19 чэрвеня споўнілася 85 год са дня нараджэння Васіля Быкава. У гэтыя дні пра аднаго з найвялікшых беларускіх пісьменнікаў будуць успамінаць яго родныя і сябры, верныя чытачы. Але нямногія сёння могуць казаць, што ведалі Васіля Уладзіміравіча ўсё сваё і ягонае жыццё. Дакладней, толькі адзін чалавек можа тое казаць.
Гэта родная сястра пісьменніка Валянціна Уладзіміраўна Быкава. Зараз яна жыве ў вёсцы Ваўчо Ушацкага раёна. На два гады маладзейшая за свайго Васіля, яна распавядае пра брата.
"Васіль ужо тады маляваць вельмі любіў. І так добра маляваў! Памятаю, аднойчы Троцкі, наш настаўнік, на ўроку малявання паставіў аднаго вучня, Івана Паршонка, на табурэтку, каб увесь клас маляваў яго… Пасля, калі прыйшлі дадому, я вырашыла паглядзець, як там у Васіля Іван выйшаў. Гля-джу - стаіць бы жывы! Троцкі тады “выдатна” Васілю паставіў. Яшчэ памятаю, неяк-та нарысаваў ён маслянымі краскамі партрэт Леніна на палатне, якое ў мамы папрасіў. Уж дзе ён купіў тых красак? Мусіць, у краме ў Кублічах. Ленін у яго атрымаўся, як жывы! Як гэтыя фабрычныя малявалі. І парадачны такі партрэт атрымаўся. Васіль тады наказаў, каб павесілі ў хаце на сцяну. Так і зрабілі, мама радая была, хаця абразы не знімала. Але перад самай вайной бацька, гэты партрэт недзе схаваў, немцаў баяўся. І так ён і знік - закапаў бацька, ці што…
***
"У школе ён рэдактарам сценгазеты быў. Тую сценгазету, бывала, павесяць у карыдоры, дык усе вучні стаяць і чытаюць. І ўжо ў той час пісаць пачаў. Як хадзіў у малодшыя класы, я знайшла ў яго сшытак, у якім нейкае апавяданне было. Я ж, малая, любапытная была! (Смяецца.) Гляджу: нешта Васіль піша і піша. Думаю: што ж ён піша? Ён жа нічога мне не паказваў. Думаю: ай, вазьму пачытаю! І вось той сшытак ён добра не схаваў, а я знайшла і прачытала. Праўда, ужо забылася, пра што ён там пісаў. Толькі памятаю, што неяк літаратурна напісана было, спрытна і складана, усё роўна, як у кніжцы, цэлы сшытак напісаў. Я б так не змагла. Я яшчэ падумала: ой-ой, можа, спісаў адкуль? А пасля не, думаю, мусіць, сам напісаў, мусіць, аповесць, дзе-небудзь надрукуюць. Але не памятаю, ці пасылаў Васіль яе куды… Таму я троху здагадвалася, што Васіль можа пісаць… Ён жа і вершы спрабаваў пісаць. Але мне таксама нічога не паказваў, толькі даслаў іх у газету “Піянер Беларусі”. Аднак нешта не атрымалась у яго з тымі вершамі: ці ацэнку ім далі нядобрую, ці што, але нешта не ацанілі яго тады. Дык ён і кінуў пісаць тыя вершы".
Цалкам артыкул надрукаваны ў штотыднёвіку «Салiдарнасць» ад 18.06.2004, аўтар: Сяргей ШАПРАН
Click to view