Казка „Зьмей“, (Я. Станкевіч, 1929)

May 08, 2009 02:29


Дзякуючы drygavich'у, знайшлася ўжо памянёная некалі ў суполцы казка пра зьмея і дудара са збору „Беларускія (крывіцкія) казкі“ укладзенага Янам Станкевічам у 1929-м. Казка аказалася, як асабіста мне падалося, нейкай на дзіва актуальнай для сёньняшніх тутэйшых рэаліяў. Злабадзённая нават. Пад катам тэкст казкі і ілюстрацыя да яе (з дударом!) у добрай якасьці. Правапіс арыгіналу цалкам захаваны. Усе выявы клікабельныя.





Зьмеj

У неякім краю жылі людзі бы ў раю: гаравалі, працавалі дыj бяды ня малі. Сьвет вялікі; зямлі многа; усюды вольна, - працуj на хлеб, рабі ды Бога хвалі. I жылі там людзі ў ласца, ў згодзе, ўвесь дзянёчак гаравалі, працавалі, a аб ночы аддыхалі. A прыjдзе бяда - y згодзе ратаваліся ў прыгодзе: бедным, хворым памагалі, дык i ўсе бяды ня малі.

Толькі вось адкуль узяўся j пачаў сюды лётаць страшны 3ьмеj; пачаў лётаць, пачаў дабро цягаць, a нарэсьце j людзёў хапаць ды к сабе цягаць. Нахапаў ён людзёў i даваj ставіць сабе харомы. Нахапае адусюль людзёў, згоне jix y вадно месца дыj прынукае ставіць харомы, акопаваць jіх канавамі, абсыпаць валамі ды абгароджаваць тынам, каб ніхто ня мог туды ўлезьці. Будуюць людзі, капаюць канавы, насыпаюць валы зямлі, бы горы, i патуль гаруюць, пакуль там i загінуць. A Зьмеj хапае ды валоча туды ўсе новых ды новых людзёў.
Нарабіў ён многа такіх гародаў, пралажыў паміж jix дарогі, лётае па jix ды цягае ў гароды j людзёў i людзкое дабро. Працуюць людзі, загаруюць што-кольвек, a тут наляціць 3ьмеj, абярэ ўсе, бы пожар, дыj запрэ да сябе ў гароды, a людзі пухнуць ад голаду ды мруць, бы мухі. I чым далеj, тым гарэj; няма спосабу, няма ратунку ад ліхога Зьмея.

Тым часам тыя людзі, што jіх Зьмеj навалачыў у свае харомы, жаруць сабе людзкое дабро, нічога ня робяць ды толькі сала гадуюць. Дык вось ня толькі Зьмеj, але j яны, забыўшыся сваjіх бацькоў ды братоў, пачалі па дарогах вылазіць із гародаў, бы мурашкі з мурашніку, пачалі хадзіць па сьвеце ды адбіраць у людзёў jіхняе дабро. І стала людзём гарэj ад людзёў, як ад Зьмея, бо, ведама, гэтых ліхіх слуг Зьмеевых вельмі многа. Яны, бы плоjма, усюды знаходзяць людзёў і адбіраюць у jіх, што запарвуць. Няма ў jіх літасьці - із жывога скуру дзяруць.
I пачалі яны лічыць людзёў гарэj гавяда, пачалі саромяцца, што самі яны людзі, пачалі выдумляць сабе ўсялякія мянушкі. Хто назваў сябе зьмеям, хто ваўком або медзьвядзём ці jіншым зьвяром, хто арлом, коршакам ці jіншаю птушкаю, хто якім-колечы дзеравам, і гэтак яны ўсе далі сабе мянушкі. Толькі людзёў называюць яны проста людзьмі, быццам гэта наігоршае jімя. Дык вось скуль узяліся паны Сьвінскія, Ваўкі і jіншыя…

Тым часам пастарэў Зьмеj, абясьсілеў і ляжыць, бы здыхата. Ляжыць ён на адным баку тысяча год; і пачаў ён гнісьці, пачаў так сьмярдзець, што аж нос верне. Разыjшоўся тоj смурод па ўсіх харомах; запаганіў увесь гарод. Сьвежаму чалавеку нельга падыjсьці блізка да гароду, такі адтуль верне смурод, такі ліхі імпат jідзе ад таго Зьмея. Але панове абнюхаліся дыj кажуць, што гэта пах, што гэта толькі дурныя мужыкі ня знаюцца, што сьмярдзіць, а што пахне.

