Беларусы ЗША і Канады сустрэліся ў 28-мы раз
30-31 жніўня ў беларускім грамадскім цэнтры “Полацак” што ў амерыканскім Стронгсвілі недалёка ад Кліўленду прайшла Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі.
-----------------------
Вяшчае "Цішка Дзенісюк Інфармэйшн"
-----------------------
У двухдзённым мерапрыемстве прыняло ўдзел больш за дзьве сотні беларусаў Злучаных Штатаў, Канады, Англіі ды самой Беларусі.
Арганізатарамі сустрэчы выступілі Беларускае задзіночаньне Амэрыкі (БАЗА), Беларуска-Канадскі Альянс ды Беларуска-Амэрыканскі Грамадскі Цэнтар “Полацак”.
Першая частка Сустрэчы - увесь першы дзень 30 жніўня - была азнаямляльна-забаўляльна-спартыўнай, другая - першая палова запланаваных на нядзелю 31 жніўня мерапрыемстваў - мела больш фармальны ды сур’ёзны характар, трэцяя ж дала магчымасьць ня толькі падвесьці нейкія вывады ды зрабіць высновы, але і дазволіла рабіць гэта з добрым настроем.
ДЗЕНЬ ПЕРШЫ. АЗНАЯМЛЯЛЬНА-ПАДРЫХТОВАЧНА-ЗАБАЎЛЯЛЬНЫ
Беларусы Паўночнай Амерыкі зьяжджаліся на сустрэчу ўжо 28-мы раз. У гэтым годзе да сябе ў госьці запрасіў Беларуска-Амэрыканскі Грамадскі Цэнтар “Полацак”, які знаходзіцца ў невялічкім мястэчку Стронгсвіль.
Пераважная большасьць удзельнікаў сустрэчы прыехалі ў Агаё на ўласных аўто. Зарганізаваная ды самая вялікая група складзеная з жыхароў Ню-Ёрку ды Ню-Джэрсі завітала ў Моцны Гарадок (менавіта так перакладаецца назва Стронгсвіль з ангельскай) на аўтобусе, пераадолеўшы няблізкі больш чым 600-кіламетровы ды 9-гадзінны шлях. Былі й тыя, хто завітаў у мястэчка, скарыстаўшыся паслугамі авіялініяў: беларусы прыляцелі з Каліфорніі, Лас-Вегасу, Англіі. Наогул беларусы на Сустрэчу зьехаліся больш чым з дваццаці рэгіёнаў Злучаных Штатаў, Канады ды Брытаніі.
Хочацца адзначыць брытанскага прадстаўніка асабіста. Ім быў вядомы беларускі дзеяч айцец Аляксандр Надсан з Лёндану.
Ну а самы доўгі шлях, каб патрапіць на Сустрэчу, адолелі прадстаўнікі такой далёкай - каля 10 тысяч кіламетраў - і ў той жа час зусім блізкай, што жыве ў сэрцы кожнага з нас, Беларусі.
Трэба нагадаць, што беларусы Амэрыкі ўпершыню ладзілі такую сустрэчу 56 год назад - у далёкім 1952-м годзе.
У першы дзень адбыўся кірмаш, дзе наведвалінікі мелі магчымасьць набыць кашулі, капялюшы, посуд, народныя вырабы ды іншыя прыналежнасьці зь вядомымі беларускімі асобамі, гістарычнымі беларускімі сымбалямі ды ў нацыянальных колерах.
У валейбольным турніры, у якім бралі ўдзел 6 камандаў, перамогу атрымала добра падрыхтаваная да спаборніцтваў “зборная Канады”.
Увечары беларусы частаваліся традыцыйна беларускімі прысмакамі, слухалі музыку маладых беларускіх рок-выканаўцаў ды сьпявалі пад гармонік. Таксама былі паказаны стужка “Беларускі Рэзыстанс”, зробленая беларусамі Польшчы, якія дакументальна прааналізавалі антысавецкі супраціў, ды вядомы фільм Юрыя Хашчавацкага “Плошча”, у якім аўтар распавёў пра падзеі апошняй прэзыдэцкай кампаніі ды гераічныя спробы маладых беларусаў вярнуць Беларусь да цывілізаванага шляху разьвіцьця.
