Jul 02, 2008 11:58
на пытаньне, ці патрэбная мэта, я адкажу "ТАК". павінен быць гэты загадкавы пункт Б, куды вядзе дарога твайго жыцьця. зрэшты, дарога ёсьць і нікуды не зьнікне, але нам уласьціва на нешта арыентавацца, на нейкі кіламетровы слуп, блізкі альбо далёкі, але ён насычае нашыя крокі наперад сэнсам. так хочацца ведаць, ШТО там, на шляху тваім, але даведацца можна толькі праз паступовае скарачэньне адлегласьці.. ці атрымаецца задуманае? ці не памыліцца яго вялікасьць Выпадак? але кідаць наперад арыентыры патрэбна. як Сталкер - спачатку кідаць рэч наперад, а потым ісьці да яе.
на пытаньне, ці патрэбны жыцьцю ідэал, я адкажу "НЕ." ідэал засьмечвае сённяшні дзень і дэфолтам робіць яго толькі наступнай прыступкай да нечага іншага. ідэал перашкаждае атрымліваць асалоду ад кожнага кроку. так мы ўсе цудам атрымоўваемся Сізіфамі, расказваем пра яго міфы, не зважаючы, што ў яго ролі самі таньчым усё жыцьцё, цягаем непатрэбныя камяні, каб толькі напрыканцы шляху даведацца, што яны непатрэбныя.
Смак жыцьця... у чым ён хаваецца? Што ж... у кожнага свае густы... І гэта падае надзею не заблукацца ў натоўпе. Кожны імкнецца пакоцаць відэльцам злосным сваё жыцьцё, пакласьці яго на талерку, каб потым пакаштаваць. А мне здаецца, што смак жыцьця ў тым, што ён, як тая мара - неадольны, а таму прывабным застаецца кольвеч.
думаю так, каб любіць кожны свой дзень - усё ж трэба ведаць, што гэта не марна. ведаць, што нешта адбудзецца. не верыць, а ведаць. мець канкрэтныя рэалізацыі канкрэтных плянаў.
Успаміны б'юць скроні. Мне ўсё часьцей і часьцей здаецца, што тое, што зараз адбываецца - толькі цень мінулага, яго пародыя, яго штучны непаўнавартасны вобраз. бяссмачны, бясколерны, несапраўдны. і не ў тым справа, што зараз так дрэнна. так, зараз цяжка. і самае сумнае, што няма нічога наперадзе, няма таго кіламетровага слупка, куды мне трэба патрапіць. няма нават сіл спадзявацца, што сапраўдныя дні зноў надыдуць. так, аднойчы пакаштаваўшы найлепшыя рэчы, зноў імкнешся міжволі да іх. сон пад шэрымі хмарамі, а ў ім - неба.
карціць хутчэй зняцца ў падарожжа, дзе ўжо звыклае асяроддзе пакладзе халодную руку на маю палаючую галаву, і я, шчасьлівы ўладальнік нябачных крылаў, палячу над самотным начным возерам. інакш хутка я зусім заблытаюся ў гэтых хваравітых высновах. а там усё стане на свае месцы, празрыста і зразумела.
з.ы. а пакуль што, айда на лецішча, на самотныя маўклівыя пагоркі майго дзяцінства, парослыя мяккай расьліннасьцю пад гудучымі правадамі ЛЭПу. заганяцца й бегаць па росных травах, узірацца ў далёкія краявіды вёсак, караскацца па дрэвах, корпацца на гародзе, лекаваць сваю гарадскую менскую дэпрэсію.
з "трэцім ліпенем" тых, хто застаецца!
the times they are changing,
гутаркі з сабой