У роспачы ад таго, што ўчорашнюю сустрэчу з панам Вольскім адмяніў, а, дакладней, перанёс, сам пан Вольскі з-за нечаканай хваробы, набыў, не пашкадаваўшы 19 тысячаў, кружэлку з альбомам.
Самі песьні даўно былі ўжо спампаваны зь сецівы, кліп таксама быў убачаны, але ж вось усё роўна не шкадую, што набыў альбом.
Па-першае, падтрымаў айчаннага музыку.(:
Па-другое, там ёсьць караоке. Музцэнтра з функцыяй караоке ў мяне няма, але тым не менш.(:
Па-трэцяе, там ёсьць тэксты песень зь гітарнымі акордамі. А гэта ўжо карысна.
Па-чацьвертае, там ёсьць даволі мілая прадмова ад пана Вольскага.
І па-пятае, там ёсьць вясёлы слоўнічак, вытрымкі зь якога вы можаце ўбачыць ніжэй, пад катам.
"РАБЯТЫ З БАДУНЦА"
Бадунец - псыхічна-фізычная залежнасьць, што ўзьнікае пасьля прыняцьця алькагольных прадуктаў. Звычайна выяўляецца раніцай.
Коркі - прыколы, цікавыя рэчы. Але ў дадзеным кантэксьце можа быць трактаванае ў звычайным сэнсе - тое, чым закаркоўваюць бутэлькі.
Цёлкі - дзяўчыны.
"ЖРЭА-ЖЭС"
ЖРЭА - таямнічы й злавесны скарот. Хутчэй за ўсё, ЖРЭА - найгалоўнейшы на раёне ЖЭС.
ЖЭС - бадай, жыльлёва-эксплюатацыйная служба. Там працуюць пашпартысткі, сантэхнікі і іншыя сур'ёзныя людзі.
"ПАЛІТЫЧНЫ КАМЭНТАТАР"
"Умывальнікаў начальнік і мачалак камандзір" - цытата ўжытая не дзеля таго, каб пакпіць з шаноўнага камэнтатара, а каб падкрэсьліць ягоную значнасьць. Усе ж паважаюць Майдадыра.
Аграгарадок - чалавечае паселішча. У аграгарадках жывуць людзі, назва якіх пачынаецца з "агра" - аграномы, агранаўты, агратурысты, аграрыі... Шмат хто там, карацей, жыве і працуе.
Агілера - дробная заходняя спявачка, якую нават тварам дзяржавы не прызначылі.
"ТЭРМІНАТАР"
Блакіраваць, расьсякаць - рэгуляваць рух чалавечых масаў на розных неафіцыйны мерапрыемствах.