Дык, эта...
... За БАТЭ ;)
Нягледзячы на тое, што
Брусель пераможаны, мары беларусаў, якія думаюць пра набліжэньне "сьветлай будучыні" ды пераход краіны на эўрапейскі шлях, бліжэй да зьдзяйсьненьня ня сталі...
Проста ўчора наш футбольны чэмпіён
БАТЭ адолеў
"Андэрлехт" - другую каманду Бельгіі прошлага сезону. Хм, напісаў "проста", але гэта перамога - зусім ня проста: мы сталі бліжэй да групавой стадыі Лігі Чэмпіёнаў. Ды не тое, што бліжэй - так блізка да яе мы не былі яшчэ ніколі. Нават у годзе мінулым, калі той жа барысаўскі БАТЭ змагаўся ў трэцім раўндзе Лігі з румынскім "Сьцяўа"...
Для таго, каб іншая "нездзяйсьняльная" мара беларусаў - аб выхадзе ў групавую стадыю Лігі Чэмпіёнаў УЕФА - стала рэальнасьцю, трэба адолець
балгарскі "Леўскі" з Сафіі. Не самы моцны клуб у Эўропе, але для беларускіх клубаў слабых каманд на кантынэнце на гэтай стадыі эўракубкаў быць папросту ня можа...
На апісаньні гульні можна не спыняцца - зараз пра яе не напіша толькі, напэўна, "ЮЭсЭй Тудэй" (шутка). А пакуль вы чытаеце, як заўсёды
лепшы артыкул пра гульню газэты "Салідарнасць" ды нечаканы ракурс на футбол фотакарэспандэнтаў "Нашай Нівы"
Андрэя Лянкевіча ды
Юліі Дарашкевіч, распавяду лепш вось пра што...
Эх, пара ўжо пара, як таму Бацістуце ў ва Фларэнцыі ставіць помнік Генадзю Блізьнюку на стадыёне ў Барысаве! Сьветлагорска-гомельска-барысаўскі
"Алігатар" Генадзь ня проста забіў першы гол учора - ён зрабіў гэта
прыгожа-прыгожа - дзякуй за дапамогу, Віталь Радыёнаў! Але і гэта ня ўсё з заваёваў форварда з імём усім вядомага Алігатара - сябра незразумелай істоты Чэбуратара ;) . У дадатак да таго што выхад Гены на поле быў пад вялікім пытаньнем у сувязі з пераломам скулы, атрыманым у Віцебску падчас гульні ў чэмпіянаце краіны крыху больш за тыдзень назад, у момант калі ён забіваў гол, яму яшчэ і рэбра зламалі (пра гэта паведамляў сайт
match.by)... Зразумела, што пасьля ўсяго гэтага, наш беларускі "Алігатар у масцы" пакідаў поле на 38-й хвіліне пад авацыі гледачоў: "Геееена-Геееена-Геееена!!!"
Трансьляцыя на канале
"Justin-TV", якой давялося скарыстацца для прагляду гульні, была вельмі "якаснай": рэпартаж паказваўся па вэбкамеры, якая ў сваю чаргу была накіравана на просты целік JVC, а ўжо ў ім паказваўся нейкі канал (здаецца каментатары размаўлялі на фламандскай мове - зусім незразумелай для мяне, хоць я і чуў час ад часу нештачкі, што нагадвала то Дойч, то Франсэз, то нешта травяна-галяндскае ;). І накацілі на мяне думкі, а ці не парушэньне аўтарскіх правоў гэты рэпартаж? Я гэтаму не зьдзіўлюся, бо ў спасылцы, якая дазволіла ўсё-ткі паглядзець футбол, ёсьць літары РУ...
Карацей, нагадала мне гэта трансьляцыя рэпартаж нашага самага любімага тэлеканалу БТ пра першую гульню Чэмпіяната Сьвету-2002 з Паўднёвай Карэі, калі яны папросту сьлямзілі сыгнал ў расейскага спадарожнікавага каналу "НТВ-плюс"... Хммм, дарэчы а цікава было б паназіраць, калі б камера гэта лавіла не фламандскі канал, а наш "ЛАД". Зацягалі б па судах, узурпатараў! Уздумалі наша ТБ выкарыстоўваць у сваіх капіталістычна-амаральна-выключнагрошазарабляльных мэтах!
