на шляху да будучай класавай вайны

Oct 24, 2011 14:05


Жыццё ў “час зменаў” працягваецца. Дастаткова параўнаць кастрычнік-2010 з кастрычнікам-2011, каб упэўніцца - мы назіралі
сапраўдны парад пераўвасабленняў. Цяпер Пракаповіч - гэта сайт, а МВФ - гэта ЕўрАЗЭС. Нязменная адзіная рэч - тэндэнцыя вырашаць праблемы за кошт працаўніка вытворчага сектару ці сферы сацыяльных паслуг. Таго самага, што жыве з заробку і не паспеў атрымаць ільготны крэдыт на жыллё. З насоўваннем на яго рысы галечы, Беларусь канчаткова ператвараецца ў класавае грамадства.
 Пішацца гэта не з мэтаю аглушыць марксісцкімі канатацыямі, аднак і недзеля ўпадабанай метафары. Несправядлівасць таго, што дзеецца ў нашай краіне ў сферы стварэння і размеркавання выгодаў (“эканоміка”), набывае скрайнія формы. Наша сацыяльная "несправядлівасць” - акселерат. Яшчэ ў сакавіку яна была збянтэжаным падлеткам, цяпер жа ж распачынае самастойнае дарослае жыццё. Як вынік, робіцца ўсё цяжэй апісваць бягучыя эканамічныя падзеі і не ўжываць выразу “класавая вайна”.

Ад свайго стварэння наш сайт заклікаў да працы з гэтым складаным падлеткам - сацыяльнай несправядлівасцю. Мы пачалі з апісання некаторых асаблівасцяў яго пераходнага ўзросту, распавялі пра непазбежнасць сталення і ўсё большага пераймання ў сваіх замежных суродзічаў. Было гэта яшчэ да прэзідэнцкай кампаніі 2010-га. На той момант “сцежкі разыходзіліся” і рэжым яшчэ мог абіраць па якой з іх крочыць да задач, пастаўленых 3-ім Усебеларускім народным сходам.

Дэманстрацыя рэжымам сілы 19-га снежня 2010 г. адчыніла браму для сур’ёзных фінансава-эканамічным цяжкасцяў. Мы адрэагавалі на гэта прагнозам пра сыходжанне сцежак. І вось праз 10 месяцаў краіна стаіць у кропцы іх зліцця. Адсюль нашаму акселерату ўжо зусім недалёка да сталасці. Зрэшты, яго будучыя манерыпаводзінаў могуць быць з дакладнасцю убачаныя ўжо цяпер. Трэба толькі прыгадаць тое-сёе з напісанага раней …

Як мы разумеем сацыяльную несправядлівасць
Спрэчкі на тэму эканомікі робяцца вартымі ўдзелу толькі тады, калі з’яўляецца магчымасць выйсці па-за межы адных толькі маральных ацэнак ці ідэалагічных меркаванняў. Г.зн., што патрэбны такі тэст на сацыяльную “справядлівасць” (і адпаведнае адзначэнне), вынік якога на залежаў бы ад асабістых прыхільнасцяў карыстальніка. 95% усіх эканамічных ацэнак, якія вы чуеце з беларускіх СМІ, запазычаныя ў адной школы эканамічнай думкі - “неа-классічнай”. Яна замяняе сацыяльную справядлівасць эфектыўнасцю, але не абы якой, а “эфектыўнасцю [размеркавання] паводле Парэта”. Ніколі не чулі пра такую? Не дзіва, большасць тутэйшых экспертаў “неа-класічнага” разліву ў тым жа ж становішчы што і вы. Што гэта можа сказаць нам пра якасць іх каментароў? Вырашайце самі.

Мы аддаем перавагу іншаму падыходу (“класічнаму” у супрацьвагу “неа-класічнаму”). Наш тэст просты: ці робіць сістэма магчымым для пэўнага кала агентаў працяглае атрыманне аднымі і тымі ж спосабамі эканамічнай рэнты?. У нашым базавым тэксце тэма эканамічнай рэнты разбіраецца пакрокава, у прыватнасці, у ім прыводзяцца яе чатыры эквівалентныя азначэнні. Самае простае з іх: “рэнта - гэта прыбытак без адпаведных вытворчых выдаткаў”.

