Котка

Oct 01, 2008 19:25

Жыў-быў я. У невялічкай аднапакаёўцы на першым паверсе хрушчоўкі, вокны якой выходзілі на вуліцу і стандартны маленькі палісаднік пад домам, зарослы травой. Пасьля таго, як пару год таму захацелася незалежнасьці, зьехаў ад бацькоў, знайшоў танную па сучасным меркам кватэру, усяго-та за дзьвесьце даляраў у месяц плюс квартплата, днём вучоба, увечары праца, па начох час ад часу халтура. Ежа, згатаваная на хуткую руку, тыпова халасьцяцкі вэрхал, дух свабоды й самастойнасьці, карацей. Пару разоў на тыдзень сустрэцца зь сябрамі, схадзіць зрэдку на якую-небудзь імпрэзу, - вось і ўсе навіны. Не сказаў бы, што мяне гэтае становішча зусім не задавальняла, але ж, час ад часу, калі нябёсы былі бясхмарнымі, і поўня сьвяціла зь іх праз вокны, выкрэсьлівая на падлозе сылюэты кактусаў, што стаялі на падваконьніку, і ператварая скамканую коўдру ў чараўнічы пэйзаж, - у такія моманты хацелася выбегчы на пустыя вуліцы й накрычэцца да хрыпаты, выказаць месяцу ўсе самотныя думкі, якія круціліся ў маёй галаве. Але ўсё, што я рабіў, - проста паварочваўся тварам да сьцяны й моцна-моцна заплюшчваў вочы. А калі гэта не дапамагала, дык даставаў пачак цыгарэт, зіпаўскую запальнічку, попельніцу, ставіў кактусы на стол, адчыняў фортачку, залазіў з нагамі на падваконьнік і запальваў першую цыгарэту. Вуліца нашэптвала мне штосьці супакойваючае, міргаў чырвоны агменьчык на канцы цыгарэты, і на ўсё гэта са стала моўчкі глядзелі кактусы.

Ведаеце, ня тое, каб я любіў вырошчваць усялякія расьліны, наадварот, мяне зусім не цягнула корпацца ў зямлі, перасаджваць розныя кветачкі з аднаго гаршчка ў другі, думаць пра дрэнаж, пра тое, ці не замала якому-небудзь фікусу будзе сонца, да таго ж іх небаходна рэгулярна паліваць, угнойваць, сачыць, каб не прычапілася да іх хвароба, карацей, з усёй прыручанай чалавекам флорай заўжды маеш вагон клопатаў, а атрымоўваеш узамен сумніўнае эстэтычнае задавальненьне. З кактусамі, аднак, усё наадварот. Фактычна ўсё, што ім трэба - гэта пару кропель вады ды паболей сонца. А яшчэ сярод іх сустракаюцца такія, што выглядаюць, нібы выхадцы зь іншых сусьветаў. Канешне, гэта не было асноўным чыньнікам, чаму яны стаялі на маім падваконьніку. Магчыма, яны нагадвалі мне сябе самога, калючага звонку, адмежаваўшагася ад усіх надзейнай абаронай, але з лагодным, добрым сэрцам, якое расцьвітае далёка ня кожнаму. А яшчэ спэцыялісты фэн-шуй кажуць, што кактусы на падваконьніку адпужваюць злодзеяў сваёй энэргетыкай. Ня ведаю, як там з энэргетыкай, але, убачыўшы кактусы на падваконьніку, кожны злодзей двойчы падумае, ці варта яму лезьці ў кватэру праз вакно. Такім чынам, у мяне на вокнах не было кратаў, затое на падваконьніках стаялі кактусы. І ніводнага злодзея.

Вось так мы і жылі: я, кактусы і кампутар, безь якога я ня змог бы працаваць.

