы змагароў на Беларусі, ці проста дапамагаючы адзін адному ў Злучаных Штатах, мы набліжаемся да вышэй азначаных мэтаў.

Разам мы пераможам!



Жыве Беларусь!

---

Пры падрыхтоўцы матэрыяла былі выкарыстаны наступныя крыніцы:
- Suny, Ronald. Revenge of the Past: Nationalism, Revolution and the Collapse of the Soviet Union, Stanford University Press, 1993;
- Vakar, Nicolas. Belorussia: The Making of a Nation. Cambridge, MA: Harvard University Press, 1956;
- Zaprudnik, Jan. Belarus. At a Crossroads in History. Westview Press, 1993.

---


Запрашаем усіх беларусаў, якія пражываюць паблізу Нью-Ёрку, прыняць удзел у адзначэньні нашага нацыянальнага сьвята Дня Волі - 92-х угодкаў абвяшчэньня незалежнай Беларусі.

У суботу 27-га сакавіка а першай гадзіне (1 p.m.) дня ў Нью-Ёрку насупраць штаб-кватэры ААН пройдзе сьвяточны мітынг, прысьвечаны Дню Незалежнасьці Беларусі.

З Днем Незалежнасьці, Беларусы!

ЗША, Беларусь, беларусы, беларусы замежжа, Сьвята, Жыве Беларусь!, дзень у гісторыі

Previous post Next post
Up