Я не вазьмуся раскрыць тэму рэнты ў некалькіх сказах (зацікаўленым у глыбокім разуменні: гл. спасылку вышэй). І ўсё ж адну з яе ўласцівасцяў трэба абавязкова ўзгадаць: эканамічная рэнта дэманструе тэндэнцыю ўзнаўляць самую сябе. Гісторыя поўная прыкладаў таго, як пэўныя сілы канвертавалі атрыманую эканамічную рэнту у палітычны ўплыў, каб надалей канвертаваць той у стварэнне пад сябе магчымасцяў для атрымання ўсё большай эканамічнай рэнты. Гэта не мусіць здзіўляць: калі прыбытак не
абцяжарвае цябе вытворчымі выдаткамі, зэканомленыя рэсурсы можна пусціць па пашырэнне ўплыву і лабісцкую дзейнасць. Кожны урок у гэтым напрамку сілкуе наступны, у выніку, ствараючы небяспечную для ўсёй сістэмы дынаміку.

Паміж двума мадэлямі сацыяльнай несправядлівасці.

Нават, пры такім вузкім азначэнні сацыяльнай несправядлівасці, таяможа мець адценні, звязаныя з пэўным гістарычным перыядам. Менавіта таму ў нашым базавым тэксце мы прапанавалі пазначаць паняткам “рэнта з чорнай скрыні” сукупнасць практык паразытавання на фінансавых плынях дзяржпрадпрыемстваў з боку іх менеджменту/чыноўнікаў і набліжаных прыватных структур:

“не абавязкова быць уласнікам актыву, каб атрымліваць частку ад створанай ім рэнты. Дастаткова быць у стане ўплываць на прыняцце рашэнняў … ў сённяшняй забюракратызаванай сістэме кіравання дзяржаўнай уласнасцю, кожнае стратнае прадпрыемства - гэта своеасаблівая чорная скрыня, у тым сэнсе, што прычына яго стратнасці ніколі не відавочная і можа быць вынікам і тэхналагічнай састарэласці вытворчасці, і няздатнага кіравання, і рэнтнага цяжару, а часцей за ўсё, сукупнасці гэтых фактараў … ”

Тамсама мы заўважылі, што паміж ўплывовымі рэнтаатрымальніцкімі практыкамі і існым палітычным рэжымам заўсёды ўсталёўваюцца сімбіятычныя дачыненні. Альбо стасоўна нашага выпадку: “сістэма з вялікай доляй дзяржаўнай уласнасці і некаторымі элементамі цэнтральнага планавання савецкага ўзору спараджае адметны “рэнтны рэжым””. Напачатку менавіта “рэнта з чорнай скрыні” была пакладзеная ў яго падмурак.

Аднак мы не адны ў гэтым рэнтацэнтрычным свеце. Распаўсюджаныя ў кранах залатога мільярду спосабы атрымання рэнты знаходзяцца на вышэйшым эвалюцыйным узроўні: не чыняць прамой шкоды вытворчаму сектару, амаль нябачныя, цалкам законныя ды нават здольныя выклікаць энтузіязм мас.  Большасць з іх абавязаныя сваім існаваннем цяперашняй грашова-крэдытнай сістэме і часта звязаныя з кіраванай інфляцыяй цэн актываў (напрыклад, нерухомасці). Ізноў, больш падрабязна гэтае пытанне было разабранае ў базавым тэксце. Тут будзе дастатковым заўважыць, што інстытуцыйнае асяроддзе (не ў
апошнюю чаргу палітыка Нацбанку і падатковая сістэма) у 2-ой палове 2000-ых спрыялі станаўленню падобных практык у Беларусі.
Будаўнічы бум апошніх год засведчыў паўставанне шырокай рэнтаатрымальніцкай кааліцыі “сучаснага” фармату (дэвелаперы, банкі, мясцовыя чыноўнікі на раздачы земляў, вярхушка сістэмы МінБудАрхітэктуры). Аднак, не гледзячы на фантастычнае ўзбагачэнне,набраць крытычную масу і перарабіць сістэму яна была няздольная. Да ўсемагутнасці ёй не давала дацягнуцца практыка дэрэктыўнага стварэння крэдыту праз дзяржбанкі для фінансавання дзяржпраграм. Такім чынам, адзін з падмуркаў існага рэнтнага рэжыму - а дырэктыўнае крэдытаванне дзяржпрадпрыемстваў напаўняла чорныя скрыні - адначасова быў перашкодаю на шляху да яго канчатковага апгрэйду.