І жыла-была котка. Аднойчы раніцай, мяне нібыта штосьці падштурхнула, выцягнуўшы з абдымкаў Марфея, я расплюшчыў вочы і, гледзячы ў столь, зразумеў, што сон кудысьці зьнік. Стаяла небывалая цішыня, сонца яшчэ толькі-толькі пачало ўзыходзіць, і яго першыя, па-восеньску кволыя промні ўтваралі ў пакоі сьветлавата-шэры прыцемак. Да званку будзільніка заставалася гадзіна, і я ніяк ня мог зразумець, што мяне абудзіла. Я павярнуў галаву, а ложак стаяў ля сьцяны галавой да вакна, і паглядзеў скрозь радок кактусаў на вуліцу. За вакном, на тым баку падваконьніка, на фоне пранізьліва-блакітных нябёсаў і верхавін пажаўцелых дрэў, стаяла чорная котка і глядзела на мае кактусы. Час ад часу яна дакраналася лапкай да шкла, быццам спрабуючы дацягнуцца да іх. Я прыўзьняўся на локці, каб лепш разгледзець госьцю, але ў той жа момант яна зірнула на мяне вялізарнымі зялёнымі вачыма і саскочыла ўніз. Я кінуўся быў да вакна, але, вядома, яе й сьлед прастыў. Я стаяў і глядзеў на тое мейсца, дзе яна толькі што была, і ўзгадваў яе аблічча. У нашым доме, як і ў большасьці іншых, жылі бяздомныя коткі, якія палявалі на мышэй, і рабілі гэта куды лепш, чым любая санстанцыя. Але ўсе яны выглядалі зусім ня так. Худыя, з кашлатай поўсьцю, заўжды напалоханыя, і па большасьці шэрыя. Ды й у суседзяў не было ніякіх котак. А гэтая выглядала так, нібыта яна ў кожным мейсцы свая, ды што там свая, сама сабе гаспадыня! Страйнюткая, з чорнай ільсняной поўсьцю і даўгім хвастом, ад яе наўпрост зыходзілі нейкія магнетычныя палі, якія прыцягвалі да сябе й казалі, хто тут галоўны. І, канешне ж, яе вочы: вялікія, смарагдава-зялёныя, з зусім чалавечым позіркам.

Як бы там ні было, котка зьбегла, а мяне чакаў штодзённы спіс спраў. Зноў пары, зноў праца. Аднак тая ранішняя сустрэча ніяк не выходзіла з галавы.

Мае знаёмыя неаднаразова прапаноўвалі каго-небудзь завесьці. Хто рыбак, хто папугайчыка, хто сабаку, хто котку. Маўляў, усё адно весялей зь імі. Мяне больш прываблівалі коткі, гэткія мілыя пухнатыя істоты, якія ва ўсім сьвеце яшчэ й лічыліся за магічных жывёлаў. Я нават прыглядаўся да кацянятаў, якіх адна дзяўчына аддавала проста так, у добрыя рукі. А потым убачыў іх тату, здаравеннага блакітна-шэрага пэрсыдзкага ката. Нягледзячы на тое, што ён лічыўся за члена сямьі, адчуваў ён сябе ейным главою. Ляжаў на сваім любімым фатэлі, да якога не падпускаў нікога, узяць яго на рукі магла толькі тая дзяўчына, але нават тады ён рабіў такі выгляд, быццам бы яго забіраюць на жывадзёрню. Я ўжо не кажу пра тое, як ён глядзеў кожны раз на самы лепшы корм, што насыпалі яму ў міску, нібыта там ляжыць атрута. Пасьля думкі, што гэтыя маленькія пухнатыя камячкі могуць вырасьці ў такога ж сноба, я вырашыў пачакаць заводзіць сабе хоць каго-небудзь.

