Пра цмокаў беларускіх (і літаратурную прэмію Гедройца:))

Mar 05, 2012 14:49

Пэўна, не дарма грамадская кампанія “Будзьма беларусамі” актыўна піярыць цмока ў якасці аднаго з сімвалаў Беларусі. Ды і казкі, казкі беларускія шчыльна “заселены” гэтымі крыважэрнымі істотамі.

У душы кожнага беларуса жыве цмок. Ці некалькі цмокаў. Адзін з самых актыўных - цмок па мянушцы “Зайздроснік”. Хто такі цмок беларускі? Слова фалькларыстам і слоўнікам!

“Цмок жыве і дзейнічае сам па сабе, яго не любяць іншыя нячысцікі з-за яго фанабэрыстасці”…

“Па прыродзе цмок лянівы”… Аднак калі ён падступіўся да ахвяры - абавязкова дамучыць яе, папярэдне ўзважыўшы, ці варта ўвагі і парушанага спакою; калі не - Цмок пагардліва адварочваецца, пакідаючы яе іншым нячысцікам”…

“Гэта найстрашнейшы звер на свеце; дзе ён жыве, ці ў лесе, ці на воблаках, то няведама, бо ён і па паветры лятае”… Федароўскі меў рацыю?

Цмок па мянушцы “Зайздроснік” любіць падглядаць за суседзямі. Вось хтосьці пабудаваў шыкоўны дом - чаму не я? Вось у яе цудоўны муж - чаму не ў мяне? Вось у кагосьці добрая праца і шмат грошай - чаму не мае? Чаму не мне? Чаму?

Цмок па мянушцы “Зайздроснік” любіць падглядаць за іншымі. Лічыць іх поспехі. Здабыткі. Грошы. Кнігі. Прэміі… Спадарства, дрэсіруйце сваіх цмокаў. Змагайцеся з імі. Вучыцеся радавацца за іншых. Інакш вашы цмокі зжаруць ваш талент і ваш спакой. Нічога не застанецца. Шкада будзе!

фельетоны для RR, менталітэт

Previous post Next post
Up