Таму папрашу - калі хто ведае пра злоўжываньні ў сферы сьпіянерваньня трансьляцыяў ды наогул аўтарскіх правоў на гэтыя самыя трансьляцыі - вялікая просьба пакідаць свае запісы ў каментах!
І яшчэ - што да паводзін шараговага тэлегледача ды заўзятара футболу.
Падчас большай часткі трансьляцыі на
http://ru.justin.tv/devali за ёй назірала каля 2-2,5 тысяч гледачоў (а ў першым тайме і ўвогуле было менш за 1,5 тысячы). Напрыканцы гульні колькасьць наведвальнікаў старонкі падскочыла да 5 тысяч 554 гледачоў (што ў яшчэ горшы бок адбілася на як-як-як-якккась-сь-сьці сыг-сыг-сыгналу ;) - і як раз ў гэты момант, недзе за 10 хвілінаў да заканчэньня 2-га тайму
Віталь Радыёнаў зрабіў лік 2-1 на карысьць Батонаў! Сыгнал і настрой адразу палепшаў :) ! Другое вядома чаму - Ліга стала бліжэй. А вось першае - з-за таго, што адразу аўдыторыя тэлегледачоў каналу ў адно імгненьне зьнізілася да 4-х тысячаў. Як там у нас кажуць? "Бельгійскія прыхільнікі, не дачакаўшыся завяршэньня гульні, пацягнуліся да выхаду"... Але не пасьпелі яны пакінуць "стадыён", як бельгійцы-футбалісты вярнулі надзею на выхад у наступны раўнд - заставалася яшчэ больш за 5 хвілін, а ім ужо трэ было забіваць усяго аднойчы. Дык вось за гэтымі пяцьцю хвілінамі назірала ўжо амаль 6 тысячаў - а калі быць дакладным 5995 Сеціва-карыстальнікаў!
Вось яна натура чалавека - хлеба ды відовішчаў! Ды не проста відовішчаў, а яшчэ й цікавых ды захапляльных!
Дзякуй БАТЭ, што выстаялі і што падаравалі (на пару з бельгійцамі, зразумела) самае сапраўднае відовішча!
Дзякуй, Генадзь, за мужнасьць ды майстэрства! Папраўляйся хутчэй! Ты нам вельмі патрэбны ў супрацьстаяньні з "леўскімі" балгарамі!
Дзякуй, галкіпер Сяргей Вярэмка! Зараз уся Беларусь ведае, за што ты
вызваны на Аргентыну!
Дзякуй, Барысаў!
Дзякуй, прыхільнікі БАТЭ (вас было чуваць і за акіянам ;) !
Дзякуй, трэнер Ганчарэнка!
І самы шчыры дзякуй - спадару Анатолю Капскаму! Мара дзякуючы створанамі Вамі за ўсе гэтыя гады калектыву амаль...
Але лепш ня будзем пра мары... Услых ня будзем... Кажуць, прыкмета нядобрая...
Пакуль што лепш проста парадуемся за БАТЭ ды наш беларускі футбол, які аказваецца не такі ўжо і драўляны ;) Дзякуючы ў першую чаргу менавіта таму ж БАТЭ!
А для ўзьняцьця баявога духу нашых прыхільнікаў ды футбалістаў перад гульнямі 3-га раўнду Лігі рэкамэндуйце ўсім ім чытаць,
што пра БАТЭ думаюць заўзятары сафійскага "Леўскі" ды
як яны падтрымліваюць сваю каманду. Карацей кажучы - што-што, а
падтрымліваць сваю каманду балгары ведаюць як!
Ну і хай сьмяюцца на сваіх гасьцёўнях ды форумах паважаныя балгары. У іх ёсьць яшчэ тыдзень, каб насьмяяцца ;)
Беражыся, Эўропа!
БАТЭ, йдзе ;)