Ад Тваёй і Маёй да Нашай Беларусі

Nov 17, 2008 17:43


16 лістапада а 13-й гадзіне ў будынку Катэдральнага Сабора Сьвятога Кірылы Тураўскага, у памяшканьнях якога пасьля працяглага рaмонту распачаў працу Беларускі Музэй у Ню-Ёрку, адбылося адкрыцьцё выставы вядомага беларускага мастака-графіка Яўгена Шатохіна "Мая і Твая Беларусь".


Гэта выстава стала першай для беларускага мастака ў Паўночнай Амэрыцы. Яе неведвальнікам Яўген Шатохін прадставіў 24 свае творы, выкананыя алоўкам і акварэльлю на паперы.

Пра творчую дзейнасьць Яўгена Шатохіна распавёў для наведвальнікаў Зянон Пазьняк. Беларускі палітык, гісторык і мастацтвазнаўца сказаў, што творы Яўгена Шатохіна, якія той ствараў пад час падарожжаў па розных мясьцінах Беларусі, выдатна адлюстроўваюць настроі, зь якімі жывуць людзі. Асаблівая ўвага ў выставе нададзена партрэтам жыхароў вёсак. "Схапіўшы" вобраз, Шатохін выяўляе характар і пачуцьці, заглядваючы ва ўнутраны сьвет герояў сваіх твораў, і дэманструе, што зьўляецца сапраўдным майстром алоўка.

Таксама сп. Пазньяк  распавеў пра суполку "Пагоня", яе стварэньне, дзейнасьць ды ролю, якую яна адыгрывала і адыгрывае ў адраджэньні беларускай культуры і культарнай сьведамасьці нацыі. Сябры яе, адным зь якіх зьяўляецца  Яўген Шатохін, - гэта авангард і эліта мастацтва Беларусі.

Аўтар падзякаваў за ўвагу да сваёй дзейнасьці наведвальнікам, якія прыйшлі на вернісаж (больш шасьцідзесяці асобаў). Выстава будзе працаваць у Брукліне да 30-га лістапада. Яўген Шатохін таксама выказаў удзячнасьць Радзе Беларускага Музэю за магчымасьць правядзеньня выставы, распавёў пра сваю творчасьць, пляны у ЗША, пра вандроўкі па Беларусі і не толькі.

Меў выступ пад час адкрыцьця выставы і старшыня Рады Беларускага Музэю былы дырэктар Беларускага Музэю ў акупаваным Менску адзін з заснавальнікаў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Антон Шукелойць. Сказаўшы, што ў розных краінах вызвольныя рухі ўзначальвалі людзі розных "палітычных" прафэсій, ён адзначыў ролю прадстаўнікоў мастацтва ў найноўшым Беларускім Адраджэньні. "На Беларусі вызвольны адраджэнскі рух знаходзіўся і знаходзіцца пад вялізным уплывам беларускіх творцаў. Роля людзей мастацтва неаспрэчна вялізная ў вяртаньні беларусаў да беларускасьці".





Так было стагоддзе таму, так ёсьць і зараз. Нягледзячы на складаныя ўмовы, мастакі працягваюць працаваць, паказваюць беларусам  хараство і духоўнае багацьце сваёй краіны. Гэта карысная творчая адраджэнская дзейнасць выяўляе і адлюстроўвае сапраўдную Беларусь. Менавіта дзякуючы такім мастакам, як Яўген Шатохін, «Мая і Твая Беларусь» набліжаецца да ўсіх нас.




Жыве Беларусь!!!

Беларускі Музэй у Ню-Ёрку, БелМув, Беларусы замежжа, Беларусь

Previous post Next post
Up