Рэнтны цяжар

Змена пануючых форм эканамічнай рэнты - важны момант для разумення напрамку, у якім рушыць краіна. Аднак сацыяльная несправядлівасць вызначаецца не столькі формаю, колькі цяжарам, накладзеным рэнтаатрымальніцтвам на яе гаспадарку. Эканамічная рэнта як у форме ўзятага з “чорнай скрыні”, так і ў форме высокіх цэн на актывы (напрыклад, нерухомасць) мае за непасрэдны вынік павышэнне кошту жыцця і вядзення бізнесу. І гэта толькі пачатак, бо пры пэўных умовах (адна з якіх - адкрытасць для знешняга гандлю) такую эканоміку чакаюць падзенне канкурэнтаздольнасці нацыянальных вытворцаў, адмоўнае сальда знешняга гандлю, рост знешняй запазычанасці і нават дэіндустрыялізацыя.
У выпадку пост-сацыялістычных краін, да гэтага цяжару дадаецца натуральная тэндэнцыя да адмоўнага сальда ў знешнім гандлі таварамі: краінам трэба кампенсаваць тэхналагічны і арганізацыйны разрыў з “залатым мільярдам”. Напрыклад, усе тры краіны-суседкі Беларусі, удзельніцы ЕЗ, мелі устойлівае адмоўнае сальда гандлю таварамі з 2002 па 2009 гады.

Латвія і Летува фінансавалі дэфіцыт, пераважна, праз пазыкі дачынных банкаў-рэзідэнтаў у сваіх заходніх мацярынскіх структурах. Польшча у большай ступені абапіралася на прамыя замежныя інвестыцыі і ўнутрыкарпаратыўныя пазыкі небанкаўскіх  прадпрыемстваў (падрабязны разбор гэтага істотнага пытання тут). Пайсці тут шляхам Польшчы Беларусі, нажаль, замінае прырода існага рэжыму. Пайсці “прыбалтыйскім” шляхам было магчыма яшчэ ў пачатку 2011-га, на шчасце (тлумачэнне тут), гэтага не здарылася.

Такім чынам, ужо за некалькі год да крызісу-2011 Беларусь сутыкнулася з двума найбольшымі макраэканамічнымі рызыкамі, звязанымі з феноменам  эканамічнай рэнты: (а) рост уплыву на эканамічную палітыку з боку рэнтаатрымальніцкіх кааліцый; (б) узмацненне рэнтнага цяжару і пагрозлівае пагаршэнне балансу знешняга гандлю (адпаведныя лічбы можна пабачыць тут і тут).
Аннушка разлівае алей
Сусветны фінансава-эканамічны крызіс 2008 г. прыводзіць да працяглага падзення знешняга попыту на беларускія тавары, найперш з боку Расіі. Рэжым звяртаецца ў пачатку 2009-га па дапамогу да МВФ, той выстаўляе досыць лагодныя ўмовы. У выніку рэалізацыі “праграмы падтрымкі” рэжым займеў сродкі, неабходныя для падтрымкі плацежнага балансу, а МВФ правёў “разведку боем”. Па заканчэнні праграмы ў 2010-ым рукі рэжыму ізноў развязаныя і ён з энтузіязмам бярэцца за крэдытна-эмісійнае стымуляванне росту. МВФ агалошвае, што абавязковай умоваю рэалізацыі любой наступнай праграмы з Беларуссю будзе скасаванне практыкі дырэктыўнага крэдытавання.