Тым часам Зьмеj усе гніе ды гніе і так запаганіў гарод, што там і паном жыць ня можна. Пачалі яны адсякаць у Зьмея гнілыя ногі або што другое. Адсякуць адно, а на замест таго вырасьце пяць, а то j болі. Вось бы аднагодкі на пню. I разросься тоj Зьмеj, бы гара, разросься і абняў увесь гарод. Загніўся гарод, паішоў смурод на ўвесь сьвет. ІІрасьмярдзеліся панове дыj пачалі самі гнісьці, бы здыхата. Яшчэ гарэj стала людзём, бо панове гніюць, ядуць jіх чэрві, точаць jіх жукі; а што здаровыя, тыя ловяць людзёў, цягаюць у вагароджу ды загадуюць абмываць тоj гноj ды карміць гэнаю здыхату. Служаць людзі дохламу Зьмею, служаць тым гнілым паном, аддаюць jім апошняе, а самі ходзяць галодныя, халодныя ды толькі за працаю сьвету божага ня бачаць. Гэтак і жывуць яны ад веку да веку. Адны ўміраюць, другія родзяцца і нямашака ніякае палёгкі. І да таго дажыліся людзі, да таго падурэлі, што j ня думаюць аб лепшым жыцьцю. Jім здаецца, што гэтак і трэба, што jнакш жыць, дык і сьвет зьвядзецца. „Гэтак жылі нашыя прадзеды j дзяды; трэ j нам уступіць у jіх сьляды«- кажуць людзі дыj нічога ня робяць, каб зрабіць лепшае жыцьцё.

Але радзіўся ў тым краю хлапчук. Быў ён вельмі худы: ды вось як заняпаў змалку, дык так і астаўся на ўсе жыцьцё. Ні панове, ніхто яго не чапае, бо ён такі нехлямяжы, што нікому непатрэбны. Ен і вырас ужэ, але ўсе грае зь дзяцьмі, бы маленькі. I празвалі яго людзі Іванкам Прастачком. Узімку сядзіць сабе Іванка Прастачок на печы ды з лучынак цацкі складае, а ўлетку пясочак перасыпае зь дзяцьмі. Так пражыў ён год трыццаць.

Раз сядзіць Іванка Прастачок на зямлі каля прызбы ды перасыпае пясочак, аж jідуць тры старцы. Прыjшлі яны к хаце дыj селі на прызьбе аддыхнуць. У сяле ні жывое душы - пан усіх выгнаў на работу. Пуста, хоць падпалі. Сядзяць старцы на прызьбе, супачываюць ды насыпаюць у люлькі тытуну. Хапіліся яны, аж няма агню дыj просяць Іванку, каб ён дастаў агню люлькі закурыць. Пабег Іванка ў хату, набраў у прыгоршчы жару дыj прыносіць старцом. Закурылі тыя люлькі, падзякавалі Іванку дыj пытаюць яго, што ён робе. - Пясочак перасыпаю - кажа Іванка, - бо што ні рабіць, то ўсе на паноў тахціць. А нашы людзі дурныя, цягнуць жылы ды з усяе сілы гнуцца, дзела спраўляюць, а ліха маюць, бо паны ўсе к сабе грабуць, з мужыкоў скуры дзяруць, а то і зусім jіх к сабе бяруць, за сьвет заганяюць, б’юць, калечаць, мучаць, забіваюць і літасьці ня маюць.

