Аргентына - Ямайка на беларускі лад

Sep 21, 2008 14:00

Дык нармальна "Батонаў" Мадрыд падвучыў. РЭАЛьнага настаўніка беларусы атрымалі: зараз вучыць ужо "БАТЭ".




Фактар прысутнасьці

Гена Блізьнюк ды Віталь Радыёнаў для "БАТЭ" для сёньняшняй пярэдняй лініі барысаўскай каманды настолькі карысны, наколькі  сонейка для кветак увесну. Чатыры з пяці мячоў аднаму з асноўных канкурэнтаў - cалігорскаму "Шахтару", які йшоў да 23-га туру на трэцяй пазыцыі - менавіта на іх сумесным рахунку.




Гэтыя два "сонейкі" не сьвяцілі на полі падчас гульні з "Рэалам": з-за дыскваліфікацый яны вымушаны былі назіраць за "галактычным" футболам з трыбунаў "Санцьяга Бэрнабэу". А зараз жа яны вельмі дапамаглі камандзе, якая грала на чацьвёрты дзень пасьля лігачэмпіёнскага да другога свайго цяперашняга канкурэнта - каманды з іншай "галакцікас".

На фактар стомленасьці ды ня самых добрых фізычных кандыцыяў разьлічваў, гледзячы па ўсім і галоўны трэнер "гарнякоў" Юрый Вяргейчык, падначаленыя якога у першай дзесяцімінутцы прапанавалі барысаўчанам надзвычай хуткі для беларускага чэмпіянату тэмп. І "БАТЭ" яго... з задавальненьнем прыняў. А Віктар Ганчарэнка і Кампанія даказалі, што Ліга Чэмпіёнаў - гэта ня проста два словы з вялікай літары. Гэта

Узровень-Мара, які стаў рэальнасьцю




Як гэта ня дзіўна параўноўваць чэмпіёна беларускага з гішпанскім, але ў галаве ўсё роўна праскокваюць пытаньні: "а калі б ня было тых выдаленьняў-папярэджаньняў?"

Але вернемся да сваіх баранаў: бронзавая накіраванасьць

Пасьля 0-5 ад "БАТЭ", у якога сёньня зусім іншыя праблемы, на чэмпіёнства-2008 можна разьлічваць, але зараз яно стала настолькі далёкім, што думаць пра яго могуць толькі самыя аптымістычныя заўзятары "гарнякоў". І справа нават не ў прадэманстраванай гульні - пра яе можна сказаць коратка: гулялі нават лепш, чым звычайна, але непадчас каляндар падкінуў "батонам" "шахтараўскі сэндвіч" - паміж "Рэалам" ды "Ювентусам". Трэба лепш проста зірнуць у турнірную табліцу: застаецца толькі 7 тураў, Барысаў мае 8-ачковую перавагу, гульню ў запасе, ды яшчэ менскі "МТЗ" ад яго зусім блізка.

Так, варыянты ёсьць:
- разьлічваць на зусім нежаданы гэтай восеньню пададхонны накірунак выступаў беларускага чэмпіёна (што з улікам лігачэмпіёнскага 5-гульнёвага дадатку імавернасьць мае);
- сканцэнтравацца на барацьбе за куды больш рэальную бронзу (менскае "Дынама", дзякуючы дамашняй перамозе 1-0 над магілёўскім "Дняпром", зараз абышло салігорцаў у табліцы на адзін пункт).




Але галоўнае зараз для "Шахтара" - проста паспрабаваць забыцца на барысаўскую ганьбу (па выніку, але ніяк не па гульні, бо будзь у гэты вечар супернікам салігорцаў любая іншая каманда чэмпіянату - "гарнякі" маглі разьлічваць бы і на перамогу!) ды працягнуць рабіць тое, што каманда рабіла апошнія месяцы. 25 з 27-мі магчымых ачкоў дазволілі значна паменшыць крытыку з боку заўзятараў каманды, нагадаць пра "заўсёды шахтараўскі" другі раўнд чэмпіянату ды ўвайсьці ў шэраг галоўных прэтэндэнтаў на ўзнагароды чэмпіянату.