ДЗЕНЬ ДРУГІ. ГАЛОЎНЫ
Другі дзень распачаўся ранішняй богаслужбай.
Афіцыйнае ж адкрыцьцё Сустрэчы адбылося пасьля абеду. Спадар Вячка Станкевіч вітаў кожны рэгіён, які прадстаўлялі беларусы. Найбольшае прадстаўніцтва было ў канадскай правінцыі Антарыа ды амэрыканскіх штатаў Ню-Ёрк і Ню-Джэрсі.
“Палітыка - гэта й тое, чаго мы ня робім”
Першай удзельнікаў вітала старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. У сваім выступе яна коратка распавяла пра праблемы, якія стаяць перад дыяспарай, адзначыла ролю беларускай эміграцыі ў станаўленьні вольнай Беларусі: “Цяперашнія беларускія амбасадары прадстаўляюць Лукашэнку. А беларускі народ прадстаўляе дыяспара!” Зьвярнула ўвагу спадарыня Івонка й на тое, што зараз шмат хто з беларусаў спрабуюць заставацца па-за палітыкай: “Палітыка - гэта тое, што мы робім. Але палітыка - гэта й тое, чаго мы ня робім. А гэта яшчэ значна горш!”
Белая зайздрасьць беларусаў чэхам па-амэруканску
Выканаўчы дырэктар Цэнтру Беларускіх Досьледаў пры Паўднёва-Заходнім Каледжы што ў Канзасе былы амэрыканскі амбасадар на Беларусі ў 1992-1994-м гадах спадар Дэвід Сўорц у сваім насычаным 8-хвілінным выступе распавёў пра вельмі істотныя падзеі апошняга часу, што датычацца Беларусі. Ён выказаў
свой погляд на расейска-грузінскі ваенны канфлікт ды яго магчымыя наступствы для Беларусі, ды распавёў пра адныя зь першых яго пасьледстваў - падпісаныя дамовы паміж ЗША Польшчай ды Чэхіяй аб пачатку ўсталяваньня сыстэмаў супрацьпаветранай абароны.
Як адзін з кіраўнікоў Центру Беларускіх Досьведаў, спадар Сўорц з жалем зазначыў, што на сёньняшні дзень беларусы ў адрозьненьне ад, напрыклад, чэхаў ня маюць свайго пэрсанальнага месца на амэрыканскай зямлі, якое ведалі б ня толькі ўсе беларусы, але і амэрыканцы ды жыхары іншых краін сьвету, і куды яны б мелі магчымасьць прыехаць і пазнаёміцца з нацыянальнымі гісторыяй, культурай, мастацтвам, з жыцьцёвым укладам, сустрэцца з носьбітамі гэтых каштоўнасьцяў. І таму гэты накірунак працы - адзін з асноўных на бліжэйшыя гады. Праграма па пошуку ды выбіраньні пэрспектыўных беларусаў для навучаньня на амерыканскай зямлі дзеля будучай працы для справаў Беларушчыны на Радзіме - адзін з асноўных накірункаў дзейнасьці Цэнтру Беларускіх Дасьледваньняў. Больш падрабязна пра яго можна даведацца, наведаўшы
яго вэб-старонку.
Пасьля выступу спадара Дэвіда былі зачытаны вітальныя словы ад кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы метрапаліта Слуцкага філарэта, а таксама ад грамадска-асьветніцкага аб’яднаньня “Спадчына”.
Падчас невялічкага 15-хвіліннага перапынку ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасьць набыць беларускія кніжкі, пазнаёміцца з творамі пяці беларускіх мастакоў ды пачаставацца беларускамі прысмакамі.
