Адседзецца ў бункеры

Jan 15, 2011 12:19


Зіма. Шэра. Раніца. Кава. Стары новы год. Нашы адвечныя беларускія парадоксы. Парадоксы, парадоксы, паранойкі. Не, спадар Марціновіч, вы былі неасцярожны, калі напісалі такі раман - «Параноя». Ён ужо пачынае спраўджавацца!

Навіны. Адсутнасць чагосьці кардынальна новага. Таму што нічога - новага.


Зноўку вобшукі і допыты. Стары па стылю «кампрамат» на старонках «самай масавай газеты» РБ. Тут цалкам меў рацыю прафесар Прэабражэнскі. Не чытайце савецкіх газет! Не чы-тай-це. Беларускіх дзяржаўных - так-са-ма. Таму што дзяржава хворая. Вы хочаце «падчапіць» чарговы дрэнны вірус незразумелага паходжання? Не? ОК. Не чытайце адыёзных газет. Не глядзіце адыёзнае ТБ. Не перашкодзіць паберагчы здароўе, дакладней, не варта яго растрачваць на нявартыя таго рэчы.

Але, супярэчнасць. Нельга заплюшчваць вочы на хлусню. Так, можна адседзецца ў бункеры. У сваім маленькім свеце. У замку, пабудаваным з пяску ці паветра. І сніць ружовыя сны на яве. Можна. Але, ці шчыра? Ці мы гэта будзем.

Зразумела, не ўсё могуць пайсці на Плошчу ды прыняць удзел у чарговай акцыі пратэсту, што перыядычна здараюцца ў Беларусі. Рэальны факт - не кожны пойдзе. Не кожны можа. Людзі - розныя. Але хтосьці пайшоў. І хтосьці дапамагаў затрыманым, а хтосьці - не, хоць быў у Мінску. І не цяжка было хоць нейкія рэчы завезці на офіс БНФ. Падтрымаць маральна ці фінансава. Таму што гэта балюча - быць бліжэй да болю. Тады ўсе пясчаныя замкі адразу ж разбураюцца. І твае дэпрэсіі губляюць сваю значнасць. І з’яўляецца нешта больш важнае. Салідарнасць? Так. Салідарнасць і сяброўства ў Беларусі ёсць.

І ўсё вяртаецца, спадарства. Пытанне часу.

Дар’я Ліс, Радыё Рацыя
http://new.racyja.com/dar%E2%80%99ya-lis/adsedzetstsa-u-bunkery

Мае фельетоны на Рацыі

Previous post Next post
Up