Увечары я позна вярнуўся дадому. Было ўжо цёмна, надвор’е сапсавалася, з хмараў, што зацягнулі неба, сыпаў дробны дожджык. А гэтая чартоўка зноўку сядзела на вакне на кухні. Было бачна, што яна прамокла, але трымалась яна з годнасьцю добра выхаванай у інстытуце высакародных дзяўчын ангельскай дамы. Я падышоў да вакна і паглядзеў на яе. Трэба было б даць ёй чаго-небудзь паесьці, але ў лядоўні было пуста. На шчасьце, адшукаліся малако й хлеб. Падцяпліўшы малако, я наліў яго ў талерку, паставіў на падваконьнік, палажыў побач хлеб і адчыніў вакно. Котка насьцярожана падабралася, прынюхалася, але ня зьбегла. Нарэсьце, зрабіла крок і наблізілася да малака. Пакуль яна піла, я стаяў побач і глядзеў на яе. Нават зараз яна рабіла ўсё зь нейкай вытанчанай грацыяй, і, як і заведзена ў вышэйшых сфэрах грамадзтва, крыху недапіла да канца, а потым паглядзела на мяне і ціхенька мяўкнула. Я ледзь-ледзь падаўся наперад, яна на той жа міліметр адсунулася назад, трымаючы дыстанцыю. Тады я адышоў на паўкрока назад. А котка павяла коньчыкамі вушэй, махнула хвастом і скокнула на вуліцу. Мне ж нічога не заставалася, як правадзіць яе позіркам.

І так кожны раз. Яна праважала мяне раніцай і сустракала ўвечары. Апантаны ідэяй яе прыручыць, я кожны дзень прыдумляў новыя хітрыкі. Яна ж з гатоўнасьцю прымала правілы гульні, насьмешліва паглядаючы на дзівоснага чалавека, які спрабуе дамагчыся свайго. Аднак усё, чаго я дамогся - гэта паблажлівага дазволу паказытаць за вушкам. Ні ў якую гэтае стварэньне не хацела прамяняць вольнае жыцьцё на цёплую кватэру. Хаця калі б яна згадзілася, я бы ня стаў запіраць яе на сем замкоў, каб яна ня зьбегла. Коткі такія істоты, што знойдуць шчыліну дзе заўгодна, калі ім спатрэбіцца. Проста мне сапраўды хацелася, каб яна пасялілася ў мяне, хацелася ведаць, што цябе чакае дома такое чароўнае стварэньне. А калі захоча - хай сабе зьбягае. Але як я мог гэта ёй растлумачыць? Пэўна, ніяк.

Апошні раз я бачыў яе увечары, позьняй восеньню, за некалькі тыдняў да першых халадоў. Нібыта старыя знаёмыя мы пасядзелі на падваконьніку, на якім даўно ўжо не стаяла ніводнага кактуса, - я пакінуў толькі пару штук, а астатнія раздарыў знаёмым. Котка павольна хлябтала малако, высоўваючы маленькі ружовы язычок, і памахвала хвастом. Потым яна пацягнулась і, варкочучы, пацерлась аб маю нагу. Ткнулася носікам у далонь, паглядзела на мяне, мяўкнула штосьці на разьвітаньне, падскокнула і зьнікла ў цемры вуліцы. А я сядзеў і глядзеў у сьлед, зусім як пры першай сустрэчы. Яна была так блізка, што можна было бы спакойна схапіць яе, замкнуць у кватэры, пратрымаць гэтак дзень, тыдзень, месяц, пакуль яна не прыручыцца. Але я ведаў, што гэта ня той выпадак, што тут толькі яна вырашала, як ёй быць, а я мог толькі назіраць.

З тых дзён прайшло ўжо шмат часу. Мінула зіма, прыйшла вясна. Я ўжо пачаў думаць, што гэта быў усяго толькі сон. Што ў тую раніцу я насамрэч спаў і прачнуўся ад будзільніка, а ўсё астатняе прысьніў, дадумаў. Аднак на падваконьніку дагэтуль стаіць талерачка, у якую я наліваў цёплае малако, а кактусы я сапраўды параздаваў знаёмым. Значыць, гэта было. Мо’ калі-небудзь, раніцай, вернецца яна, тая котка?..

гульня, я

Previous post Next post
Up