Суседзі і іх прывід рэвалюцыі

Dec 08, 2011 15:19


Пачатак зімы. Ізноўку снежань. Без завей… Так, трошкі снегу. Шэра. І нейкі эфект déjà vu. У галаве круцяцца супярэчлівыя думкі, якія ніяк не могуць аформіцца канчаткова, лагічна. Не працуе ЖЖ. Не загружаюцца некаторыя інфармацыйныя сайты… Выбары! Зноўку выбары, хоць і не ў нас, а ў суседзяў.

У РФ у мінулую нядзелю адбыліся парламенцкія выбары. Не абышлося без фальсіфікацый. Не абышлося без укідвання “левых” бюлетэняў. Не абышлося і без пратэстаў у гэты раз.

Панядзелак. Мітынг апазіцыі на Чыстых Прудах у Маскве. 8000 тысяч чалавек прыйшлі выказаць пратэст супраць вынікаў парламенцкіх выбараў. Частка дэманстрантаў прарвала ланцуг ачаплення і падышла да Лубянкі. Нельга шпацыраваць там, дзе шпацыраваць не дазволена. Разгон. Сотні затрыманых начавалі ў міліцыі... Прабачце, ужо паліцыі!

Аўторак. Зноўку Масква. Трыўмфальная плошча. Ужо сотні дэманстрантаў. Траціна затрымана.

Расія прачынаецца? - задаюць сабе пытанні беларускія блогеры.


Не факт. Проста камеры фотакораў і там таксама зафіксавалі твары і морды. Абыякавых і неабыякавых. Людзей сярэдняга ўзросту. Бабулек. Хлопцаў і дзяўчат з разумнымі і добрымі вачыма.

Ёсць шмат падобнага. І мы, і яны - часцінкі агромністай савецкай імперыі. Беларусь - часцінка Еўропы таксама - і мела шанец ў Еўропу вырвацца: хочацца верыць, што гэты шанец мы яшчэ зможам скарыстаць… Суседзі-расіяне… У іх свае шансы. І было б цудоўна, каб іх рэвалюцыя не стала яшчэ адным бальшавіцкім пераваротам.

Што яшчэ заўважаеш? Расійскі АМАП не такі адкормлены. І аўтазакаў “талковых” няма. Грошай пашкадавалі? Маглі б пазычыць у суседзяў. Суседзі былі палігонам для эксперыментаў - і цяпер могуць даваць майстар-класы. Яшчэ і грошы за іх браць!

Дар'я Ліс, Радыё Рацыя.
http://new.racyja.com/dar’ya-lis/susedzi-i-ikh-pryvid-revalyutsyi

журналістыка, фельетоны для Радыё Рацыя

Previous post Next post
Up