галоўнае пытаньне

Nov 26, 2009 23:26

Чакай, калі ж эта было?.. Напэўна, мінулай восеньню, бо надвор'е было такое ж, як і зараз - захмаранае неба, ад якога пастаянна чакаеш дробнага дажджу, прахладны вецер, голыя дрэвы... Зрэшты, падобнае надвор'е ў нас стаіць па паўгады, так што гэта магло адбыцца і раньняй вясной, але мне ўсё ж падаецца, што гэта была восень.

Быў звычайны вучэбны дзень, мы тады малявалі нейкі нацюрморт. Штосьці зусім у мяне тады не ішоў працэс, натхненьня не ставала, ці яшчэ чаго, але я толькі і думаў, куды бы саскачыць. І тут раптам зазваніў мабільнік. Адна знаёмая запытвалася, ці маю я зараз вольны час, пасядзець дзе-нібудзь. Якія яшчэ маглі быць пытаньні, канешне вольны час у мяне быў, цэлая пара вольнага часу. Мы сустрэліся ў холе корпуса і выбраліся на вуліцу, на лаўкі ў закутку справа ад увахода. Было ня тое каб цёпла, але як раз каб пасядзець, пабалбатаць і папаліць цыгарэт.

З гэтай дзяўчынай я адзін час дзяліў парту ў каледжы. Яна мне падабалася, але я так і не адважыўся на нейкія сур'ёзныя адносіны. Гледзячы цяпер на мінулае, магу сказаць, што не асабліва я быў і гатовым да такіх адносінаў зь ёю, ды й яна не праяўляла нейкай цікавасьці да мяне. Так што мы засталіся проста сябрамі. А дзесьці падчас абароны дыплёма ў каледжы я даведаўся, што яна выйшла замуж. Ну а ва ўніверы нас раскідала па розным групам, так што бачыцца мы сталі яшчэ радзей. І вось яна чамусьці патэліла мне і папрасіла пасядзець паразмаўляць.


І вось мы сядзелі, я выслухоўваў гісторыю пра тое, як выкладчык па філязофіі, даволі забаўны старык, які недалюбліваў дзяўчын, выпер яе з семінарскага занятку, штосьці прамаўляў у адказ, штосьці распавядаў са свайго жыцьця, глядзеў на неба, адкінуўшыся на спінку лаўкі, і паліў цыгарэты. Яна папрасіла запаліць - і гэта чалавек, які ніколі не паліў і ў якога былі пэўныя праблемы з лёгкімі - я пачаставаў і некаторы час проста глядзеў на тое, як праплываюць хмары над галавой. Вы ведаеце, чым сапраўдная размова адрозьніваецца ад змушанай? Сапраўдная размова заўжды пачынаецца з дробязі, скокае па жыцьцёвым хвалям, замаўкае, але паўзы такія, калі маўчаць камфортна, калі гэтае маўчаньне кажа больш, чым словы. А потым яна так ці інакш падыходзіць да галоўнага пытаньня. Здараецца, што яно задаецца мімаходзь, і ты не адразу можаш зразумець, што яно зададзена. Яна задала яго паўжартам, калі мы гаварылі розную лухту пра ўзаемаадносіны палоў:

- Ведаеш, ты нагадваеш мне колкага вожыка.. Эх,.. і дзе жа ты быў раней?..

Я задумаўся і так і ня змог нічога адказаць. Дзе я быў? Ды так, нідзе, побач.

Пару месяцаў назад даведаўся, што яна сышла ў дэкрэтны.

гульня, я

Previous post Next post
Up