«Кожнае развітаньне з калегамі - гэта і знак жывым»

Oct 20, 2009 17:20

Грамадзянская паніхіда па Альгердзе Невяроўскім і Вераніцы Чаркасавай адбылася 20 кастрычніка на могілках у Калодзішчах.

На пахаваньне Альгерда Невяроўскага сабраліся яго сваякі, калегі, сябры. Добрымі словамі ўзгадвалі журналіста кіраўнік мінскага бюро Радыё «Свабода» Валянцін Жданко, старшыня ГА «БАЖ» Жанна Літвіна, іншыя вядомыя журналісты.

«Кожнае развітанне з калегамі - гэта яшчэ і знак нам, жывым, больш берагчы адзін аднаго, цаніць творчасьць і не шкадаваць добрых словаў пры жыцьці», - зазначыла старшыня БАЖ Жанна Літвіна.


Развітаўшыся з Альгердам, журналісты аддалі даніну памяці Вераніцы Чаркасавай, пасля дагэтуль нераскрытага забойства якой сёння споўнілася 5 гадоў.

Сьледства па справе аб забойстве Веранікі Чаркасавай прыпынена, а пракуратура г. Мінска, што вядзе расследаваньне, не можа паведаміць грамадзкасці нічога новага.

«Усё больш робіцца зразумела, што дзяржаве непатрэбнае паўнавартаснае расследаваньне гэтага забойства. Ім хацелася б, каб пра Вераніку памятала хіба што вузкае кола калегаў і сяброў, і каб пра гэтую справу як найменш узгадвалі публічна», - зазначыў галоўны рэдактар газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч на жалобнай вечарыне, што адбылася ў БАЖ 19 кастрычніка.

Па яго словах, у плане расследаваньня гэтай справы зрабіць больш, чым зрабіў беларускі журналіст Сяргей Сацук, калегі Веранікі не могуць. (Нагадаем, што Сяргей - аўтар двух журналісцкіх расследаваньняў абставін забойства Веранікі: «Страх как достаточное основание, или Кто расправился с Вероникой Черкасовой?» і «Цена жизни»).

Аднак супраціўляцца замоўчванню справы Веранікі яе калегі павінныя. Вядомы тэлежурналіст Леанід Міндлін распавёў пра сваю ідэю зьняць дакументальны фільм пра Вераніку, зрабіўшы яго героямі тых людзей, якім былі прысвечаны яе найлепшыя публікацыі. Галоўная праблема - фінансаваньне праекту, але журналіст спадзяецца, што зацікаўленыя людзі знойдуцца.

Акрамя таго, найбліжэйшым часам БАЖ абвесціць аб правядзеньні конкурсу для журналістаў імя Веранікі Чаркасавай.

Удзельнікі вечарыны 19 кастрычніка абмеркавалі ўмовы яго правядзеньня, склад журы і г.д. Пасля таго, як Праўленьне БАЖ ухваліць Палажэньне аб конкурсе, яно будзе апублікавана на сайце арганізацыі і разаслана ў СМІ


«Мы дагэтуль лічым Вераніку сябрай нашай рэдакцыі і ніколі не гаворым пра яе як пра нябожчыцу, - падкрэсьліў сёньня на грамазянскай паніхідзе Аляксандр Старыкевіч, галоўны рэдактар газеты „Салідарнасць“, у якой журналістка працавала ў апошнія гады жыцця. - Мы памятаем пра яе, і так будзе заўсёды - як бы камусьці ні хацелася, каб мы забыліся на гэтую справу. Але варта памятаць не толькі пра памерлых, але і пра жывых - найперш пра блізкіх Веранікі».

«Гэта страшна - застацца сам-насам са сваёй бядой, - прызналася маці Веранікі, журналістка Дзіяна Чаркасава. - Тым больш, што цяпер мы страцілі не толькі дачку, але фактычна і ўнука, які з-за няспыннага пераследу вымушаны быў з’ехаць за мяжу. На шчасце, у Веранікі засталіся сябры, да якіх мы можам звярнуцца па падтрымку і дапамогу. Я ўдзячная ўсім, хто памятае пра яе і не дае забыцца іншым».

МЫ ПАМЯТАЕМ, ВЕРАНІКА.



Вераніка Чаркасава, БАЖ, журналістыка, Беларусь, СМІ, ЛЕПШЫR!

Previous post Next post
Up