Сам факт стымулявання эканамічнага росту варта было б вітаць, але не будзем забывацца, што кропка прыкладання крэдытнага імпульсу абіраецца ўва ўмовах рэнтнага рэжыму. Вось што мы пісалі ў артыкуле, прысвечаным гэтай тэме:

“[У 2009 і 2010 гг.] памер замежнага гандлю так і не дасягнуў узроўню 2008-га, асобныя галіны прамысловасці раслі з вельмі рознай хуткасцю, не ўва ўсіх галінах вытворчасць дасягнула дакрызіснага ўзроўню, а будаўніцтва расло хутчэй, чым у дакрызісныя гады. І калі падзенне экспарту і, адпаведна, вытворчасці “машын, абсталявання і транспартных сродкаў” на $2,8 млрд. у 2009 годзе ў параўнанні з 2008-ым было выкліканае знешнімі прычынамі, то рост у будаўнічай галіне стаўся вынікам эканамічнай палітыкі уладаў …
Стаўка на стымуляванне будаўніцтва пры вельмі павольным аднаўленні знешняга попыту на прадукцыю прамысловасці толькі ў 2010-ым прыводзіць да пагаршэння балансу знешняга гандлю на $2 795 млн. (падрабязней пра сам разлік тамсама). Выглядае як учынак варты высоўвання вярхушкі рэжыму на прэмію Дарвіна? Не абавязкова:

“Чаму ж, у такім разе, адбылося тое, што адбылося? .. Як і ў любой іншай эканоміцы з шырокімі магчымасцямі для абраных сацыяльных груп атрымліваць эканамічную рэнту, у РБ рост ВУП вядзе да непрапарцыйнага размеркавання звязаных з ім выгодаў сярод жыхароў. І будаўніцтва грае ў такім размеркаванні адметную ролю.” (тэкст цалкам)
Такім чынам, да прэзідэнцкай кампаніі-2010 рэжым падышоў у вельмі кепскай форме: узмацненне рэнтнага цяжару, блізкае да катастрафічнага пагаршэнне гандлёвага балансу, неабходнасць тэрміновага пошуку знешняга фінансавання, патрэба ў перадвыбарчых папулісцкіх фокусах.

Пераўвасабленне

Мянтоўская гаўнаакцыя 19 снежня заганяе нашага пазычальніка ў пастку: новая праграма з МВФ (пры ўсім жаданні з іх боку) робіцца палітычна немагчымай, выключэнне з гульні “міжнароднага крэдытора апошняй інстанцыі” аўтаматычна зачыняе іншыя шляхі на арганізаваны рынак даўгавых абавязальніцтваў як для банкаў, так і для Ўраду (больш падрабязны разбор быў зроблены намі тут).

Адначасова, амаль усе эканамічныя агенты ўнутры краіны (ад банкаў да хатніх гаспадарак) з розных прычынаў уключаюцца ў спекулятыўную гульню супраць Нацбанку. Згубіўшы мачымасць лавіраваць паміж патэнцыйнымі крэдыторамі, рэжым ступае у бездань …
Далейшае разгортванне эканамічнага хаосу наўрад ці варта пераказваць (некаторыя каментары былі прапанаваныя намі тут тут). Нацбанк прайграе, а разам з ім тое робіць уся краіна калі ў чэрвені рэжым падпісвае дамову з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС. З гэтага моманту, паводле меткага азначэння пана Мясніковіча, краіна пачынае жыць паводле “окончательных матріц” (гл. старонкі 53-58 вось гэтага дакументу). У прыватнасці, рэжым прымае на сябе наступныя абавязальніцтвы:
  • ”Чистое кредитование государственных программ за счет ресурсов Правительства: в течение 2011 года составляет не более 4% ВВП; в течение 2013 года - не более 1% ВВП”
  • З лютага 2012 г. ”Все операции по кредитованию государственных программ, не размещенных на условиях конкурса, осуществляются через Банк развития … Чистый прирост требований Правительства к коммерческим банкам в течение 2013 года составляет не более 1% ВВП.”
  • Таксама прынятыя абавязкі па атрыманні ”доходов бюджета от реализации государственной собственности” на 2011-2013 гады ”Дефицит бюджета сектора органов государственного управления: за 2011 год не превышает 1,5% ВВП; за 2013 год не превышает 1,0% ВВП”
  • Пры гэтым ” Удельный вес заработной платы работников бюджетной сферы в общем объеме расходов консолидированного бюджета: 2012 года остается на уровне 2011 года, 2013 года остается на уровне 2011 года”
  • ”Объем депозитов банков в иностранной валюте, размещенных в Национальном банке, в соответствии с договорными сроками погашения снижен: на 1.10.2013 года на 1131,8 млн. долларов.”
  • ”Уровень международных резервов: на 1 октября 2011 года составляет не менее 1,3 месяца импорта; на 1 октября 2013 года не менее 2 месяцев импорта”
Калі пераказаць тое чалавечай мовай, то: рэжым паступова адмаўляецца ад практыкі дырэктыўнага крэдытавання; краіна ўступае ў эканамічную рэцэсію без магчымасці стымуляваць унутраны попыт і ўжываць меры антыкрызіснай сацыяльнай палітыкі; адзіны шлях да стымулявання, які ёй пакідаюць - распродаж дзяржуласнасці; пры гэтым больш за палову атрыманых ад фонду $ 3 млрд. мусяць быць замарожаныя ў рэзервах ці вернутыя банкам (сярод якіх нямала, упс, банкаў з расійскім капіталам) …

