___________________________________________________________________
Скокі сьмерці (deut. Totentanz, eng. Dance of Death, fr. Danse macabre,it. Danza macabra, isp. Danza de la muerte) - алегарычны сюжэт сярэднявечнага мастацтва і літаратуры, адзін з варыянтаў эўрапейскай іканаграфіі сьмерці і тленнасьці чалавечага існаваньня. Першыя "Скокі сьмерці" з'явіліся ў 1370-х гг., уяўляючы сабой нізкі рытмаваных дэвізаў-подпісаў да малюнкаў, фрэсак і палотнаў. Яны ствараліся да XVI ст.
Уласна жанр С.С. ўзьнік у Цэнтральнай Нямеччыне. Прота-тэкст, створаны дамініканцам зь Вюрцбургу каля 1350 г., як рэакцыя на эпідэмію чумы 1348 г., даволі хутка быў перакладзены з лаціны на сярэдняверхненямецкую мову: кожнаму ды-вершу арыгінала адпавядала пара чатырохрадкоўяў, якія прамаўляліся шкілетам, дэлегатам сьмерці, і сьвежапамерлым :)... у тым выданьні было 24 персанажы, сярод якіх: папа, імператар, імператрыца, кароль, кардынал, патрыярх, юрыст, доктар, манахіня, купец, повар, селянін, маці з дзіцёнкам... Сама Сьмерць акампаніруе ім на духавым інструменце (fistula tartarea). У больш позьніх выданьнях, у прыватнасьці парыжскім 1485 г., яна замененая на аркестр мерцьвякоў, у склад якога ўваходзіць абавязкова дудар, бубнач, лютніст і фізгарманіст. Інфернальнымі скокамі пачынаюцца пакуты грахоўных душаў, якія, такім чынам, зусім не ў рэчышчы візіянерскай літаратуры з яе "хаджэньнем па пакутах", а ў выглядзе сьвяточнай пляцавай пантамімы (ням. Reigen, лац. chorea ). Самотныя ды-вершы новапамерлых узыходзяць да той жа асновы.
Варта мабыць прыгадаць, дзе разьмяшчаліся фрэскі і палотны з выявамі скокаў сьмерці. Некаторыя зь іх знаходзіліся ў палацах - у Блуа, Уайтхоле, Ферары, Крайдоне. Але большасьць натуральна мясьцілася ў касьцёлах, капліцах альбо на могілках (у Парыжы, Базэле, Лондане, Пінцола, Таліне, Гародні (гл. ў Старога Ольсы :))), што значыць, у месцах прамоваў. Такім чынам, нельга штучна адрываць іх ад казаньняў, якія перад імі прамаўляліся. "Коміксы" сталі істотнай часткай глабальнага працэса аўдыёвізуальнай адукацыі па агульнай гісторыі выратаваньня, дзе сьмерць з'яўляецца пабочным прадуктам першароднага граху: і той, і іншая павінны быць скінутыя за канцом часоў...
Але, магчыма, трэ' падняцца крыху вышэй і знайсьці ля вытокаў тэатралізаваных прамоваў архаічныя скокі, хрысьціянезаваныя і пераасэнсаваныя прапаведнікамі. Сапраўды вядома, што ў Сярэднявеччы танчылі ў цэрквах і асабліва на могілках, не толькі з нагоды дзён Дуракоў, з якім вас і віншую, ці масьленічных карнавалаў, але Бязьвінназабітых, Вялікадня і г.д. , не кажучы пра хаўтуры...
Танцы на хаўтурах дажылі да ХХ ст., як і адмысловае "хаўтурнае" граньне на дудах. Прыгадваецца з гэтай нагоды адпаведны эпізод з фільму Параджанава "Цені забытых продкаў". Акрамя як у гуцульскай традыцыі, згадкі пра танцы на хаўтурах сустракаюцца таксама ў літоўскіх этнаграфічных матэрыялах, мяркую, ёсьць і ў нас.