начальнік рэжыму. першы раз у тэатры

Apr 07, 2013 17:42

Зянон ПАЗЬНЯК:
Разбурэньне робіцца сістэмна і пасьлядоўна, прытым не адразу, а пачаргова з паступовым насіленьнем і пранікненьнем ў дробныя справы, ва ўсю, яшчэ слаба сфармаваную макраструктуру нацыянальных дачыненьняў.

Так была ліквідавана беларуская школа і адукацыя. Так быў ліквідаваны Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа, а памяшканьне забрана дзеля патрэбаў рэжыму. (Ніхто ня мог паверыць, што такое станецца. Абсурд. Навошта? Але такое сталася.)

Так быў ліквідаваны Літфонд і выкінуты на вуліцу знакаміты Саюз беларускіх пісьменьнікаў, а будынак забраны дзеля патрэбаў рэжыму. (Такога ніхто ня мог уявіць - сталася.) Так быў расколаты Саюз пісьменьнікаў. (Навошта? -- Сталася.) Так былі ліквідаваныя беларускія дзіцячыя часопісы -- знакамітая “Бярозка” і інш. (Навошта? - Сталася.) Так было ліквідаванае беларускае выдавецтва для моладзі “Юнацтва”. (Навошта? - Сталася.) Так была зьнішчана рэдакцыя Беларускай энцыкляпэдыі, разбурана акадэмічная сістэма Акадэміі Навук, ліквідаваны Інстытут Беларускай літаратуры. (Як такое можа быць? - Можа. Сталася.) Так былі ліквідаваныя беларускія радыёстанцыі і зьнішчана беларускае тэлебачаньне. (Сталася!) Так былі спаленыя беларускія падручнікі для школаў. (Ня можа быць? Аўтадафэ? - Можа. Сталася.) Так быў складзены чорны сьпіс забароненых беларускіх музычных ансамбляў, музыкаў і сьпевакоў, некаторых выштурхнулі за мяжу. (Нельга паверыць. Навошта? - Можна паверыць! Сталася.) Так выганяюць з Горадзенскага ўнівэрсітэту беларускую прафэсуру за напісаньне кнігі пра гісторыю Гародні. (Але ж тое незаконна, гэта ненармальнасьць! - Гэта рэальнасьць. Сталася.). Так задушылі беларускі часопіс “Архэ”. Як гэта? - А так гэта. Сталася!)

Зрэшты, каб пералічыць усе злачынствы антыбеларускага рэжыму перад беларускай культурай, мне спатрэбіліся б дзясяткі старонак тэксту. А калі да гэтага дадаць яшчэ палітыку, эканоміку, фінансавую і судовую сфэры, адносіны да людзей, -- то сотні старонак...

Калі цяпер так званым “беларускім” бізнэсмэнам, што суіснуюць з рэжымам, сказаць, што ў канцовым адрэзку вынішчэньня Беларусі яны будуць ліквідаваныя разам са сваім бізнэсам ня тое што па этнічнай, але нават па мясцовай (тэрытарыяльнай) прыкмеце, то яны б, пэўна, пасьмяяліся з разумным выглядам: маўляў, якая ерунда! (“Чушь!”) Але гэтая “чушь” такога самага роду, як ліквідацыя Беларускага ліцэя імя Якуба Коласа, як “аграгарадкі”, як аўтастрада праз Курапаты, як “лінія Сталіна” (якой не было), як камэрцыялізацыя нацыянальнага тэатра. Гэта “чушь”, якая робіцца абсурднай рэальнасьцю рэжыма, дзе цемра і неадукаванасьць выкарыстоўваюцца як тактычны сродак нацыянальнага разбурэньня. (Цемры тут ужо ніхто не саромеецца. Яна легалізавана.)
http://pazniak.info/page_kantsert_dlya_analfabeta__z_arkestram

Беларусь, меркаванне, Зянон Пазьняк, першы раз у тэатры

Previous post Next post
Up