Шторм ідзе на НюЁрк

Sep 06, 2008 02:52

Дык хто каго адолее?

Сьціхія - чалавека ці чалавек - яе ды канкурэнтаў, якія шчэ горш за вецер, які прыйшоў аднекуль з няблізкіх Багамаў?




Хто стане тым штормам, які зьмяце са свайго шляху ўсіх астатніх, ды перад якім ня здолее вытрываць ніхто?

Прэтэндэнтаў - чацьвёра:


- Рафаэль Надаль з Гішпаніі, першы тэнісіст сьвету, пераможца двух турніраў Вялікага Шлему-2008 і Алімпіяды ў Пекіне;
- Эндзі Мюррэй, бытанец, валодае моцнай падачай, знаходзіцца на піку формы, колькі разоў гуляў у турнірах пар з нашым Максам Мірным;
- Новак Джокавіч зь Сэрбіі, перможца Austalian Open гэтага году, для якога актыўная падтрымка бацькоў на US Open - адзін са складнікаў посьпеху гэтай яшчэ адной суперзоркі сэрбскага тэнісу;
- Ражэ Федэрэр са Швэйцарыі, пераможца чатырох (!!!) апошніх першынстваў US Open, на працягу апошніх гадоў - несумненны фаварыт усіх турніраў, які ў гэтым 2008-м аднак не перамог пакуль яшчэ ніўводным са спаборніцтваў Вялікага Шлему, на рахунку сьцяганосца швэйцарскай каманды - "толькі" "золата" у парным турніры Алімпіяды з калегай Станіславам Ваўрынкай, якое стала зьдзяйсьненьнем яго апошняй непакоранай мары ў вялікім тэнісе.

Паўфіналы пачнуцца а 11-й раніцы па усходнаўзьбярэжным часе Амэрыкі (для Беларусі - плюс 7 гадзінаў), што на час раней запланаванага раскладу, зьмененага з-за пагрозы магчымасьці вялікіх дажджоў і моцнага ветру Ганны.

Першымі на корт Arthur Ashe Stadium выйдуць Федэрэр ды Джокавіч, які дарэчы ў Аўстраліі спыніў тады першага чалавека ў сусьветным тэнісе менавіта ў паўфінале. Пазьней сустрэнуцца Надаль з Мюррэем: магчымы нават раньні пачатак гульні а 12-й гадзіне ды перанос на другі корт - стадыёна Louis Armstrong Stadium.

Увечары а 19-й па ўсходу ЗША ў жаночым фінале сыграюць амэрыканка Сярэна Ўільямс ды тэнісістка зь Сэрбіі (!) Алена Янкавіч, якія адолелі ў паўфіналах расеянак - адпаведна Дынару Сафіну ды Алену Дзяменцьеву. (Трэ сказаць, што магчымы перанос фіналу на больш позьні час - напрыклад, нядзелю, бо вечар суботы будзе тым часам, калі моцны вецер з дажджамі будзе знаходзіцца як раз паблізу тэнісных арэнаў турніру.)

p.s. Беларусы на турніры выступілі няўдала. Да другога тыдню не дайшоў ніхто з прадстаўнікоў нашай краіны ні сярод жанчын, ні сярод пар ды мікстаў, ні сярод моладзі.
p.p.s. А наша Віка Азаранка была між тым у анонсе да жаночага турніру - адной з тых сямі, каго называлі прэтэндэнткамі на тытул у маленькай стужцы, прысьвечанай пачатку US Open.
p.p.p.s. Хто цікавіцца - можна яшчэ набыць квіткі: афіцыйны сайт турніру выдае інфу пра даступныя для набыцьця 592 цікеты коштам ад $172 да $4173 кожны.
p.p.p.p.s. Прыемнага прагляду! І ціхіх штормаў ;)

Вялікі Шлем, Тэніс, нашы, ЛЕПШЫR!, Віка Азаранка

Previous post Next post
Up