Моладзь бяжыць зь Беларусі
Канферэнцыя на тэму “Год беларускай дзяржаўнасьці”, мадэратарам якой быў старшыня зьяднаньня БАЗА Віталь Зайка, пачалася з выступу старшыні таварыства “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай. Яна распавяла пра дзейнасьць аб’яднаньня за апошні год, зладжаныя таварыствам у апошні час акцыі, бягучыя ды будучыя праекты. Адзін з галоўных ды пэрспектыўных накірункаў на бліжэйшы час - гэта працяг праэкту “Год беларускай дзяржаўнасьці”. Але калі раней ён ладзіўся больш у палітычных мэтах, то зараз асноўны яго накірунак будзе мець культурна-адукацыйныя межы.
Алена Макоўская закранула таксама праблему масавага ад’езду моладзі зь Беларусі, большасьць зь якой для краіны папросту губляецца, бо пераважная частка маладых людзей не зьяўляюцца носьбітамі беларускай мовы ды культуры. “А іх веды вельмі спатрэбіліся б Беларусі ў будучыні!”, - абагульніла праблему спадарыня Алена.
Напрыканцы прамовы Алена Макоўская запрасіла ўсіх прысутных прыняць удзел у штогадовым зьездзе “Бацькаўшчыны”.
“Змагацца за сваю веру самому, але ніяк не супраць іншага!”
Выступ Валянтыны Трыгубовіч лідэркі праваслаўнага беларускага руху датычыўся па большасьці рэлігійных пытаньняў ды спробаў беларусаў зьмяніць сытуацыю да лепшага ў гэтай духоўнай частцы жыцьця краіны. Яна распавяла пра невялікія перамогі, якіх дамагліся вернікі на Беларусі ў апошні час, а таксама, нажаль, пра вялікую колькасьць нявырашаных праблемаў, што паўсталі перад беларусамі ды ныюць болем ў тысячах сэрцаў нашых суайчыньнікаў. Чаму так адбываецца? Магчыма, адказ на гэта пытаньне можна прывесьці першымі словамі Валянтыны ў яе выступе: “Да шчасьця, калі я прыязжаю сюды - а я тут ужо пяты раз - я заўсёды бачу шмат новых твараў. Але, нажаль, так адбываецца, што я не сустракаю знаёмых твараў ды сяброў”. Вельмі трапна сказала спадарыня Валянтына! Адсутнасьць салідарнасьці, пачуцьця сяброўскага пляча побач ды разрозьненасьць беларусаў - адныя з галоўных праблемаў нацыі на шляху да вольнай краіны.
І ўсё ж ёсьць пераможны рэцэпт: “Трэба самому змагацца за сваю веру! Але не змагацца супраць іншага!”
Наша Беларусь і беларуская мова - гэта тая вера, за якую змагаецца Валянтына Трыгубовіч ды яе паплечнікі і тое, што яднае ўсіх беларусаў сьвету.
“Беларусь: спадзявацца толькі на сябе”
Малады гісторык студэнт Ню-Ёркскага унівэрсітэту Ільля Куніцкі ў сваім кароткім, але вельмі зьмястоўным выступе распавёў пра ўсе стадыі беларускай дзяржаўнасьці: ад полацкіх князёў ды Вялікага Княства Літоўскага да зьяўленьня Беларускай Народнай Рэспублікі ды нарэшце самастойнай прызнанай усімі краінамі сьвету дзяржавы з назвай Рэспубліка Беларусь.
Цікавымі для аўдыторыі былі і развагі Ільлі пра нацыянальнае пытаньне ў дачыненьні да дзяржаўнасьці. Так, ужо бачна, што вялікія шматнацыянальныя дзяржавы-імпэрыі саступілі месца ў сучасным сьвеце нацыянальным адзінкам. Але, па словах Ільлі, шмат хто зараз пачынае казаць ужо і пра заняпад такіх нацыянальных дзяржаваў, якія знаходзяцца пад уціскам лябалізацыі сьвету. Нягледзячы на гэты ціск ды на тое, што “цяперашняя беларуская ўлада робіць усё насуперак нацыянальным інтарэсам, Беларусі трэба кіравацца сваімі нацыянальнымі інтарэсамі і разьлічваць выключна на сумую сябе”, - заключыў спадар Куніцкі.