Да "БАТЭ" цягнуцца зараз, вядома, вельмі цікава. Асабліва калі ўявіць, што толькі ў сераду яны гулялі на "Бэрнабэу", слухалі гімн Лігі Чэмпіёнаў і атрымлівалі ўрокі ад Рауля, ван Ністэлроя, Сэрхіа Рамаса, Раббэна ды Гуці, а ты на іх глядзеў як і звычайна ў сераду на сваёй канапе ў тэлевізары. Таму, тыя клясы, якія прапаноўвае ўжо "БАТЭ" наведаць беларускім камандам у чэмпіянаце мясцовым - зьява ня менш цікавая. І дзякуй "Беларусь-ТБ" (вельмі нячаста, мякка кажучы, даводзіцца дзякаваць айчынае тэлебачаньне) за магчымасьць назіраць за гульнёй барысаўскай каманды - 21-га верасьня ды ў наступны чацьвер 25-га супраць "Гомлі" у гасьцёх - у турніры роднай краіны.

Нажаль толькі, што пакуль нават барысаўскія гледачы ў такі пасьпяховы для каманды сэзон ня здольныя запоўніць не вялікі нават па беларускіх мерках гарадскі стадыён.

Глядзець жа ёсьць на што




Гульня, якую паказаў "БАТЭ" - для беларускага засыпаючага перад тэлевізарам гледача падзея незвычайная. Хуткасьць, думкі, невялікая колькасьць памылак, бліскучыя вочы - і ўсё гэта на працягу ўсёй адзінай нядзельнай сустрэчы, што адбылася ў Барысаве. Прычым і супернік быў не слабы: "Шахтар" 5 раз запар перамагаў у чэмпіянаце, 3 разы запар з розьніцай больш чым у 3 мячы. Карацей, адчуваньне было вялікага па нашых беларускіх мерках супрацьстаяньня.




Але яго не атрымалася, хоць... чаканьні і спраўдзіліся. Гульня, прадэманстраваная камандамі, была значна вышэй сярэдняга ўзроўню, ды й, нягледзячы на лік, да трэцяга голу трымала ў напрузе заўзятараў абедзьвюх клюбаў. Толькі апошнія дзьве дзесяціхвілінкі ўжо праходзілі без залішняга ціску, бо валадар трох пунктаў быў ужо вядомы. Ды й гэта нават не прывяло да зьніжэньня хуткасьцяў барысаўчанамі ды страты салігорцамі ўсялякай прагі да гульні, што вельмі часта можна назіраць у беларускім чэмпіянаце ды здараецца час ад часу і з "Шахтаром". Наадварот, адны хацелі скарыстацца момантам і зрабіць візыт супернікаў у Барысаў такім, які б і ўзгадваць больш не хацелася б, другія ж жадалі забіць хоць аднойчы.

У першых атрымалася, у другіх - не. Чаму? Магчыма, урокі Лігі Чэмпіёнаў сказваюцца ўжо зараз, праз 72 гадзіны пасьля вяртаньня з Мадрыду?




...І таму нават выйшаўшы на замену Пеха, які ня граў у Гішпаніі быў зараджаны на гульню, што ні разу не дазволіў прыняць мяч лепшаму бамбардыру Беларусі ўсіх часоў Стрыпейкісу.
...І таму Блізьнюк і Радыёнаў, якія ведаюць Лігу Чэмпіёнаў пакуль толькі збоку і страцілі цудоўную магчымасьць дэбютаваць у сапраўднай Лізе на самім "Санцьяга Бэрнабэу", даказалі, што ёсьць яшчэ ў нашых краях форварды, на каго будуць "паляваць" больш эканмічна моцныя клюбы. Магчыма, з гучнымі эўрапейскімі імёнамі.
...І таму Ганчарэнка нарэшце знайшоў тое, што шукаў у спробах "запаліць" вочы "батонаў", страціўшых было настрой, патрэбны для перамог ва ўнутраным чэмпіянаце.
...І таму ўсе гульцы паказалі ўсё на што здольныя.
...І таму і 5-0.
...І таму атрымалася, тое, чаго даўно чакалі:

"Гарняцкі сэндвіч", ці што такое трапіць паміж "Рэалам" і "Ювентусам"




Як бы там ні было, якія б "камяковыя" бліны не атрымліваліся, што б ні даводзілася пераадольваць - трэба ведаць, дзе нашае месца. А яно ў чэмпіянаце-2008 ніяк не ніжэй за трэцяе. Гэта, нягледзячы на складаны фініш, вылучае і свае патрэбы на канец чэмпіянату:

Імкнуцца да бронзы




Працягвае знаходзіцца паблізу мэдалёвых разборак і яшчэ адно "Дынама" - брэсцкае. Што не зусім звычайна для апошніх гадоў, у якія пэрспектыўнай камандзе не хапала стабільнасьці - фактару, які заўсёды вельмі ўплывовы пры станаўленьні любых маладых калектываў. Праз школу досьведу зараз крочыць і Брэст. Цалкам пасьпяхова. Толькі вось каб да ўсяго іншага фактар грашовы ня стаў бар'ерам больш складаным, чым непасрэдна супернікі ў бронзавай гонцы. А то будзе зусім дрэнна, калі менавіта гэта перашкодзіць вылезьці вышэй за...

