Калядныя цуды ўказам не адменіш

Jan 07, 2011 13:06


Шызафрэнія - непрыемная рэч. Факт. Як заўжды ў такіх сітуацыях, пакутуюе і сам пацыент, і навакольныя.

Праявамі шызафрэніі (ці падваення асобы) у Беларусі можна лічыць і падвойнае святкаванне Калядаў: каталіцкага, і праваслаўнага Раства. Новага года і "старога" Новага года. Жыццё ў двайных стандартах ды падвоеных календарах. Жыццё "паміж", паміж двух агнёў, паміж двух светаў.



Не святкуючы Раство 25 снежня, адчуваеш яўны душэўны дыскамфорт ды адарванасць ад усяго цывілізаванага свету, дзе ўжо паўсюль - елкі, падарункі, калядныя рамантычныя фільмы. І служба ў храме. І сям’я збіраецца разам за сталом. І наперадзе - сустрэча Новага года.

Праявамі шызафрэніі ў Беларусі можна лічыць святкаванне Калядаў двойчы, і двойчы - Новага года.

А з іншага боку - гэта проста шанец. Шанец для людзей, якія не паспелі. Не паспелі адчуць, убачыць, зразумець. Цуд. Цуды... Ці ажыццявіць іх. Зрабіць цуд для іншых!

Шанец для нацыі, што адвеку спазняецца. Шанец нацыі - адчуць, убачыць, зразумець... Сябе перш за ўсё. Зрабіць штосьці важнае. Зрэшты, апошнім часам мне хочацца пагадзіцца са спадаром Зісерам: беларусы - нацыя праграмістаў. Дакладней, маюць шанец ёй стаць.

Пад Новы год хакеры з Беларусі ламанулі кампутары амерыканскага ўрада. Паслалі спадарству адзін з варыянтаў віруса "Зеўс Траян" пад выглядам святочнай паштоўкі з прыгожай елачкай. І колькі ж казалі свету: не хадзіце па ненадзейных спасылках! Інакш вашы важныя дакументы апынуцца на якім-небудзь серверы якой-небудзь спакойнай еўрапейскай краіны.

З Калядамі... Цуды яшчэ ніхто не адмяняў: тут указаў недастаткова. Не дапаможа нават самы страшны - чарговы - рэферэндум.

Дар’я Ліс, Радыё Рацыя, http://new.racyja.com/dar’ya-lis/kalyadnyya-tsudy-ukazam-ne-admenish



думкі, Мае фельетоны на Рацыі, Каляды

Previous post Next post
Up