За тры гульні да фініша чэмпіянату Беларусі барысаўскі БАТЭ стаў пяціразовым чэмпіёнам краіны.
У перанесенай сустрэчы 17-га гульнявога дня супраць суседзяў - аўтазаводцаў з Жодзіна - лепшая каманда Беларусі апошняга дзесяцігодзьдзя перамагла 2-1.
Родныя трыбуны віталі каманду такім заўсёды прыемным для любога клюбу аншлагам. Дарэчы ў мінулыя разы барысаўчане заўсёды станавіліся чэмпіёнамі ў гасьцёх. Так што гэты трафей для каманды - асаблівы. А калі ўлічыць дасягненьні на міжнароднай арэне - у самым цікавым турніры клюбнага футболу ў сьвеце Лізе Чэмпіёнаў, то віншаваньне каманды ўсім горадам - гэта тое, што каманда заслугоўвае.
А ганаровая "зорка" за пяць перамог у чэмпіянатах "на борт" БАТЭ - як яшчэ адзін сымбаль, які будзе нагадваць пра беларускую футбольную восень-2008, якую сапраўды можна назваць Беларускай. Бо да гэтага году нашы каманды заканчвалі свае эўрапейскія падарожжы да восені нават не дацягваючы. Усе нават, быццам, прызвычаіліся да гэтага, мала што чакаючы сустрэць на новых эўрапейскіх шляхах беларускіх каманд...
А тут нечакана - такі падарунак, быццам зь нябёсаў!
І мала таго, што ўжо ведаем і пра першую зімнюю футбольную сустрэчу ў гісторыі - гульня супраць "Ювентуса" у Турыне адбудзецца 10-га сьнежня, дык яшчэ і на вясну заўзятары футбольнай Беларусі спадзяюцца. І гэта ў супрацьстаяньні з уладальнікам Кубка УЕФА і Суперкубка Эўропы піцерскім "Зянітам" з Расеі, самым тытулаваным клюбам Эўропы чэмпіёнам Гішпаніі мадрыдскім "Рэалам" ды самай папулярнай камандай Італіі - турынскім "Ювентусам".
Ня трэба нават і казаць пра розьніцу ў фінансавых магчымасьцях каманд, інфраструтурную, мэнэджэрскую ды яшчэ дзесяткі іншых пераваг, якія маюць гэтыя эўрапейскія суперклюбы ў параўнаньні з БАТЭ. Але, што больш істотна зараз, у самым галоўным фактары - гульнявым - беларусы зараз мала ў чым саступаюць, а часам нават і пераўзыходзяць іх. Доказ чаму - ня вельмі добры настрой гульцоў БАТЭ пасьля згубленых перамог ў сустрэчах зь "Юве" у Менску (вялі-та 2-0 пасьля першай чвэрці гульні!) ды супраць "Зяніту" у Піцеры (за 10 хвілін да канца чэмпіёны Расеі здолелі забіць нічыйны гол).
Але яшчэ больш радуе, што каманду зараз узначальвае вельмі амбіцыёзны талантлівы і прагнучы ведаў сьпецыяліст Віктар Ганчарэнка, а клюб знаходзіцца пад пільнай увагай лепшага футбольнага (а можа і не толькі футбольнага?) мэнэджэра Беларусі і яго заснавальніка Анатоля Капскага.
Асоба-зорка
Ужо можна здагадацца зараз, што пры выяўленьні асобы, якая будзе названа Чалавекам 2008-га году на Беларусі, выбар будзе зроблены менавіта паміж трэнерам і прэзыдэнтам БАТЭ. Вось такое нечаканае спаборніцтва, у якім чамусьці здаецца, нягледзячы на ўсе заваёвы трэнера, перавага будзе за мэнэджэрам.
Чаму? Адказ будзе просты, але і крыху нечаканы для таго, каб аддаць перавагу менавіта мэнэджэру. Трэба паглядзець на... спартыўныя паказчыкі БАТЭ.
Так, за адзін год з асноўным складам каманды Віктар Ганчарэнка зрабіў тое, што не ўдавалася яго калегам за шмат сэзонаў працы з БАТЭ Юрыю Пунтусу і Ігару Крыўшэнка. Ды што ім: гэта была недасягальная вышыня ні для каго на Беларусі. Пра групавую стадыю Лігі Чэмпіёнаў, напэўна, нават самыя аптымістычна настроеныя заўзятары толькі марылі, не дзелячыся пры гэтым сваімі марамі-роздумамі з сябрамі ды знаёмымі, бо тыя маглі і каля віска пакруціць у адказ.
Трэба разумець і ролю Пунтуса і Крыўшэнкі ў станаўленьні ўсёй клюбнай структуры. Ад зьяўленьня сваёй футбольнай школы з такімі "прадуктамі" як Аляксандр Глеб, Віталь Кутузаў ды Юры Жаўноў і базы са стадыёнам ды ўзьняцьця на такі высокі ўзровень да новых перамог і дасягненьняў (не запамятаць і пра ролю гульцоў БАТЭ у маладзёжных зборных краіны рознага ўзросту) гэтыя настаўнікі вырашалі не толькі футбольныя пытаньні. Так званая чорная часам зусім незаўважаная праца адміністратара-мэнэджэра-перамоўшчыка забірала шмат часу, чаго сёньня па вялікім рахунку калі не пазбаўлены, то зь якой дакладна даводзіцца сустракацца куды меньш Віктару Ганчарэнка.