Як вам такая здзелка?
Не спяшайцеся з адказам, паводле ацэнак МВФ у 2012-2014 гг. Беларусі трэба будзе вярнуць крэдыторам альбо рэфінансаваць (г.зн. пазычыць наноў, каб выплаціць старыя даўгі) па $ 4 млрд. штогод. Ведаючы пра гэта, у сваім заключэнні Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС адкрыта раіць рэжыму “привлечь дополнительные финансовые ресурсы как за счет приватизации и новых прямых иностранных инвестиций, так и в виде займов МВФ и других МФИ”. Такім чынам, “окончательные матріцы” - гэта толькі пралог у навязвання ўмоваў нашай краіне замежнымі крэдыторамі …

Не міфам адзіным
Ці не занадта мы захапіліся найноўшай гісторыяй і ці не забыліся натое з чаго пачыналі, на “класавую вайну”? Не, мы амаль  гатовыя ўбачыць яе. Застаецца толькі скінуць покрыва 2-ух падзвычай распаўсюджаных эканамічных міфаў.

Мне шмат даводзіцца чуць пра тое, што: (а) магчыма, ўмовы АФ ЕўрАзЭС разам з палітыкай уладаў і вядуць да істотнага зніжэння жыццёвага ўзроўню, але яны неабходныя, “людзі жылі не па сродках, бо заробкі раслі хутчэй за прадукцыйнасць працы”; (б) “усё адно дзяржава са сваімі дзяржпраграмамі і грашовай эмісіяй толькі разганяла інфляцыі і рабіла дэвальвацыю непазбежнаю”. Абодва міфы, калі б мы былі ў стане забыцца на феномен эканамічнай рэнты, маглі б гучаць вельмі пераканаўча.
Прадукцыйнасць працы - нішто іншае, як грашовае вымярэнне вартасці прадукцыі, падзеленае на вытрачаны вытворцамі працоўны час. Пры гэтым у склад “вытворцаў” трапляе і токар ля станку, і дырэктар, і супрацоўнік “отдела снабженія”. Калі дырэктар і снабжэнец паводле агульна вядомай схемы пачынаюць атрымліваць адкаты, закупаючы ў прыватнай фірмы імпартныя камплектуючыя, як тое ўплывае на прадукцыйнасць працы? Калі збыт стабільны, то ніяк. А наём на працу ў “отдела снабженія” пляменніка, лайдака і чарговага адкатчыка? Зніжае прадукцыйнасць працы. А цяпер увага: пры чым тут токар, пры ўмове што той працуе з аднолькавай аддачай? Так, часам яго пільнасць усыпляюць падвышаючы заробак, але ж ці токар губіць сваё прадпрыемства? Заробкі, што растуць не хутчэй за прадукцыйнасць працы - гэта выдатны рэцэпт. Аднак простае назіранне аб тым, што дырэктарат не жыве з заробкаў, нішчыць яго ўніверсальнасць.