Бараніць Наш “Карфаген”!
Апошнім з выступоўцаў узяў слова старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк. Яго прамова датычылася сучаснай сытуацыі на Беларусі ды яе пэрсектываў. Стасункі Беларусі з Расеяй сталі галоўным накірункам прамовы былога кандыдата ў прэзыдэнты краіны.
Гістарычны ракурс ацэнкі цяперашніх падзеяў толькі дадаў колеру выступу. 300-гадовы ціск першых людзей ўсходняй краіны з плянам, які у дачыненьні Расеі да Беларусі гучыць як некалі рымскі “Карфаген павінен быць разбураны”, зараз прыводзіць да вельмі небясьпечнага становішча для нашай краіны. Большай небясьпекі сытуацыі на Беларусі дадае знаходжаньне на пасадзе кіраўніка дзяржавы прарасейскага палітыка.
Ваенны канфлікт Расеі і Грузіі - яшчэ адзін са шматлікіх доказаў накіраванасьці нашай ўсходняй суседкі да экстэнсыўна-збройнага разьвіцьця краіны. І гэтая вайна - як дэманстрацыя ўсяму сьвету гэтага сьветапогляду, падмурак якому заклалі ўсе маскоўскія цары ды імпэратары, называючы сваю краіну ваеннай дзяржавай.
Віток гісторыі ў супрацьстаяньні беларускіх нацыянальных інтарэсаў прарасейскай палітыцы выйшаў на новы ўзровень, па словах Зянона Пазьняка, напрыканцы 2005-га году. Як раз у той час стала відавочнай спроба Расеі захапіць Беларусь эканамічным шляхам: праз авалоданьне маёмасьцю. Такую палітыку спадар Пазьняк называе Тыбецкім варыянтам акупацыі.
Сытуацыя з прыняцьцем закону аб беларускім правапісе ды выкарыстаньні адзінай яго вэрсіі з магчымасьцю прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці за памылкі пры пісьме на беларускай мове прывядзе да росту боязьні ў людзей пісаць па-беларуску, што пагоршыць і без таго вельмі кепскае моўнае становішча ў краіне. І што цікава прыцягаць да крымінальнай адказнасьці будуць тыя, хто сам не разумее беларускай мовы і ніколі на ёй не пісаў ды не размаўляў... А ўладарыць у гэты час будуць тыя, хто, магчыма, “па-расейску слова “хорошо” пісаць будзе з двума літарамі “а”...
У сваім выступе старшыня КХП-БНФ распавёў таксама пра сваё стаўленьне да новай адукацыйнай рэформы, што ладзіцца зараз на Беларусі. “Рэформа, якая павінна рыхтавацца мінімум каля двух гадоў, праводзіцца адным указам! Якая мэта гэтага ўказу?” - пытаецца спадар Пазьняк і сам адказвае: “Мэта - адна: зьніжэньне інтэлектуальнага ўзроўню нацыі”, - узгадваючы пры гэтым часы Сталіна, калі трэ было плаціць за навучаньне ў старэйшых клясах, а пераважная большасьць насельніцтва абмяжоўвалася сямігодкай.
Такая вось “лінія Сталіна” ад цяперашняй беларускай улады, якія будзе такім чынам бараніць беларусаў ад магчымасьці атрымаць добрую адукацыю...
“Бацька-адзіночка?”
Цікавымі былі адказы на пытаньні залі. На пытаньне пра зьяўленьне на грамадскай арэне трэцяга сына Лукашэнкі Зянон Пазьняк паведаміў пра новае адкрыцьцё беларускай ўлады: “Сьвет ведаў мацярок-адзіночак, зараз жа зьявіўся і першы бацька-адзіночка”.
