Не - расейскім войскам на Беларусі

Sep 13, 2009 23:43

12 верасьня каля будынку ААН у Нью-Ёрку сябрамі Беларускага Моладзевага руху Амэрыкі была зладжана акцыя пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі.
8 верасьня адзначалася гадавіна буйнейшай Беларускай вайсковай перамогі сярэднявечча - Аршанскай бітвы. Атрыманая нашымі гераічнымі продкамі ў 1514-м годзе над большым чым удвая войскам маскоўскім перамога дазволіла тады абараніць нашу краіну ад нападкаў расейцаў на некалькі дзесяцігодзьдзяў. І вось праз 495 гадоў пасьля перамогі, 9 верасьня 2009 году першыя эшалёны расейскіх войскаў ўвайшлі ў Беларусь. Прычым зроблена гэта было з прамой дапамогай і з дазволу ўзурпаваўшага ўладу гэтак званага прэзыдэнта Беларусі Лукашэнкі: салдаты расейскай арміі ў колькасьці 6-ці тысяч прымуць удзел у вайсковых вучэньнях "Захад-2009", якія пройдуць на тэрыторыі нашай незалежнай Беларусі. 
Афіцыйная мэта вучэньняў - абарона гэтак званай саюзнай дзяржавы ад зьнешняй пагрозы. Праўда, калі ў складзе войскаў прысутнічаюць падразьдзяленьні дэсантнікаў, то ўзьнікае пытаньне, а ці пра абарону думаюць ініцыятары гэтых вучэньняў, бо дэсант прызначаны як раз дзеля абыходу фартыфікацыйных абарончых збудаваньняў суперніка...




12 верасьня беларуская моладзь Нью-Ёрку і ваколіцаў пад бел-чырвона-белымі нацыянальнымі сьцягамі выказала свой пратэст чарговаму антыканстытуцыйнаму рашэньню Лукашэнкі ды агрэсыўнай палітыцы Расеі ў дачыненьні да нашай краіны.

Увод замежных войскаў на тэрыторыю Беларусі - гэта парушэньне Канстытуцыі Нашай Краіны. Бо яна абавязвае ўлады краіны захоўваць нэйтралітэт, не ўступаючы ў аніякія вайсковыя блёкі. Дазвол жа на ўвод чужых войскаў на Беларускую Зямлю - чарговая зьнявага Беларускага народу апошнім эўрапейскім дыктатарам.


Брутальна разогнаная ў цэнтры Менску мірная акцыя пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў спецыядьнымі падразьдзяленьнямі міліцыі і КДБ - факт, які ярка сьведчыць пра амаральнасьць цяперашніх вышэйшых афіцыйных уладаў Беларусі і дэманструе жахлівасьць кіруючага рэжыму краіны - па сваёй сутнасьці антыбеларускага.

А халопскае і халуйскае падпарадкаваньне антыканстытуцыйным загадам - гэта ганьба для беларускага афіцэра. Бо ён абавязаны бараніць СВОЙ НАРОД І ЛЮДЗЕЙ НАШАЙ БЕЛАРУСІ!

Людзі Беларусі з вялізнай насьцярогай ды асуджэньнем сустрэлі навіны пра ўваход расейскіх войскаў на Нашу Зямлю. Моладзь, якая сабралася на акцыі каля будынку ААН у Нью-Ёрку, разам з тысячамі Беларусаў асудзіла рашэньне ўладаў краіны дазволіць усходняму суседу ў вайсковых ботах і са стрэльбай увайсьці ў Нашу Хату - чыстую і сьветлую краіну, ветлівыя, разумныя ды шчырыя людзі якой за стагодзьдзі гісторыі нацярпелася ад захопнікаў-чужаземцаў столькі, як бадай ніводзін іншы народ.

Ганьба расейскім уладам! Расея, рукі прэч ад Беларусі!

Ганьба Лукашэнку! Ганьба антыбеларускаму рэжыму!

16 верасьня спаўняецца дзесяць год з моманту зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Праведзенае на пачатку дзесяцігодзьдзя незалежнае дасьледваньне прадэманстравала датычнасьць найвышэйшых асобраў ва ўладзе краіны да забойства вядомых палітыка і бізнэсмэна. Але і на сёняшні дзень злачынцы працягваюць займаць вышэйшыя пасады ў краіне, афіцыйнае дасьлядваньне праваахоўчымі органамі Беларусі па сутнасьці не вядзецца, а актывісты апазыцыі за распаўсюджваньне інфармацыі аб забойствах перасьледуюцца спецслужбамі. Пры гэтым, з сумам вымушаны канстытаваць, што эўрапейскія палітыкі робяць крокі насустрач антыбеларускаму злачыннаму рэжыму.

Беларуская моладзь Амэрыкі напрыканцы акцыі ўшанавала памяць забітых Беларусаў і выказала падтрымку сваім сябрам на Беларусі, якія змагаюцца за дэмакратызацыю краіны. Толькі разам мы зможам выправіць сытуацыю на нашай Радзіме!

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

ХАЙ ЖЫВЕ ВЕЧНА НЕША КРАІНА!

БелМув, ЗША, Беларусы замежжа, Беларусь, Ню-Ёрк, Жыве Беларусь!

Previous post Next post
Up