Другі міф - яшчэ прасцейшы. Эмісія (павелічэнне колькасці грошай узвароце) адбываецца нават там, дзе дзяржавы не мае да яе  аніякага дачынення. Прыватныя трымальнікі банкаўскіх ліцэнзій ствараюць крэдыт (новыя крэдытныя грошы), сукупнасць такіх дзеянняў вельмі часта мае за вынік інфляцыю. Але не заўсёды. Чаму? Таму, што важна не тое, выдаў крэдыт прыватны ці дзяржаўны банк, важна тое, хто атрымаў яго і ці выкарыстаў наноў створаныя грошы на вытворчыя мэты (гл. больш падрабязны разбор у базавым тэксце). Вытворчае выкарыстанне крэдыту (пры ўмове разумнасці макраэканамічнай палітыкі) не вядзе да  інфляцыі. Кропка!

Такім чынам, два названыя эканамічныя міфы запоўнілі нашу інфармацыйную прастору не выпадкова: 1-шы хавае ролю бягучага рэнтнагат рэжыму ў цяперашнім калапсе, 2-гі - рыхтуе глебу для яго далейшай трансфармацыю паводле сцэнароў, распісаных нашымі крэдыторамі.
Класавая вайна.
Сёй-той па ранейшаму кажа “няхай, але просты народ паспеў прыгожа пажыць, паспажываць, набыць аўто, адпаведна, нясе частку адказнасці”. Не пагаджаюся, і вось чаму: любая краіна, дзе прыватны гандаль робіць 100% нацэнкі на кітайскі і турэцкі кантрабас і не мае праблем з попытам, не можа лічыцца спажывецкім раем. Любы чалавек, які жыў працяглы час за мяжою і хадзіў па тамтэйшых крамах, мяне зразумее. Прыбыткі рознічнага гандлю - і гэта сапраўдная ўнікальнасць “беларускай мадэлі” - былі яшчэь адной формай эканамічнай рэнты.

Тыя, хто спрабаваў весці ў РБ прыгожае жыццё, пераплачвалі. Фактычна, сітуацыя нагадвала вядомы анекдот. Дзядзька прыходзіць на Вялікдзень да тэрапеўта і скардзіцца на горла, той яму кажа распранацца, бярэ зялёнку, часткова фарбуе інтымнае месца, робіць запіс у картцы, а затым скіроўвае яго да акуліста. У акуліста сцэна паўтараецца, пасля акуліст ізноў вяртае яго да тэрапеўта. Тэрапеўт загадвае яму распрануцца яшчэ раз, чытае напісанае ў картцы, а пасля нарэшце глядзіць яму горла і выпісвае лекі. Вярнуўшыся дахаты дзядзьку бярэ цікавасць навошта было ўсё тое фарбаванне, ён адчыняе картку і чытае: “- Хрыстос уваскрос, Іван Іванавіч. - Сапраўды ўваскрос, Пятро Пятровіч!” … Нешта падобнае адбывалася і з усімі намі: замест простага аплачвання кошту тавару ці паслугі і сціплай маржы, мы фінансавалі “фармацію красівых людей, ізбранных націей” і іх фанабэрыю.
Замест эпілогу.

Калі вы дачыталі да гэтага месца, але пададзенае вышэй апісанне вам падалося спрэчным, паспрабуйце прынамсі пагадзіцца вось з якой думкаю: нават калі ў крызісе-2011 вінаватыя ўсе, сціскаючы рэальны сярэдні заробак і часова вырашаючы такім чынам праблему ў знешнім гандлі краіны, мы вырашаем яе пераважна за кошт тых, хто жыве з заробку; частка з іх упадзе ніжэй рысы галечы, апусціцца, пяройдзе з гарэлкі на чарніла … ці ж гэта зробіць жыццё прадстаўнікоў іншых класаў больш бяспечным ды прыемным, а гонар за краіну большым? Так, у капіталістычных грамадствах усе узбагачаюцца паасобку, але губляюць прыгожую будучыню калектыўна … скрадзена адсюль

беларусь, эканоміка

Previous post Next post
Up