Jul 31, 2012 23:09
Ужо месяц. Я дома, па-за домам і нават зусім ня там.
Зьезьдзіла ва Ўкраіну, дзе афіцыйна пабыла шыбенікам, беручы ўдзел ў польска-беларуска-ўкраінскім тэатральным праекце; была пакусаная суровым кляшчом-бэндэраўцам, якога ўдалося вынуць з маёй салодкай нагі толькі браваму львоўскаму хірургу (які, ў сваю чаргу, думаў, што я размаўляю зь ім па-польску і прасіў медсястру, каб яна перакладала, і з палёгкай выдыхнуў, калі я патлумачыла, што я гутару на братэрскай беларускай); была амаль пазбаўленая скальпа харошай шасьцігадовай дзяўчынкай Аленай, якая ўзялся "рабіць зь мяне чалавека" і ўпрыгожваць маю фрызуру на свой густ; спазнала, што такое "тролінг", калі кельнер у львоўскай рэстарацыі, дзе мы заўжды елі і я пастаянна нагадвала, каб мне падавалі вегетарыянскія стравы, паставіўшы перада мной дэсэрт, мовіў: "Ён бязь мяса!" У той жа рэстарацыі іншы кельнер перакуліў мне на нагу кубак гарачае кавы-- пэўна, для сімэтрыі: клешч грыз маю левую нагу, а кава апякла правую. Карацей, я лічу, што вандроўка задалася.
Ячшэ мы з Малпамі зьезьдзілі дзікунамі на азёры ля Паставаў. Жылі ў намётах, кіпяцілі гарбату ў пляшках з-пад літоўскага бальзаму, шукалі і знаходзілі ў гушчарах лісічкі, зьбіралі проста ў рот чарніцы, давалі нырца (па сваёй і па чужой волі) у азёрныя глыбіні, дзівіліся на белыя гарлачыкі і лыжкамі елі згушчонку. А камары і сьляпні елі нас. Але мы не давалі ім спуску і сьпявалі на іх.
У мяне загарэлі і выцягнуліся ногі, пад пазногці забіўся лясны пыл і валасы пахнуць азёрнай вадой.
Наперадзе жнівень і яшчэ лепш.