Дзейныя асобы Хронік:
Даша, 35 гадоў
Сярожа, 41 год
Дамінік, 16 гадоў
Стэфік, 5 гадоў
Кот Піксель, 6 гадоў (на вока)
ДЭКАДА І
Наш лістапад пачаўся 31-га кастрычніка, калі я атрымала мэйл са Стэфікава садочка: у выхавацелькі ў нашай групцы-кавід, групка ад заўтрашняга дня на тыдзень сыходзіць на каранцін. Ну штош, Стэфан заслужыў восеньскія канікулы.
2 лістапада, у аўторак, Сярожа раптам захістаўся, аслаб і злёг з тэмпературай 37.8. Доктар, да якога ён споўзаў, вынес вердыкт “ВРВІ” ды параіў адляжацца дома. Сярога дзейнічаў строга з доктаравымі запаветамі: узяў бальнічны, ляжаў, накрыўшыся катом, піў гарбатку, а для ўзмацнення імунітэту глядзеў “Вікінгаў” і “Уладара пярсцёнкаў” у перакладзе Гобліна. Ужо ў суботу Сярожу добранька папусціла, ён збольшага ачомаўся-толькі зрэдку выціраў самотную саплю.
4 лістапада, у чацвер, Стэфан пачынае кашляць, у яго падымаецца тэмпература. У пятніцу, 5 лістапада, мы вырашаем скарыстацца магчымасцю і адвозім яго на бясплатны (паколькі ён кантакт 1-га ўзроўню) ПЦР. Стаім у чарзе на двары 45 хвілін (хоць усе па запісу на канкрэтны час), я актыўна шкадую, што не паддзела пад джынсы калготанькі: the winter is coming. Калі мы ўрэшце вяртаемся дадому, намерваем Стэфану 38.5. Распранаючы яго на сон, бачым сып па ўсім целе. І тут я ўзгадваю пра пост у фэйсбучыку месячнай даўніны, у якім вялося пра тое, што ў садку было некалькі выпдкаў ахвату. Бінго! Пазл склаўся. Адпраўляем Дамініка ў аптэку па мазі-шмазі.
У суботу, 5 лістапада, прыходзіць вынік Стэфанава ПЦР-станоўчы. З гэтага моманту Стэфан абавязаны 10 дзён быць на ізаляцыі, мне на нумар па некалькі разоў на дзень тэлефануе аўтаадказчык і паўтарае, што Стэфан ЛісіХонак мусіць сядзець дома. Мы ўсе (Сярожа, Дамінік і я) маем цяпер таксама права на бясплатны ПЦР.
У нядзелю, 6 лістапада, у мяне падымаецца тэмпература да 37.2. Для мяне гэта адчувальна на тле маіх звычайных 36.2 з нацяжачкай. Я хаджу ўся такая ў азнобе і з галаўным болем. Але галаўны боль-мой часты спадарожнік, то я не асабліва на яго зважаю. Да вечара ўсё рассмоктваецца, тэмпература вяртаецца да нормы.
У Стэфана на выходных, тым часам, спала тэмпература, мы па некалькі разоў на дзень змазваем на ім болькі белым аксідам цынку, праз што Стэфан нагадвае снежнага барса. А сіла волі ў гэтага хлопца, скажу я вам, усім на зайздрасць: болькі не чухае, на лёс не наракае, жартачкі адпускае. (Усё гэта ад мацеры, канешне.)
У панядзелак, 8 лістапада, Сярожа з Дамінікам ідуць здаваць ПЦР (я застаюся дома з ізаляваным Стэфам). Ужо ўвечары прыходзяць вынікі: абодва станоўчыя. Сярожа з Дамінікам цяпер таксама на ізаляцыі-да 18-га ўключна.
9 лістапада ПЦР запланаваны ў мяне. Але ягоны вынік я магу прадказаць яшчэ зраніцы: у мяне зніклі смакі і пахі.
Але ПЦР я самааддана іду здаваць: тут анлайн-сістэма прапануе некалькі лакацый здачы у тваім раёне. Я ў панядзелак тыцнула ў знаёмую вулку на экране смартфона, зарэгілася на дакладны час. Але калі ў аўторак я прыйшла па абраным адрасе, высветлілася, што гэты пункт здачы ПЦР - гэта drive-through. То-бок, ты пад’яжджаеш на машыне, прыпускаеш вакенца і ў цябе бяруць мазок з носу. ПЦРны Макдональдс, бляха!! На маё адчайнае пытанне “А што, калі няма машыны?!”, лабарант, якога я здолела вышчыміць, мітусячыся на дарозе паміж машынамі, пацепнуў плячыма: “Выклікайце таксі!”
