p. s. 245 год Агінскаму ў Паўночных Афінах/як гэта было...

Sep 30, 2010 22:34

Залатая восень. Шэрае неба. Вецер танчыць з жоўтым лісцем у старым парку… Не менш старога маёнтка Агінскіх у Залессі на Смаргоншчыне. На мінулых выходных - 25 верасня - прагрэсіўнае (і не вельмі) грамадства адзначала ў Залессі (і не толькі) юбілей Міхала Клеафаса Агінскага. 245 год.

У Залескім маёнтку Агінскіх свята праходзіла пад патранажам (і кантролем) аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама. Нефармальны сяброўскі каларыт свята губляўся, затое можна было набыць гарачую каву-гарбату. Дзякуй табе, арганізаваны мясцовы гандаль! Гарачай кавы на днях нараджэння Агінскага заўжды не хапала і, калі ты забываўся дома тэрмас, было крыху холадна…

Зразумела ж, галоўнае - не гэта. Галоўнае: стары палац ажыў, ажыў хоць на адзін дзень і ў яго сценах ды па-за імі гучала - музыка…



Музыка мясцовых калектываў і сталічнага - “Класік-авангард”. Дарэчы, адзін з мясцовых ансамбляў яўна спяваў пад фанеру - народ адкрыта сцябаўся! Ды абсталяванне сапсавалася. Пасярод кампазіцыі. У самы адказны момант. Прыйшлося даспяваць самастойна і гэту песнню, і наступную рэч - “Магутны Божа”. Атрымалася вельмі добра. Насамрэч.

Варта згадаць, што адна зала палаца на нейкі час ператварылася ў тэатр: госці свята маглі паглядзець п’есу пра жыццё палітыка ды кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага «Фантазія ля-мінор». Аўтар - кіраўнік Нацыянальнай камісіі па справах UNESKO і дыпламат Уладзімер Шчасны. Выканаўцы - калектыў Мінскага абласнога драмтэатра з горада Маладзечна. Варта зазначыць, што п’еса дэманстравалася і ў Залессі, і ў Маладзеча 5 год таму, да папярэдняга юбілея Агінскага.

Было прыгожа, месцамі - цікава, але чагосьці не хапала… Чагосьці прынцыпова важнага. Знаёмых твараў… Кавярні ля старога млына, дзе насамрэч здорава было б папіць смачнай кавы ў добрай кампаніі… Светлых вокнаў палаца роду Агінскіх замест цяперашніх чорных дзірак, забітых дошкамі… Еўрапейскасці… Мовы… Гісторыі… Так. Усяго і адразу.

І гэту праблему не вырашае загад Прэзідэнта пра ўключэнне Залесся ў інвестыцыйную праграму. Гэту праблему загадамі не вырашыш.

<\lj - cut>

РАДЫЁ РАЦЫЯ, журналістыка, загады прэзідэнта, фельетоны, Агінскі

Previous post Next post
Up