Шлях ад - зьяўленьня новай зорачкі на беларускім футбольным небасхіле - рэінкарнацыі барысаўскага БАТЭ, заснаванага дарэчы ў 1973-м годзе, і іх старта ў трэцім дывізіёне беларускага футболу да завалоданьня "зоркай" беларускага футболу і выхаду ў групу Лігі Чэмпіёнаў склаў неверагодныя 13 гадоў! І дасягеньне Ганчарэнкі - гэта дэманстрацыя паступовай эвалюцыі БАТЭ, дзе кожны наступны мае больш магчымасьцяў за таго, хто працаваў раней. Кожную ўкладзеную мінулымі трэнерамі-"архітэктарамі" БАТЭ ў будаўніцтва каманды "цагліну" зараз лепш за ўсё павінен адчуваць самы малады трэнер Беларусі і Лігі Чэмпіёнаў. А ў гэтым, безумоўна, найвялікшая заваёва "цэменту", трымаўшага БАТЭ ўсе гэтыя гады - Анатоля Капскага.
Ён сваёй працай даказвае, што нават такі паказчык як рэнтабельнасьць можа ўжывацца ў нашым спорце. А гэта вялікі кошт мае ў краіне, якая грошы любіць эканоміць толькі на словах, і дзе разуменьне рынкавых механізмаў - асабліва ў спартыўнай эканоміцы, калі так яе можна назваць у Беларусі, дзе спонсарства-мецэнацтва больш нагадвае сытуацыю з аграіндустрыяй-цяляці, якая сасе малако-рэсурсы, а вырабляць мяса-вынікі не навучана - знаходзіцца на далёкай ад паказчыкаў эфэктыўнасьці адлегласьці.
Сыстэма ж БАТЭ - ад кірпічыкаў стадыёна і базы да выбару кадравых варыянтаў архітэктурнага аблічча - пабудавана пад руплівым кіраўніцтвам Анатоль Капскі, які зьяўляецца ўладальнікам лепшага спартыўны праэкту Беларусі. І зараз хочацца спадзявацца, што надыйдуць часы, калі не перашкодзяць яму стварыць і агульнанацыянальны праэкт - пабудаваць Футбол-Амфітэатр, дзе будуць мілагучна гучаць дзесяткі тысяч уражаных галасоў куды больш вялікай, чым цяперашняя, арміі беларускіх заўзятараў першай гульні ў сьвеце.
"Зо-о-орка Бато-о-онаў ўзышла-а-а над зямлёю"...
Чамусьці ўзгадаўся гімн Максіма Багдановіча Беларусі, калі пачаў углядацца ў тэлескоп-паказчыкі БАТЭ, разьлічваючы траэкторыю беларускай барысаўскай футбольнай зоркі.
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханьнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Глянь іншы раз на яе, - у расстаньні
Там зь ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханьне,
Глянь іншы раз на яе...
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Сьветлыя згадкі з сабой прывяла...
Ня ведаю, хто і пра што думае зараз, чытаючы гэтыя незабыўныя радкі беларускага клясыка, але тое, што БАТЭ зараз падтрымліваюць і любяць не толькі ў Барысав (магчыма, не пакідаючы пры гэтым па-за ўвагай і каманды сваіх гарадоў) - неаспрэчны факт. І, здаецца, пошукі свайго футбольнага каханьня шмат хто з беларусаў скончыў менавіта гэтай восеньню.
Да таго ж глянуць на прыгажуню-каманду зараз будуць наведвацца не толькі гледачы, уражаныя паводзінамі свайго клюба-шляхціча, але і заморскія прафэсійныя-шукацелі (будзем спадзявацца не ашукацелі) новых маладых эўрапейскіх зорак. Не згубіць новую беларускую зорку і ня даць ёй раскідацца на неабсяжным футбольным рынку-небасхіле на дробныя кавалкі ды згаснуць - складаная задача на наступны год для лепшых беларускіх спецыялістаў у сваіх галінах - мэнэджэра-архітэктара і трэнера-дызайнера.
Але як бы там ні было, сьветлыя згадкі пра залатую лігачэмпіёнскую восень-2008 застануцца ў памяці беларускіх футбольных аматараў назаўжды. Як заўжды будзе гучаць у сэрцах любячых сваю краіну Беларусаў песьня беларускага генія, які пакінуў нас у росквіце гадоў...
...Наша агульная задача сёньня - ня даць згаснуць на небасхіле яшчэ адной зорцы. Яна зараз спакойна ўзыходзіць па шляху да свайго "Зяніту".
А можа ўзьняцца яшчэ вышэй. Таму што гэта Зорка Камандай завецца.
І свой зяніт яна ўстановіць для сябе сама.
...Як і кожны з нас выбірае для сябе свой зорны шлях да зорнага зяніту. Альбо, як нехта іншы, - да цямніцы-астрога... Але апошняе - дакладна на пра БАТЭ. У якога ўсім нам трэба зараз вучыцца.
Вучыцца верыць у свае сілы, яднацца вакол адзінадумцаў, сяброў і бясцэнных каштоўнасьцяў ды вучыцца перамагаць і запальваць новыя зоркі.