Jun 19, 2009 18:17
Раніца. Алкашы падцягваюцца да пункту прыёма шклотары. Жанчына з чэмаданам на калёсіках, якія страшэнна грукочуць па асфальце, я іду ззаду. Ад гэтага шуму хочацца падысьці да яе і з усяе моцы прыпячатаць тым чэмаданам. Стрымліваюсь, пераходжу на іншы бок вуліцы. Праз пару метраў пераходзіць і яна. Ты што, перасьледуеш мяне, мымра?! Спыняюсь, запальваю цыгарэту. Міма праходзіць газонакасільшчык з трыммерам, насустрач праязджае мамаша з калыскай. Дакладней, праязджае дзіцё ў калысцы, якую вядзе мамаша. Сюррэялізм падпаўзае да маіх ног. Іду далей, праходжу парк. Нейкія дзіўныя нябёсы, перакрыжаваныя хмарамі-ваблокамі, працятыя ніткамі ад рэяктыўных самалётаў, бы завуяляваныя дымкай. Я думаў, цыгарэта хоць крыху прачысьціць мазгі, аднак нічога з гэтага ня выйшла. Іду праз парк. Хлопчыкі на стадыёне разьмінаюцца перад футболам, але выглядае гэта, быццам бы хтосьці кіруе імі празь нябачныя нітачкі. Танец лялек.
На прыпынку транспарта мяне сустракае шыльда з раскладам і са сьвежанамаляваным нейкім мастаком крывава-чырвонай фарбай словам "ХУЙ". Побач стаіць знак з зафарбаванымі словамі, атрымалася "осторожно, идёт газон". Акуратненька так замалявана, жоўтай фарбай па жоўтым фоне, здалёк думаецца, што ўсё так і мае быць. Сюррэялізм паўсюль, ён пранікае і ў мяне і пасяляецца дзесьці ў раёне страўніка.
Падыходзіць тралейбус. З прылепленым за лабавым шклом перакуленым да гары нагамі дзяржаўным флагам. Як пентаграма. Унутры дзяўчынка, якая чытае шпоры. Людзі са стомленымі па дэфолту яшчэ з раніцы тварамі. Міма праязжае хуткая, AMBULANCE на капоце ў люстэркавым адлюстраваньні. Залюстэр'е, валадарства крывых люстэрак. Сюррэялізм паглынае мяне канчаткова, і больш я ні ў чым ня ўпэўнены.
Корпус. Канец. Я падымаюсь па лесьвіцы, і тут - паааххх... - свае. "Здарова!" Сюррэялізм скончыўся, пачаўся іспыт.
гульня,
БНТУ,
я