Паслухалі тое старцы, галавамі паківалі, узяліся за струмэнты дыj загралі. Першы раз загралі - Іванку розум далі; другі раз загралі - у сэрца жаласьці нагналі; трэjці раз яны загралі - язык Іванку разьвязалі. Зьніклі старцы, а Іванка Прастачок стаў за дзела брацца дыj у сьвет зьбірацца. Зрабіў дудку-весялушку ды заграў сабе так гожа, што ня толькі людзі, а зьвяры j птушкі сталі яго слухаць, сталі ў круг зьбірацца. І пачаў Іванка Прастачок па сьвеце хадзіць, у дуду граць, людзёў зьбіраць ды jім праўду казаць. Як заграе, дык і абачаць людзі, што вялікая крыўда на сьвеце, што адны пануюць, другія гаруюць, адны багацьцю лічбы ня маюць, другія з голаду падыхаюць. I разьнёсься ад Іванкавае дудкі голас па ўсім сьвеце. Пачалі людзі к таму голасу прыслухацца ды розуму набірацца, пачалі думаць ды гадаць, як за праўду пастаяць.




Учулі па палацах тоj вялікі голас дыj спалохаліся слугі Зьмеевы, пачалі яны воjська зьбіраць ды Іванку Прастачка шукаць. Чуюць голас на ўсходзе - шамялях яны туды. Палашы блішчаць, пікі, бы лес, тырчаць, гарматы грымацяць, а Іванкі ня відаць. Стануць ціха, бы на паляваньню, слухаюць, стаяць. Аж тым часам чуюць голас на заходзе - грае дудка-весялушка, грае, людзёў навучае. Jідзе пошчак ад сяла да сяла, па полю, па лесе ад краю да краю. Кінуцца яны на заход: гоняць коні, бягуць самі, шаблямі зьвіняць, на зьві вецер з гармат страляюць, ды Іванкі не спаjмаюць. Гудзе дудка, грае: то засьвішча, то, бы бусел, заляскоча, то зацягне ценка, вось бы павучыньне, то так дробненька шчабеча, што ў паноў аж лыткі затрасуцца, а мароз бяжыць па сьпіне, быццам мыш туды залезла дыj скрабецца пазурамі. Вось із тых часоў слугам Зьмея ні ўдзень, ні ўночы ані каліўца спакою, бо бяды яны сабе чакаюць, бы вол даўбні. Дудка сьвішча, дудка грае; пошчак па сьвеце гуляе, людзёў навучае. Яго ні злавіць, ні з гармат забіць. Ен вольна па сьвеце гуляе, ніякіх загародак ня знае; хоць сам бязь цела, ды вялікаю сілу мае. Грае, грае, а як прыjдзе час, дык усіх ён параўняе. Оj ты дудка мая, весялушка мая!

Беларускія (крывіцкія) сказкі / Я. Станкевіч
Вільня: Друкарня „Lux“, 1929.
Правапіс арыгіналу цалкам захаваны

Злавілі злабадзённасьць? ;) Во такая роля ў вас, панове-дударове. Годзе пясочак перасыпаць.

Цікава таксама параўнаць супрацьстаяньне Зьмея і дудара (дуды) ў гэтай казцы з сюжэтам іншай казкі - Зьмей-дудар - дзе валадар зьмеяў сам грае на чароўнай дудзе, музыка якой зводзіць звычайны люд у іншасьвет.

Ну і яшчэ раз хацеў бы зьвярнуцца да ілюстрацыі з дударом. Па-першае, у энцыкляпэдыі „Міталёгія Беларусі”, дзе я гэты малюнак сустрэўшы ўпершыню, выява за нейкім мутным чортам люстрана перавернутая (дуда пад левай пахай), хаця ў арыгінале, як бачна, дуда пад правай. Подпіс мастака Язэпа Горыда сьведчыць што тут памылкі няма. Рытарычнае: навошта пераварочвалі?

Па другое: пра асобу мастака і асаблівасьці дуды на гэтым малюнку ўжо вялося, але да нейкай высновы так і не прыйшлі. Было меркаваньне, што тут выяўлена двухбурдонная дуда (адзін з гукаў ляжыць на руцэ). Але выказвалася і іншая візія, маўляў гэты дзіўны кругляк каля рукі дудара можа быць не рагаўнём (другога) гуку, але проста рагаўнём жалейкі. Дык што тут, па-вашаму?

казкі, ілюстрацыі, выявы дудароў, фальклёр

Previous post Next post
Up