Што я і зрабіла. Хутка прыехаў Убер з украінскім кіроўцам. На маё здзіўленне, ён без лішніх пытанняў прыладзіўся ў чаргу машын. Проста ён не ведаў, колькі нам давядзецца там прастаяць. Як і я сама. Чарга рухалася павольна: хвілінаў 7 мы стаялі на месцы, а потым праяжджалі наперад паўметры. Праз 15 хвілінаў такіх мытарстваў Дмытро заглушыў рухавік і выйшаў пакурыць. Праз 20-уключыў на тэлефоне нейкі рускі серыял пра рэстаран. Праз 40-сказаў, што ў яго праз паўгадзіны сканчваецца змена і яму трэба забраць з працы жонку. Праз гадзіну яму патэлефанавала жонка. Я ўжо пачала пралічваць, што я буду рабіць, калі ў Дмытро скончацца змена і цярпенне. У якую машыну лепш пачаць ламіцца: тую, якая наперадзе, ці тую, якая ззаду? Лепей ў тую, што спераду: там дзеўка за стырном у шапцы з пумпонам, а злых людзей з пумпонамі не бывае. А што я ёй скажу? “Мой таксоўшчык з’ехаў па жану, яна больш не магла чакаць!” Або без прэлюдый: “Вазьміце мяне да сябе ў машыну! Я не палю, п’ю ўмеранна. Магу працерці вам люстэрка. Магу заспяваць “Hej, sokoly!”
Пакуль я раздумвала, як націснуць на шкадобу ў польскай кабеты з пумпонам, Дмытро павярнуў у двор паліклінікі і тым самым адрэзаў сабе шляхі да адступлення: выезд тут быў толькі адзін-наперадзе, за пунктам drive-through ПЦР. Цяпер украінец практычна быў у мяне ў закладніках. Дарэмна яму каторы раз тэлефанавала жонка. “Заняты я ішшо,”-без лішніх падрабязнасцыў канстатаваў ёй Дмытро. А яшчэ ён, пачуўшы, як квакае мой мабільнік на мяжы смерці, працягнуў мне падзарадку. Час ад часу ён выходзіў пакурыць і зрэдку цяжка ўздыхаў.
Гадзіну сорак. Гадзіну сорак прастаялі мы ў чарзе да drive-through. Я, канешне, апроч убераўскага тарыфу, накінула Дмытру зверху яшчэ 60 злотых наяўнымі, за ягоны дзэн.
10-га, у сераду зраніцы, мне прыйшоў станоўчы тэст на кавід. Наш маленькі лепразорый афіцыйна зачыніў свае дзверы ад вялікага свету. У 21.00 таго ж дня мы адчынілі балкон, каб праветрыць, а ў 21.15 я напаўголаса мацюкалася, гледзсячы на кашака, які паспеў падчас праветрывання спікірваць на балкон да нашых суседзяў знізу. Кашак актыўна мацюкаўся ў адказ. На шчасце, сусед знізу быў дома, таму кот-мацершыннік паспяхова вярнуўся дадому, голасна абураючыся і дзёрзка паводзячы вусам. Мы ўсе паржалі ды патролілі Пікселя наконт таго, што замест каранціну з нашай сямейкай ён выбраў самагубства... А кашак тым часам схадзіў у туалет- і насікаў паўлаткі крыві. Таму што які ж лепразорый без хворага ката?!
І вось, значыць: 21.30, серада. Заўтра ў Польшчы-выходны дзень (Дзень Незалежнасці). І мы такія-на ізаляцыі, штраф за парушэнне ізаляцыі-пару тышш эўра. І кашак пасікаў крывёй.
Але паколькі мы шанцоўныя бестыі, нам на дапамогу прыйшлі нашыя ўкраінскія суседзі з першага паверху: яны завезлі Пікселя ў кругласуткавую ветэрынарку на раёне, дзе яго памацалі, упэўніліся, што жыццю нічога не пагражае, ўшпілілі ўкол і загадалі прыйсці заўтра на ультрагук.
Мы выдыхнулі: крыза мінула, як і першая дэкада лістапада. А што нам ізаляцыя? Ну, пасядзім. Некаторыя падаўжэй сядзяць і не жужжаць.