Ідэя Балта-Чарнаморскага зьвязу расьце і пашыраецца
На пытаньне пра магчымасьць аб’яднаньня краін Балтыі, Беларусі, Польшчы, Украіны, Чэхіі, Славаччыны ў адзіны Балта-Чарнаморскі спачатку ўзяў слова Ільля Куніцкі. Ён паведаміў, што зусім нядаўна прэзідэнт Францыі паведаміў пра магчымасьць стварэньня такога зьвязу ў будучыні. Прычым, па словах кіраўніка трохкаляровых, жаданьне ў такім зьвязе браць удзел выказалі і прадстаўнікі Швэцыі.
“Для Заходняй Эўропы стала відавочна, асабліва пасьля падзеяў у Грузіі, што ў будычыні можа быць жыцьцёва неабходнаю дадатковая “мяжа” паміж сваімі тэрыторыямі ды землямі краіны, якая займае шостую частку сьвету. І такой “мяжою” можа выступіць Балта-Чарнаморскі зьвяз краінаў. Гэта вельмі небясьпечная для Расеі і карысная для ўсіх астатніх краінаў Эўропы ідэя. Не дарэмна яна выклікала такое абурэньне ў расейскіх СМІ ў 90-х гадах! Пра такі зьвяз рэгулярна трэба нагадваць беларускім палітыкам ў сваіх выступах ды праграмах і абмяркоўваць ў беларускім незалежным друку ды іншых СМІ. Гэта вельмі моцная ідэя!” - падсумаваў адказ на пытаньне Зянон Пазьняк.
Рэзалюцыя канферэнцыі Лягічнай высновай усіх выступаў прамоўцаў стала прыняцьце рэзалюцыі канферэнцыяй. У ёй зьвяртаецца ўвага на неабходнасьць зьмены палітыкі уладамі дзяржавы ў дачыненьні да беларускай мовы ды культуры, а таксама выказваецца пратэст супраць магчымага ўводу расейскай зброі ды расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі.
Канфэрэнцыя скончылася адказамі на пытаньні слухачоў з залі ды працягнулася нефармальнай дыскусіяй на ангельскай мове “Роля наступных пакаленьняў беларускай дыяспары”, якая праводзілася пад кіраўніцтвам Паўліны Сурвілла.
Мастацтва за вольную Беларусь
Пасьля на працягу больш чым пяці гадзінаў увага была пераведзена на беларускіх дзеячаў мастацтва. Наведвальнікі Сустрэчы мелі магчымасьць больш дэталёва пазнаёміцца з працамі Алеся Шатэрніка ды яго дачкі Юліі, Віктара Коласа ды іншых беларускіх мастакоў.
Са сваімі канцэртамі выступілі перад беларусамі сьвету Алла Орса Рамано ды Віялета Кавалёва, гарманіст Федзя Паўлавец (дарэчы адзіны беларускі лас-вегасавец на Сустрэчы), вядомы паэт і бард Сяржук Сокалаў-Воюш ды іншыя. Былі паказаны стужкі з запісамі выступаў вядомага беларускага песьняра Данчыка ды фільмы “Беларускі супраціў” Антося Цялежнікава і “Дзень Волі” Юрыя Хашчавацкага ды Ўладзімера Арлова.
Беларусь у маім сэрцы
Перад беларусамі замежжа стаіць зараз шмат пытаньняў, якія трэба вырашаць як мага хутчэй, бо сёньня Беларусь знаходзіца ў вельмі небясьпечным становішчы. І, магчыма, менавіта зараз (улічваючы і тэхналягічны прагрэс, і рост дабрабыту беларусаў замежжа) дыяспара мае найлепшыя магчымасьці дапамагаць сваім сябрам - змагарам за вольную Беларусь, што знаходзяцца на Радзіме - і разам зь імі рабіць нашу агульную беларускую справу. З мэтай усталяваньня кантактаў паміж усімі тымі, у каго Беларусь жыве ў сэрцы, і праводзяцца такія Сустрэчы, вынікі якіх будуць адчувацца яшчэ, спадзяемся, не адзін год.
Лаканічны рэпартаж аб падзеі ад Радыё "Свабода".