Nov 20, 2010 16:36
Нашу дзяржаву чакае грандыёзная палітычная падзея - выбары прэзідэнта. Зрэшты, такая палітычная падзея паўтараецца з перыядычасцю раз у пяць гадоў па аналагічным сцэнары, таму значна губляе сваю грандыёзнасць. Застаецца адыёзнасць.
І калі сталіца - па традыцыі! - трошкі "пабушуе", пабурліць да падзеі "ікс" і постфактум, то правінцыя застаецца ўбаку. У правінцыі ўсё традыцыйна спакойна. Нельга сказаць, што тут катастрафічна не хапае інфармацыі ў параўнанні з горадам. І ў горадзе, і ў правінцыі інфармацыі пра альтэрнатыўных Аляксандру Рыгоравічу палітыкаў аднолькава мала. І ў правінцыі чытаюць апазіцыйную прэсу, "ловяць" Рацыю ці Свабоду, глядзяць Белсат. І ў правінцыі ёсць хуткасны інтэрнэт. Няма аднак аднаго - зацікаўленасці палітыкай. Беларуская вёска - асобны свет.
Асабліва заходнебеларуская вёска. Тут свой менталітэт і свае правілы. Тут людзі заўжды разлічвалі і разлічваюць перш за ўсё - на сябе. Няма спадзявання на ўладу, няма веры ў тое, што іншы прэзідэнт (прэзідэнты) дапаможа вырашыць іх праблемы, пабітыя ліхтары ды дрэнныя дарогі.
Чалавек з заходнебеларускай вёскі разумее, што праца і толькі праца вырашае яго праблемы. І калі ён не злоўжывае алкаголем ды не лянуецца, то... будуе дом, робіць добры моцны плот, саджае сад і гадуе дзяцей. Гэта тое, што ён рэальна можа змяніць. Гэта - ягоная зона кантролю.
Вось, калі ён зразумее, што можа змяніць больш, нешта атрымаецца насамрэч. У правінцыі ёсць свой патэнцыял - людзі. Да правінцыі ж справы нікому няма... Дзе станцыі абезжалезвання няякаснай пітной вады? Дзе бальніцы? Добрыя дарогі? Ліхтары, што нармалёва гараць? На гэта грошай няма. Затое ёсць на Лядовыя палацы, "Дажынкі" і некаторыя іншыя рэчы...
РАДЫЁ РАЦЫЯ,
вёска,
пафігізм ці незалежнасць?,
фельетоны,
выбары,
праца,
правінцыя