царква

Dec 05, 2008 09:47

Не магу сказаць, што я рэлігіёзны чалавек. Напэўна, як і большасьць людзей, я веру ў існаваньне нечага там, і гэтае нешта не сядзіць і не кіруе кожнай дробязьзю, а так, проста ёсьць. Таксама веру ў вядзьмарства, сурокі, лекаваньне рукамі і г.д. Не галаслоўна, досьвед маю.
Мяне хрысьцілі праваслаўным, і я ніколі ня думаў аб пераходзе ў іншае веравызнаньне. Не да таго неяк, хаця каталіцкія храмы мне больш падабаюцца з архітэктурнай кропкі погляду. У царквах амаль не бываю, крыжык не нашу. Ляжаць дома цэлых два: адзін, дадзены пры хрышчэньні, і другі, які я набыў, калі думаў, што згубіў першы. Але адзін час у мяне пастаянна рвалася цэпачка, на якой я насіў крыжык, таму, каб яго не згубіць, насіць я яго перастаў. Ды й навошта ён, калі Бог у кожнага ў душы?
Аднойчы я быў у Маскве і ня змог не завітаць у храм Хрыста Выратоўніка. Велічны храм, дасканалы ў прапорцыях, вялікі і ў той жа час сумаштабны з чалавекам. У ім, акрамя вялікай залі, ёсьць яшчэ адзін храм, унізе, пад асноўным. Нізкія каменныя аркі, просты інтэр'ер. Вылучаліся толькі іконы, старажытныя, пачарнелыя, багата аздобленыя золатам і каменьнямі. Тады ў мяне моцна разбалелася галава, нават не выратоўвалі таблеткі. І трапілі мы як раз на службу. Сьвятар сьпяваў нізкім басам, веруючые паўтаралі, хрысьціліся, усё як звычайна. Але, як толькі я ўвайшоў, то адчуў штосьці. Спалучэньне водбліскаў сьвечак у золаце ікон, голас сьвятара, які адлюстроўваўся ад сьцен і ахутваў цябе з усіх бакоў, можа чагосьці яшчэ, гэтае спалучэньне стварыла дзіўны эфект - я быццам бы кудысьці паляцеў, і боль прайшла імгненна. Я заўжды лічыў глупствам неабходнасьць стаяць пад час службаў, якія могуць доўжыцца і ўсю ноч, але тады адчуў, што мог бы так стаяць вечнасьць, слухаючы нават ня словы малітвы, а інтанацыі і спалучэньні гукаў. Дарэчы, усе малітвы, хрысьціянскія, будысцкія, мусульманскія ці іншыя, маюць асобую рэзанансную частату, якая сапраўды жываторна ўзьдзейнічае на чалавека. Тады гэта адчувалася, як ніколі. У большасьць жа храмаў ты заходзіш і мусіш шукаць гэтую іррэяльную частку ў сабе, выцягваць яе на паверхню, каб адчуць слабы водгук. Можа справа ў людзях. Мне сьмешнавата глядзець на тое, як хтосьці, праязджаючы міма царквы, пачынае хрысьціцца, ці, калі моліцца, дык кланяецца разоў дзесяць да зямлі, усё гэта больш нагадвае шаманскія танцы, бо Богу, калі ён сапраўды існуе згодны з хрысьціянскімі ўяўленьнямі, наўрацьці так неабходна выкананьне усіх гэтых рытуалаў. І мне гэта перашкаджае сканцэнтравацца. Можа справа ў ненамоленасьці царквы, ня ведаю.
Але, тым ня менш, час ад часу ўзьнікае такая неабходнасьць, прыйсьці ў царкву, паставіць сьвечку, проста пастаяць, нават калі з усіх малітваў я ведаю толькі Ойча Наш. Як ні дзіўна, гэта дапамагае.

я

Previous post Next post
Up