Oct 24, 2012 17:18
Акурат тры гадзіны таму я пазяхнула, справадзіла туманным вокам рэшткі сонца, якое тапілася ў хмарах, і ўрэшце ськінула з ног ваўняныя шкарпэткі-- ў іх было сьпякотна, дужа сьпякотна спаць. Пераапранацца мне было ня трэба: я проста скацілася з ложку і пайшла есьці кашу з бананам.
У мяне выдаўся даўгі аўторак. Я была на нагах а дзявятай і лётала па розных ня збыт цікавых справах. А дванаццатай мне патэлефанавалі і замовілі пераклад на 10 старонак. Я прынялася за яго а 15-ай: пакутліва гугліла бізнэс-лексіку зь яе пуламі пераемнікаў, міжфункцыянальным мэнэджмэнтам і лідэрскімі якасьцямі. А 21-ай я адукавалася, пераклала большую палову тэкста і пайшла глынуць гарбатанькі з зэфіркай.
Калі я вярнулася, мой ноўтбук сказаў: "Ведаеш, я стаміўся, я сыходжу."-- "Не! Толькі ня зараз! У цябе ж палова майго перакладу! А як жы пулы пераемнікаў?!"-- нема ўскрыкнула я. Ноўтбук абыякава паціснуў плячыма.
А 22.30 я пачала наноў перакладаць тэкст, працуючы на бацькоўскім ноўце. На стале ў паўвухі спала Муляновіч; на двары браўся марозец (так казалі). Празь нейкі час Муляновіч са стала перабралася на ложак-- пад маёй коўдрай ёй спалося лепш.
А 6.47 я адаслала гатовы пераклад-- на гадзіну раней за дэдлайн. Я выключыла ноўт і апранула куртку: прысьпеў час падвозіць бацьку да мэтро-- а 7.45 адыходзіў ягоны цягнік на Вільню. А 7.00 мы выйшлі з дому і ўдыхнулі цёмнага, як халера, і марознага (праўду казалі) паветра.
А 7.04 я грызла пазногцямі лабавое шкло сваёй машыны, слой лёду на якім намякаў, што пара набываць зімовыя боты. А 7.09 тата задумліва мовіў "Да, хуёвы ты кіроўца, калі ў цябе нават няма скрабка..." і выклікаў таксі. Таксі паабяцала прыехаць праз 9 хвілінаў, тата адказаў "Ах, праз дзевяць будзе ўжо позна!.." і кінуўся напярэймы нейкай машыне, якая праяжджала побач. Эфэкт нечаканасьці спрацаваў: ананімны кіроўца забраў тату, ягоны вазок і павёз яго ў цемру. Я на аварыічцы, высунуўшы галаву праз бакавое шкло, цішком паўзла назад на стаянку (так, я правезла тату мэтраў 500 у замарожанай машыне-- было весела, але неканструктыўна).
Сакавіты нюанс: зь месяц таму я гэтаксама падвозіла маці-- яна зьяжджала тым жа віленскім цягніком а 7.45. Мы выйшлі з дому а 7.10. Шкло машыны было незамерзлым, але мяне падпёрлі. Я, скамечаная, тузала машыну сюды-туды, час ішоў. А 7.14 я папрасіла маці выйсьці з машыны і падказваць мне, каб я не мясіла добрасуседзкія бампэры. Мама ўпэнена выйшла, перасунулася за маю машыну і а 7.15, абвяшчаючы ўсім жыхарам вуліцы Шугаева, што надышоў новы цудоўны дзень, залямантавала, калі яе правая нага апынулася ў цесных абдымках бампэраў маёй машыны ды таго аўто, якое падперла мяне ззаду. Прыкладна за 40 сэкундаў мама прайшла наступныя стадыі: "Я паміраю-Я зламала нагу і нікуды не паеду-Я зламала нагу і паеду, бо маю чужы квіток, які трэба аддаць чалавеку-Я не зламала нагу і паеду-Выклікай таксі-Для таксі позна-Усё прапала!-А можа і не прапала-Давай хутчэй выяжджай!!!"
І я выехала. Ледзь не задушыўшы нейкага пудзеля, які выгульваў дзеўку, я разьвярнулася на ходніку і паддала газу ў атмасфэру. Мама пасьпела на цягнік. Мама не зламала нагу, затое цягам двух наступных тыдняў горда дэманстравала акрылава-фіялетавы сіняк на сваім правым калене. Мама на мяне не крыўдавала, бо, па яе словах, на сваіх дзяцей крыўдаваць немагчыма.
Тата, дарэчы, таксама пасьпеў на цягнік. Тым ня менш, таксоўшчыкам мне ня быць.
Хаця...