Дэфіцыт зялёнага колеру з-за дэфіцыту інтэлекту?

Mar 27, 2013 20:29

Зіма затрымалася і акупавала ўжо вясновы месяц сакавік! І ўсё ж наперадзе ў нас прыгажосць, цеплыня і кветачкі. Дачакаемся.

Святло ўжо сёння б’е ў вочы і стварае пазітыўны настрой. Хочацца ўсміхацца часцей. Рухацца, працаваць і радавацца жыццю. Дыхаць на поўныя грудзі… З апошнім могуць узнікнуць пэўныя цяжкасці.

Дыхаць на поўныя груздзі… Пытанне: чым мы будзем дыхаць? Сёння нам яшчэ не пагражае кіслародны голад, але заўтра з ім могуць сутыкнуцца жыхары вялікіх і маленькіх гарадоў, мястэчак Беларусі.

Усё проста. Дрэвы. Ландшафтны дызайн у стылі мінімалізму. Зялёны калісьці горад Смаргоні ўжо нельга такім назваць. Мясцовыя службы захапіліся топінгам і палярдынгам, проста кажучы, падраўнялі кроны “слупочкамі”. Так прасцей. Думаць не трэба. Кніжкі разумныя чытаць, згадваючы батаніку і правілы ладшафтнага дызайну. Думаць у нас можна ў тым кірунку, які начальства паказвае. У начальства, між тым, сёння адзін настрой, заўтра - другі, а паслязаўтра - навігатар згубіцца.

Што ж рабіць? Дыхайце на поўныя грудзі, спадарства, і паглядзіце ў іншым кірунку.

Горад Баранавічы. Ужо Берасцейская вобласць, а падыходы да гарадскіх зялёных насаджэнняў усё тыя ж. Зачысціць. Спілаваць. Падраўняць. Не думаць… Не дыхаць?




Журналісты баранавіцкага выдання “Intex-press” (http://www.intex-press.by/ru/951/society/12970/) параўналі гарадскія фота мінулых гадоў і фота нашых дзён. І што ўбачылі? Дэфіцыт зялёнага колеру. Бетонная плітка замест кветнікаў, новыя дамы і паркоўкі замест старых і новых прыгожых дрэваў. Цэнтр горада Баранавічы ў 80-х, 90-х і нават 2000-х гадах радаваў месцічаў прахалодай у летнюю спёку і золатам лістоты ў залатую восень. Уся гэта прыгажосць (і прадуманасць!) знікла ў выніку “стараннай” працы камунальнікаў - аматараў кароткіх “стрыжак” для баранавіцкіх дрэваў.

Бульвары, паркі, сады - каштоўнасць любога культурнага чалавека! - могуць стаць рэдкім відам ландшафту ў Беларусі. Дэфіцыт зялёнага колеру з-за дэфіцыту інтэлекту? Такая залежнасць назіраецца не толькі ў Гарадзенскай ці Берасцейскай абласцях. Паўсюль. Тыя гараджане, што яшчэ не развучыліся думаць і заўважаць прыгажосць навакольнага свету, выказваюць сваю незадаволенасць. Ціха і неарганізавана. Піла працуе далей. У руках тых істотаў, што думаць не звыклі. Па загаду тых, хто думае пра пасады і прэміі, а зусім не пра тое, чым будуць дыхаць і на што будуць глядзець іх ўнукі і праўнукі.

дрэвы

Previous post Next post
Up