Фотаагляд футбольнага брытанскага ўік-энду

Oct 27, 2008 21:56

Арыстакрацкі "Стэнфардскі Мост" захоплены, а ненаХАЛьныя навічкі працягваюць трымацца
Ангельская Прэм'ер-Ліга. Гульнявы дзень 9.

Рафаэль Бенітэс: "Нарэшце дадому са шчытом!"



21 лютага 2004 года - 26 кастрычніка 2008 ці чатыры з гады восем месяцаў і пяць дзён "Чэлсі" не саступаў дома ў гульнях Прэм'ер-лігі.  Толькі 87-я спроба розных брытанскіх легіёнаў завалодаць "стэмфардскім мастом" стала ўдалай.



"Захопшчыкам" лёнданскай "фартэцыі" выступіў мэрсідсайскі канкурэнт-ваяр, кіруемы гішпанскім "канкістадорам" Рафаэлем Бенітасам.



Дадае чорна-белай для лёнданцаў падзеі яшчэ большай чарнаты тое, што гішпанец да апошняй нядзелі ніводнага разу ня здолеў сапсаваць настрой батальёнам сваіх асноўных канкурэнтаў зь "вялікай чацьвёркі".


Выбіраючыся са сваёй ліверпульскай армадай з родных зямель на варожыя стадыёны-"фартэцыі", ён ніводна разу ня вяртаўся дадому са шчытом. Да нядзелі апошняга ўік-энду, калі гішпанец Хабі Алонса вынікова стрэліў па валоданьнях Чэха.

Даніэль Леві: "Харэ Рамас! Харэ Рэднап прыйшоў".





Уік-энд стаў сьветлым таксама для парачкі новых легіянераў, прыбыўшых на падтрымку арміям "Сіці" і "Шпор" гэтым летам.

Расеец Раман Паўлючэнка забіў упершыню ў самай відовішчнай лізе сьвету, падараваўшы сваёй новай камандзе і дэбютаваўшаму трэнеру першую перамогу ў сэзоне.



Ці зьверне ўвагу Хары Рэднап на прагнучага далучыцца да свайго суайчыньніка Паўлючэнкі Андрэя Аршавіна, каго планаваў набыць падчас зімняга трансфернага акна зволены прэзыдэнтам Даніэлем Леві Хуандэ Рамас?


Ці, звыкла знойдзе іншыя больш складаныя і меньш дарагія рашэньні дапамагчы завязшаму ў дрыгве таблічнага дна "Татэнхэму"?



Бразілец Рабіньё, які прыляцеў у "Горад" другой каманды Манчэсьцеру з іншай "галакцікас" за самы дарагі "квіток" мінулага міжсэзоньня, разразіўся хет-трыкам, працягнуўшы адпрацоўваць свой шматмільённы трансфер у "Сіці".


Хатняя перамога "Манчэсьцер Сіці" над "Сток Сіці" 3-0 - і з паказчыкам 6+2 ён уключыўся ў барацьбу за першую прыступку сьпісу снайпераў.

Нечакана высокі "Хал"

А вось у сьпісе лідэраў турнірнай табліцы, не зьвяртаючы ўвагі на знакамітыя імёны канкурэнтаў, працягвае знаходзіцца нечаканы "Хал".


Буйная перамога ў гасьцёх над "Вэст Бромвічам" 0-3 дазволіла ім захаваць трэці радок.


Хто мог уявіць перад пачаткам сэзону, што яны будуць не проста цягнуцца да лепшага, а разьмесьцяцца там, дзе знаходзяцца зараз...

...Параўняліся з "Чэлсі".



...Апярэджваюць "Арсэнал", які адолеў у цяжкай канцоўцы, дзякуючы самастрэлу "Фулхэма" і голу Адэбайора у самай канцоўцы, гаспадароў поля 0-2.



...Адарваліся ад "Манчэсьцер Юнайтэд", які дадому зь ненавіснага манкуніанцамі Ліверпулю вярнуўся толькі з нічыёй 1-1. Стадыён другой (таму й не такі ненавісны, як "Энфілд") ліверпульскай каманды - "Эвертона", дзе ўзышла зорка Уэйна Руні, - сустрэў свайго былога куміра цёпла.



Але ўзьляцець вышэй у табліцы яго старая каманда новай не дазволіла - "МЮ" пакуль шосты.





...Наперадзе толькі "Ліверпуль".


...А ў наступнай гульні яго наведае "Чэлсі". Зь якім "Хал" зараз роўны.

футбольная Эўропа, Англія, фота, футбол

Previous post Next post
Up