...Серадняцкае туды-сюды

На шостай-сёмай пазыцыях зараз знаходзяцца прадстаўнікі поўначы Беларусі "Віцебск" ды наваполацкі "Нафтан", але верагоднасьць іх узыходжаньня на прытупкі п'едэсталу - значна ніжэй і знаходзіцца ў межах статыстычнай памылкі. Таму яны канешне будуць спрабаваць залезьці як мага вышэй, тым больш што вельмі высока ні тыя, ні іншыя даўно не забіраліся, але яны з тымі другімі, хто знаходзіцца зараз у сярэдзіне табліцы - магілёўскім "Дняпром", мікашэвіцкім "Гранітам" ды "Смургонямі" - могуць стаць камандамі, якія й вырашаць расклад як гонак за трафей ды бронзу, так і за права...

...Застацца ў мацнейшай лізе

З улікам таго, што сёлета ў сувязі з нарэшце распачаўшайся рэфармай чэмпіянату з дывізіёнам 1 разьвітаюцца тры камнды, унізе табліцы будзе горача да самга фінішу. Каманды, што не ўваходзяць у першыя дзесяць, падзяляе за 7 тураў да фінішу дыстанцыя ў 7 ачкоў. З улікам таго, што нават апошняя зараз каляменская "Дарыда" паказвае нядрэнны і што больш у іх сытуацыі карысна - эфэктыўны па выніках (7 пунктаў з 9-ці магчымых у апошніх трох турах пры тым, што за першыя 20 было набрана было толькі на 2 больш!) футбол, то таму ж бяздомнаму "Граніту" дадатковыя 3-4 пункты ніяк не перашкодзяць у бліжэйшы час. Не кажучы ўжо пра нечакана знаходзячыхся ўнізе табліцы гарадзенскі "Нёман", прытуліўшыхся ў Барысаве яшчэ адзных "бамжоў" беларускага сэзону-2008 жодзінскіх тарпедаўцаў ды заўсёды змагаўшуюся ў апошнія сэзоны за куды вышэйшыя месцы "Гомлю", а таксама проста прагнучых запаветных пойнтаў трэцяга блукаючага безстадыённага клубу - менскага "Лакаматыву" ды магілёўскага "Савіту".

Апошнія і прыедуць у Салігорск ужо ў гэты чацьвер.




Перапынак у чэмпіянаце паміж гульнямі тураў толькі 3-4 дні. Як рэгулярна здараецца ў лепшых клубах Эўропы.

Хм, становіцца больш звыклым раўняцца на Эўропу. Прыемна, ё-маё ;)

...Хоць і занадта рана яшчэ раўняцца.

Галоўная cеча футбольнага ўік-энду ды іншыя навіны футбольнага ўік-энду - крыху пазьней ды ніжэй тут жа.

"Зянітчыкі" пасьля "Юве" у гасьцёх у Лізе ўжо дома былі пастаўлены да сьценкі і маскоўскімі армейцамі, у той час калі казанскі "Рубін" стаў так блізка да чэмпіёнскага тытулу, як у апошнія годы ў Расеі за такі час да канца турніру ня станавілася ніводная іншая каманда-прэтэндэнт на лідэрства ў футболе нашай усходняй суседкі.

Пра тое, што самае цікавае толькі пачынаецца сьведчыць і тое, што нават другі беларускі футбольны дывізіён кіпіць ужо, акультурваючы гарачэнных бабруйскіх фанатаў!

...Хоць і прэтэндэнтаў на тытул чэмпіёна ў краіне засталося, падаецца на тое, толькі два.

p.s. А памятаем жа, што колькі месяцаў назад пра беларускі футбол ведалі толькі праз "пладова-ягадныя" паводзіны спадара Шмоліка.

нашы, канкурэнты, ЧБ, Ямайка, Аргентына, Беларусь, прэтэндэнты, футбольны ўік-энд, "Шахтар", "БАТЭ", футбол

Previous post Next post
Up