Nov 21, 2011 18:16
ёсьць у нас музычны клас у школе - за актавай заляй, тры прыступкі ўніз, пяць крокаў у цемры, і - дошка, парты, барабаны ў куце і піяніна ля вакна. на перапынку, калі яшчэ не прыйшлі вучні, я села на ўслон ля піяніна, выпадкова кімсьці пакінутае адкрытым з вечара. а снег такі мяккі за вакном, паўзмрок раніцы яшчэ, такія нязвыкла белыя сняжыстыя матылькі круцяцца ў паветры, халодна і незвычайна лёгка. не, я ня ўмею граць на піяніна, а тыя колькі практыкаваньняў, якім навучылі мяне ў дзяцінстве, ужо забытыя. толькі раптам пальцы самі кранулі клавішы.. якое незвычайнае пачуцце! яшчэ і яшчэ раз.. белыя і чорныя.. высокія ноты і нізкія.. не, сапраўдны музыка б напэўна плакаў ад майго "граньня," але я слухала гэтую нязграбную мелодыю, што гралі мае рукі, адчувала пяшчоту клавішаў.. і глядзела, як паўз мяне лятуць сняжынкі. велічна, ціха, спакойна. і я заўважыла, што ўсьміхаюся. у гітары іншы настрой. калі яе трымаеш, то абдымаеш дрэва, гук ідзе з-пад тваіх рук непасрэдна. а гэта ж - цуд. націскаеш на клавішу - і гук ужо звонку, ужо ў паветры, ужо пераплецены з навакольным асяроддзем.
зіма, холад, першы сьнег, раніца і піяніна ў зацішным класе старой школы на камсамольскім возеры. калі я глядзела ў вакно, то ведала - яшчэ шмат людзей зараз дзівяцца на сьвет, назіраюць за чысьцінёй моманта, хтось едзе ў транспарце, а хтось здымае з галавы шапку ці капюшон, каб магічная веліч і яго трызьненьні супакоіла. нарэшце зіма. а значыць, усё цяплей ў дамах, ярчэй сьвятло вагню, гарбата і віно аднолькавай гарачыні, гучыць Сінатра і ягоны заліхвацкі джаз. а людзі.. становяцца бліжэй адзін да аднаго.. трымайцеся разам, уважліва і проста, і няхай жа вам спакойнае шчасьце гэтай зімкаю прыветным будзе.
жыцьцё,
the times they are changing,
горад