Сёння у актавай зале другога корпуса БДУІР адбылося адкрыццё восьмага тэатральнага сезона мясцовага эксперыментальнага тэатра “АРТваяж”. Мерапрыемства адбывалася ў выглядзе тэатралізаванага вечара паэзіі “Мой Серебряный век” . Сустрэча “Вконтакте” паведамляла, што гледача чакаюць “стихи поэтов Серебряного века, музыка и популярные песни того времени. Будет звучать рояль, патефон”.
Арганізатары не падманулі. Мерапрыемства яшчэ нават не пачалося, а гледача ўжо сустракалі гукі песень пачатку ХХ стагоддзя, знітаваныя з патэфона. Колькі хвілін апасля на сцэне за раялем з’явіўся піяніст, да яго дадаўся скрыпач, і, пакуль напаўнялася зала, гучала жывая музыка. Але ўсё, што я пазнаў, гэта была “Побудь со мной, моя любовь”.
Атмасферу эпохі рускага дэкадансу і абсталяванне імправізаванага літаратурнага салона стваралі не толькі музыкі, але і рэквізіт на сцэне. У глыбіні сцэны знаходзілася стылізаваная канапа, па абодвух баках ад яе, бліжэй да гледача, паўколам стаялі чайныя столікі з сервізамі. У левым куце авансцэны паставілі кантрабас. Раяль размясцілі ў правым куце сцэны разам з пастаўленым на ім гадзіннікам з маятнікам, стылізаваным пад эпоху. На першым плане перад раялем стаяў яшчэ адзін столік з сервізам. Ледзь не забыўся на вешалку з цыліндрам і фракам, якая чакала свайго часу з правага боку ад канапы (і бліжэй да канца імпрэзы яна свайго часу ўсё ж такі дачакалася). Аб тым, што дзея адбываецца ў закрытай прасторы, нагадвала вялізная рама-акно высока на задняй вопратцы сцэны. Так, у чаканні пачатку я ўжо знаходзіўся ва ўладзе рэчаў і музыкі той эпохі. Засталося толькі дачакацца дзеі.
А дзея неўзабаве пачалася. З глыбіні залы, з калідора на сцэну пачалі ўзнімацца акцёры і займаць свае месцы на крэслах і канапе. На іх была вопратка, максімальна набліжаная да эпохі. Хлопцы, дзяўчаты - усе былі прыгожыя і вельмі сур’ёзныя. Рассеўшыся, яны стварылі літаратурны салон, дзе гучалі ў храналагічным парадку гісторыі Гумілёва, Ясеніна і Айседоры Дункан і іншых.
З гісторыямі арганічна спалучаліся вершы паэтаў, якія акцёры не чыталі, але перажывалі на сцэне і існавалі ў кожным радку. Я адчуў іх экспрэсію і полымя слоў, холад незвычайнага верша пра зіму героя-футурыста і пакуты Айседоры Дункан, якая станчыла сваё каханне перад гледачамі. Выбітнай яе рысай быў яркі аранжавы шалік на шыі як сімвал прадчування катастрофы.
Кульмінацыяй тэатралізаванага вечара стала чытанне “Черного человека” Ясеніна. Да дрыжыкаў прабрала гульня выканаўцы ролі Ясеніна. Уражанне дапаўняла фонавая музыка ў стылі дэкадэнцкага цырку. Ясенін пакутваў, рваў на сабе кашулю, хапаўся за галаву, не знаходзіў месца: здавалася, акцёр бачыць таго Чорнага чалавека, аб якім распавядаў ягоны персанаж. Так стварылася атмасфера адчаю, вар’яцтва. І, пасля таго, як акцёр-Ясенін без сіл упаў на падлогу, з’явіўся музыка, апрануў фрак, які дагэтуль знаходзіўся на вешалцы, і сеў за раяль. Музыка дала зразумець, што глядач можа вяртацца ў сябе.
На сцэну падняліся члены трупы, якія не былі задзейнічаны ў спекатклі (дарэчы, іх было няшмат - толькі двое). Акцёры сабраліся разам, расказалі гледачу, што спектакль тэатра “Чаканне” будзе паказаны 26 верасня ў межах тэатральнага фестываля “Тэатральны Куфар”, і пасля спелі песню пра тэатр і надзею на лепшую ролю. На гэтым мерапрыемства было скончана.
Залу я пакідаў задаволены. Па-першае, тэатр працягвае ўражваць пошукам форм экспрэсіі - нездарма ён завецца “эксперыментальны”. Па-другое, я заўсёды з асалодаю назіраю, як рэжысёр Алана Айвары працуе з масоўкай. На сцэне ўвесь час знаходзілася шмат людзей, але кожны ведаў сваё месца, ніхто не мітусіўся, пераходы паміж нумарамі былі дасканалымі і адпрацаванымі. І падчас саміх міні-нумароў ніхто нікому не замінаў, усіх было добра чутна і бачна.
Па-трэцяе, брава акцёрам. Я не крытык, каб пісаць пра асаблівасці гульні і іншыя сур’ёзныя штукі. Скажу толькі, што яны малайцы, адыгралі на ўсе 100%, не губляліся і жылі тым момантам.
Дзякуй, “АРТваяж”, і поспехаў! Дарэчы, на наступны дзень пасля свайго выступлення на “Куфары” тэатр едзе на наступны фестываль у Санкт-Пецярбург з тым жа спектаклем. Так што пажадаем яшчэ і ўдачы і спадзяёмся ўбачыць ўражанні тэатра ад фестывалю!
Тэкст: Уладзімір Галак
Карэктар: Кацярына Маласай
Фота: узятыя з альбома сустрэчы "Вконтакте"
http://vkontakte.ru/album-30233242_142515869