(no subject)

May 09, 2013 23:47

Ён не хацеў паміраць вясной, калі сады цвітуць і так прыгожа навокал, але нашы страхі бываюць мацнейшымі за нас саміх. Дзед Валодзя, мамін бацька, памер у гэтыя травеньскія дні. 18 год таму. Дзень Перамогі… Ён не лічыў сябе ветэранам. Просты заходне-беларускі хлопец, якога забралі ў “савецкую армію” ў 41-м. Потым былі цягнікі. Дарога на Ўсход, войска… Дзед распавядаў пазней, што заходне-беларускіх хлопцаў здзівіла расійская галеча і голад.

Пачалася вайна… А ўжо праз пару месяцаў - пад Масквой - малады камандзір гарматы трапіў у нямецкі палон. Пару месяцаў вайны і некалькі месяцаў палону ў лагеры пад Вялейкай - яшчэ не зразумела, што было цяжэй. Дзед узгадваў, як васьмёра таварышаў спалі на сырой халоднай зямлі - на чатырох шынялях і чатырма ўкрываліся. Елі баланду з буракоў. Мерзлі. Выжылі! Ён выжыў… Ён не ведаў, што стала з таварышамі.

Ці думаў пра ўцёкі? Не паспела спытаць. Ведаю, што дзеда з фашысцкага палону выкупіў прадзед, быццам парабка для сваёй гаспадаркі. Ведаю, што яго паволі вярталі ды жыцця і кармілі кіслай капустай ды бульбай (тыповай вясковай ежай!), але ў малых колькасцях. Далей была праца на сваёй гаспадарцы і, як прыйшлі савецкія войскі, - на чыгунцы. Пашанцавала: у савецкі лагер пасля перамогі над фашыстамі дзед не трапіў. Мог трапіць. Многія трапілі.

Нічога не паспела запытаць у прадзеда ўжо па бацькавай лініі. Нічога не паспела запытаць, бо мне было толькі чатыры гады, як яго не стала. Таго, каго забралі на фронт у 44-м. Вярнуўся без адной нагі і з другой - зусім хворай. Амаль не мог хадзіць. Дома - жонка і трое дзетак, гаспадарка… Дзед Ляксей быў добрым гаспадаром і добрым чалавекам, выгадаваў усіх унукаў і часткова нас - праўнукаў… А паміраў цяжка і трызніў, што едзе на цягніку з фронта: ірваўся дадому, не пазнаваў блізкіх, прабабулю называў медсястрычкай…

Сапраўдныя беларусы вельмі часта і ветэраны, і вязні канцлагераў, і рэпрэсаваныя вязні ГУЛАГу адначасова. Паслядоўна. Мы ж адвеку жывем паміж двух агнёў.

Усё супярэчна і балюча для кожнай амаль беларускай сям’і, што не баіцца думаць і ведаць. Сябе. Сваю сям’ю. Сваю краіну. Перамогі і паразы.

думкі

Previous post Next post
Up